АБХА́ЗСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (абхаза-адыгская група). Пашырана пераважна ў Абхазіі і некаторых краінах Бл. Усходу. Мае 2 дыялекты: абжуйскі (аснова літ. мовы) і бзыбскі, блізкія да абазінскай мовы.
Фанетыка багатая сістэмай зычных (58) пры наяўнасці 2 галосных фанем («а», «ы»). Націск інтэнсіўны, нефіксаваны. Граматычны лад аглюцінатыўна-сінтэтычны. У марфалогіі няма сістэмы скланення; структура дзеяслова вызначаецца мноствам грамат. катэгорый. Пісьменства створана ў 1862 на рус., у 1928 на лац. аснове, у 1938 пераведзена на груз., з 1954 — на рус. графіку.
Літ.:
Ломтатидзе К.В. Абхазский язык // Языки народов СССР. М., 1967. Т. 4.
т. 1, с. 52
АБХА́ЗСКІ ХРЫБЕ́Т,
на паўд. схіле Вялікага Каўказа, усх. працяг Бзыбскага хр. ў Абхазіі. Даўж. каля 60 км. Выш. да 3156 м. Грэбень з рэзкімі горналедавіковымі формамі. Складзены з юрскіх парфірытаў і сланцаў. Горныя лясы, высакагорныя лугі. Ледавікі.
т. 1, с. 52
АБХА́ЗЫ
(саманазва апсуа),
нацыя, асн. насельніцтва Абхазіі (93,3 тыс. чал.). Усяго ў Рас. Федэрацыі і інш. краінах СНД 105 тыс. чал. (1989), у Турцыі — 5 тыс. чал. Гавораць на абхазскай мове. Паводле рэлігіі праваслаўныя і мусульмане-суніты.
т. 1, с. 52
АБХІРА́ЦІ,
у будыйскай міфалогіі рай, які быццам бы знаходзіцца на ўсходзе. Своеасаблівая утопія, для якой характэрна поўнае ўраўноўванне ўсяго: у Абіраці няма ні гор, ні далін, усе дрэвы маюць аднолькавую вышыню, усе людзі аднолькава шчаслівыя, не пакутуюць ад хвароб і інш.
т. 1, с. 52
АБХО́Д,
1) манеўр войск з мэтай глыбокага пранікнення ў размяшчэнне праціўніка і нанясення яму ўдараў з флангаў і тылу або акружэння яго. Ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні з войскамі, што дзейнічаюць з фронту, пры наяўнасці адкрытых флангаў або прамежкаў у баявых парадках праціўніка. У ВМФ робіцца для нанясення ўдару па гал. аб’екце праціўніка без агнявога сутыкнення з сіламі яго прыкрыцця.
2) Участак лесу (адзін або некалькі кварталаў), які даглядаецца, абслугоўваецца адным лесніком.
т. 1, с. 52
АБХО́Д,
абрадавы звычай абыходзіць кожны двор у час каляндарных святаў з віншавальна-велічальнымі, заклінальнымі песнямі і музыкай, добрымі пажаданнямі. Важны элемент у комплексе асн. каляндарных абрадаў усх. славян і інш. народаў (сербаў, румынаў). Найб. яркія абходы — валачобныя (мужчынскія групы) і калядныя (змешаныя; гл. Валачобнікі, Калядаванне). Удзельніцамі бел. і ўкр. куставага абходу (гл. Куст) былі выключна дзяўчаты або жанчыны. Магічнае дзеянне абходу накіравана на засцярогу ад варожых сіл, спрыянне дабрабыту і паспяховае вырашэнне сямейных клопатаў.
т. 1, с. 52
АБЦІСКА́ННЕ ў металаапрацоўцы, аперацыя коўкі або штампоўкі, у выніку якой памяншаецца плошча папярочнага сячэння загатоўкі і павялічваецца яе даўжыня. Дасягаецца пластычнай дэфармацыяй матэрыялу пад уздзеяннем радыяльных сціскальных намаганняў. Абцісканне пругковых і таўстасценных трубчастых загатовак атрымліваюць рэдукаваныя пруткі, фасонныя канічныя вырабы, ступеньчатыя суцэльныя і полыя валы. Танкасценныя полыя загатоўкі абціскаюць у штампах з пустотнай матрыцай, каб надаць краявой частцы загатоўкі канічную, цыліндра-канічную, сферычную і інш. форму.
т. 1, с. 53
АБЦІСКНЫ́ СТАН,
пракатны стан для перапрацоўкі абцісканнем буйных зліткаў са сталі або каляровых металаў у загатоўку — зыходны прадукт для вытв-сці гатовага пракату. Да абціскнога стану адносяцца блюмінг, блюмінг-слябінг і слябінг.
т. 1, с. 53
АБЦЯ́ЖВАЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІ́ЧНАСЦІ,
у крымінальнай справе акалічнасці, наяўнасць якіх сведчыць пра павышаную грамадскую небяспечнасць пэўнага злачынства і самога злачынцы. Улічваюцца судом пры вызначэнні пакарання і, як правіла, цягнуць за сабой больш суровую кару ў межах санкцыі адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь. Паводле КК, да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей адносяцца: паўторнасць злачынства; учыненне яго арганізаванай групай; карыслівыя або інш. ганебныя матывы яго ўчынення; прычыненне злачынствам цяжкіх вынікаў; учыненне злачынства супраць малалетніх, састарэлых і бездапаможных; падбухторванне ці ўцягванне ў злачынную дзейнасць непаўналетніх; асаблівая жорсткасць або здзек над пацярпелым; выкарыстанне ўмоў грамадскага бедства; усеагульнанебяспечны спосаб учынення злачынства; выкарыстанне для злачынства крыніцы павышанай небяспечнасці; учыненне злачынства асобай, якая была ўзята на парукі; учыненне злачынства ў нецвярозым стане.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 53
АБЧУ́ГА,
вёска ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса «Абчуга». За 30 км на ПнУ ад Крупак, 150 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Бобр, 347 ж., 157 двароў (1994).
Упамінаецца ў інвентарах 17 ст. як вёска каля мяст. Красны Стаў у складзе маёнтка Чарэя, які належаў Сапегам. З 1793 у складзе Рас. імперыі, уласнасць памешчыка Нітаслаўскага, злілася з мястэчкам пад агульнай назвай Абчуга. У 2-й пал. 19 ст. ў Абчузе 678 ж., 77 двароў. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Сенненскім пав., 353 ж, 125 двароў, уласнасць памешчыцы Э.А.Ястрамбіцкай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Чарэйскім, з 1931 — у Крупскім р-не.
Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца, аддз. сувязі.
т. 1, с. 53