Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЎТУ́РЫ (ад сярэднелац. chartularium памінальны спіс нябожчыкаў),

цыкл сямейных звычаяў і абрадаў, звязаных з ушанаваннем памяці нябожчыка праводзінамі яго ў апошні шлях; тое, што і пахаванне. Х. наз. таксама жалобны стол пасля пахавання.

т. 16, с. 562

ХАЎХО́ЛІЦА,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнЗ ад горада і 30 км ад чыг. ст. Барысаў, 100 км ад Мінска. 492 ж., 145 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 16, с. 563

ХА́ФЕЛЬ (Havel),

рака ў Германіі, правы прыток р. Эльба. Даўж. 341 км, пл. бас. 24,4 тыс. км². Пачынаецца на Мекленбургскім паазер’і, цячэ па Паўн.-Германскай нізіне цераз шэраг рэк і вадасховішчаў. Асн. прыток — р. Шпрэе (злева). Сярэдні расход вады каля 80 м³/с. Злучана каналамі з рэкамі Одэр і Эльба. Суднаходная пры дапамозе каналаў і шлюзаў. На Х. — гарады Берлін, Патсдам, Брандэнбург.

т. 16, с. 563

ХАФІ́З, Гафіз,

Хафез (сапр. Шамседдзін Махамед; каля 1325, г. Шыраз, Іран — 1389 ці 1390),

персідскі і таджыкскі паэт. Атрымаў багаслоўскую адукацыю і праславіўся як «хафіз» (чалавек, які ведае на памяць Каран). Вершы пачаў пісаць рана. Асн. жанр — газелі (больш за 400), у якім дасягнуў дасканаласці. Яго лірыка простая, перадае розныя адценні чалавечых пачуццяў, вызначаецца гармоніяй зместу і формы, зліццём думкі, жывапісу і музыкі. Апяваў каханне, віно, зямное шчасце. Выказваў незадаволенасць рэчаіснасцю, асуджаў духавенства. Зведаў уплыў суфізму і містыцызму.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. Уфа, 1973;

Сто семнадцать газелей. М., 1981;

Газели. 2 изд. М., 1984.

т. 16, с. 563

ХАФУ́Н, Рас-Хафун,

мыс на п-ве Самалі (дзяржава Самалі), самы ўсходні пункт Афрыкі (51° 23′ усх. д. і 10° 26′ паўн. ш.).

т. 16, с. 563

ХАХЛАМСКА́Я РАЗМАЛЁЎКА,

рускі нар. маст. промысел размалёўкі па дрэве. Узнік у 2-й пал. 17 ст. на тэр. сучаснага Кавернінскага р-на Ніжагародскай вобл. Назва ад с. Хахлама — цэнтра збыту вырабаў. Х.р. ўласціва арыгінальная тэхніка афарбоўкі дрэва пад залацісты колер без выкарыстання золата. Вытачаныя прадметы (пераважна посуд) грунтавалі растворам гліны, сырым ільняным алеем і парашком волава (у сучасных вырабах алюмінію), па слоі якога выконваўся расл. ўзор. Потым посуд пакрывалі лакам з ільнянога алею і загартоўвалі пры высокай тэмпературы ў печы. Каларыту Х.р. ўласціва спалучэнне чырвонага і чорнага колераў з залацістым. Пашыраныя тыпы размалёўкі — «верхавая» (чырвоным і чорным на залацістым фоне) і «пад фон» (залацісты сілуэтны малюнак на каляровым фоне). З 1960-х г. вырабляюцца на Сёмінскай ф-цы маст. вырабаў «Хахламскі мастак» (на радзіме промыслу) і Вытворчым маст. аб’яднанні «Хахламская размалёўка» ў г. Сямёнаў.

Літ.:

Красильников А.В. Золотая Хохлома. Горький, 1980;

Хохлома: Фотоальбом. М., 1980.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Хахламская размалёўка. Пудраніца. 1979.

