ХАХЛО́Ў Канстанцін Паўлавіч (1.11.1885, Масква — 1.1.1956),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1908). З 1908 акцёр Малога Маст. т-ра, з 1921 акцёр, гал. рэжысёр ( з 1954) Вял. драм. т-ра ў Ленінградзе, з 1925 рэжысёр Ленінградскага акад. т-ра драмы, з 1931 — Малога т-ра. У 1938—54 маст. кіраўнік, гал. рэжысёр Кіеўскага рус. т-ра імя Л.Украінкі. З 1922 выкладаў у Тэатр. вучылішчы імя Шчэпкіна, Кіеўскім і Ленінградскім (з 1946 праф.) тэатр. ін-тах. Сярод роляў: Карэнін («Жывы труп» Л.Талстога), Гарацыо, Марк Антоній («Гамлет», «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра), Ялецкі («Нахлебнік» І.Тургенева) і інш. Паставіў: «Блізняты» Плаўта (1923), «Настаўнік Бубус» А.Файко (1925), «Даходнае месца» (1928) і «Ваўкі і авечкі» (1935) А.Астроўскага, «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1928), «Ворагі» (1933, 1951) і «Зыкавы» (1940) М.Горкага, «Каменны ўладар» Л.Украінкі (1939, 1946), «Нашэсце» Л.Лявонава (1943, 1944), «Пігмаліён» Б.Шоу (1945), «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1946), «Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана (1955) і інш. Яго рэжысёрскія работы адметныя жыццёвай праўдай, дакладнай перадачай задумы аўтара. З 1916 здымаўся ў кіно: «Кастусь Каліноўскі», «Вялікі суцяшальнік», «Падарожжа на Арзрум».
Л.В.Календа.
т. 16, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)