т. 16, с. 563

ХАХЛО́Ў Аляксей Гаўрылавіч (н. 24.11.1917, р.п. Ртутны Руднік Данецкай вобл., Украіна),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1953). У 1935—38 настаўнік, на культ.-асв. рабоце ў Курскай і Арлоўскай абл. Удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1952 рэферэнт, з 1953 вучоны сакратар Савета па каардынацыі навук. дзейнасці Прэзідыума АН БССР. З 1964 у політэхн. ін-це (з 2002 Бел. нац. тэхн. ун-т). Даследуе гісторыю Беларусі 1917—25.

Тв.:

Коммунистические части особого назначения в Белоруссии. Мн., 1974;

Крах.антисоветского бандитизма в Белоруссии в 1918—1925 гг. Мн., 1981.

т. 16, с. 563

ХАХЛО́Ў Васіль Сідаравіч (26.1.1900, г. Даўгаўпілс, Латвія — 22.8.1956),

генерал-палкоўнік артылерыі (1944), правадз. чл. Акадэміі артыл. н. (1946), прафесар. Беларус. Скончыў ваен. акадэміі імя Дзяржынскага (1933) і імя Фрунзе (1938). З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, баёў на Зах. фронце, падаўлення антыбальшавіцкіх яраслаўскага і кранштацкага паўстанняў. З 1935 на ваен. выкладчыцкай і н.-д. рабоце. У Вял. Айч. вайну арганізатар і кіраўнік канструктарскіх бюро. З 1945 нач. акадэміі імя Дзяржынскага, да 1952 у Сав. Арміі.

В.С.Хахлоў.

т. 16, с. 563

ХАХЛО́Ў Канстанцін Паўлавіч (1.11.1885, Масква — 1.1.1956),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1908). З 1908 акцёр Малога Маст. т-ра, з 1921 акцёр, гал. рэжысёр ( з 1954) Вял. драм. т-ра ў Ленінградзе, з 1925 рэжысёр Ленінградскага акад. т-ра драмы, з 1931 — Малога т-ра. У 1938—54 маст. кіраўнік, гал. рэжысёр Кіеўскага рус. т-ра імя Л.​Украінкі. З 1922 выкладаў у Тэатр. вучылішчы імя Шчэпкіна, Кіеўскім і Ленінградскім (з 1946 праф.) тэатр. ін-тах. Сярод роляў: Карэнін («Жывы труп» Л.​Талстога), Гарацыо, Марк Антоній («Гамлет», «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра), Ялецкі («Нахлебнік» І.​Тургенева) і інш. Паставіў: «Блізняты» Плаўта (1923), «Настаўнік Бубус» А.​Файко (1925), «Даходнае месца» (1928) і «Ваўкі і авечкі» (1935) А.​Астроўскага, «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1928), «Ворагі» (1933, 1951) і «Зыкавы» (1940) М.​Горкага, «Каменны ўладар» Л.​Украінкі (1939, 1946), «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943, 1944), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1945), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1946), «Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана (1955) і інш. Яго рэжысёрскія работы адметныя жыццёвай праўдай, дакладнай перадачай задумы аўтара. З 1916 здымаўся ў кіно: «Кастусь Каліноўскі», «Вялікі суцяшальнік», «Падарожжа на Арзрум».

Л.​В.​Календа.

т. 16, с. 563

ХАХЛО́Ў Павел Акінфавіч (2.8.1854, с. Вусце Пензенскай вобл., Расія — 20.9.1919),

рускі спявак (барытон); прадстаўнік рус. класічнай школы. Скончыў Маскоўскі ун-т (1878). Займаўся ў А.​Аляксандравай-Кочатавай, Ф.​Ранконі і інш. У 1879—1900 у Вял. т-ры ў Маскве, адначасова ў 1881 і 1887—88 у Марыінскім т-ры. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна). Інш. партыі: Святлейшы, Ялецкі («Чаравічкі», «Пікавая дама» Чайкоўскага), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна).

Літ.:

Яковлев В. П.​А.​Хохлов. М.; Л., 1950.

т. 16, с. 563