АЛЕ́ЙНЫЯ ЛА́КІ,
растворы прадуктаў сумяшчэння алеяў і прыродных ці сінт. смол у арган. растваральніках. На алейныя лакі выкарыстоўваюць рафінаваныя і часткова запалімерызаваныя алеі, прыродныя (каніфоль, бурштын і інш.) і сінтэтычныя (фенола-фармальдэгідныя смолы і іх мадыфікацыі) смолы, растваральнікі (уайт-спірыт, сальвент-нафта, бензін, шкіпінар і інш.), дадаюць сікатывы.
У залежнасці ад колькасці алею алейныя лакі падзяляюцца на посныя, сярэднія, тлустыя; атмасфераўстойлівасць іх павялічваецца з павышэннем тлустасці. Алейнымі лакамі пакрываюць металы, драўнінныя пластыкі, прамочваюць абмоткі электраабсталявання, выкарыстоўваюць у грунтоўках, шпаклёўках і эмалевых фарбах. Замяняюцца алкіднымі лакамі.
т. 1, с. 239
АЛЕ́ЙНЫЯ ФА́РБЫ,
суспензіі неарганічных пігментаў і напаўняльнікаў у пакостах. Пігменты — двухаксід тытану, вохра, жалезны сурык, аксід хрому і інш.; напаўняльнікі — тальк, каалін, слюда і інш. Для хуткага высыхання ў алейныя фарбы дадаюць сікатывы, для лепшага дыспергавання — паверхневаактыўныя рэчывы. Выпускаюцца густацёртыя (пастападобныя) і гатовыя для выкарыстання (вадкія). Пры высыханні, абумоўленым акісляльнай палімерызацыяй раслінных алеяў пакосту, утвараецца плёнка (атмасфераўстойлівая, з невысокай цвёрдасцю, набракальная ў вадзе, разбуральная ў шчолачах). Выкарыстоўваюцца ў буд-ве, алейным жывапісе.
т. 1, с. 239
АЛЕ́ЙНЫ ЖЫ́ВАПІС,
від жывапісу маст. алейнымі фарбамі, у якіх сувязным рэчывам для каляровых парашкоў (пігментаў) з’яўляюцца алей ільняны, арэхавы, сланечнікавы і інш. і розныя лакі. Алейны жывапіс выконваецца пераважна на палатне, дрэве, кардоне, метал. плітах, пакрытых спец. грунтамі (станковы алейны жывапіс) ці па вапнавым тынку (манументальны алейны жывапіс). Вядомы з 10 ст. Пашырыўся на пач. 15 ст. пасля ўдасканалення яго Я. ван Эйкам. На Беларусі вядомы з пач. 16 ст. У тэхніцы алейнага жывапісу працуе пераважная большасць мастакоў.
П.В.Масленікаў.
т. 1, с. 238
АЛЕЙРАДЗІ́ДЫ,
белакрылкі (Aleurodoidea), падатрад насякомых атр. раўнакрылых. Налічваецца больш за 200 відаў, большасць — у тропіках. На Беларусі пашыраны алейрадзіда цяплічная (Trialeurodes vaporariorum), алейрадзіда сунічная (Aleurodes fragariae), алейрадзіда кляновая (Aleurochiton complanatus), алейрадзіда падтыннікавая (Aleurodes proletella); шкодзяць раслінам.
Даўж. 1—3 мм. Жоўтыя, чырванаватыя, часта з цёмнымі плямамі. 2 пары крылаў, укрытых белым налётам (адсюль другая назва), складваюцца страхападобна. Знаходзяцца на ніжняй паверхні ліста. Яйцы прымацоўваюць да субстрату на сцяблінках. Жывяцца сокам раслін. Дарослыя пералятаюць на невял. адлегласць, рассяляюцца ветрам, лічынкі пераносяцца з пасадачным матэрыялам.
т. 1, с. 239
АЛЕЙРО́НАВЫЯ ЗЯРНЯ́ТЫ
(ад грэч. aleuron мука),
пратэінавыя зярняты, бясколерныя невял. круглаватыя адкладанні запасных бялкоў у клетках тканак раслін, пераважна ў насенні. Пажыўнымі рэчывамі алейронавых зярнят жывіцца зародак пры прарастанні насення. Утвараюцца пры выспяванні насення з высыхаючых вакуолей. Адрозніваюць алейронавыя зярняты простыя (дробныя зярняткі аднароднай структуры) і складаныя, у якіх знаходзяцца бялковыя крышталі і мінер. ўключэнні — глабоіды. Простыя алейронавыя зярняты ёсць у клетках мучністых (пшаніцы, жыта, кукурузы і інш.), складаныя — у алеістым насенні (клешчавіны, тунгу, крыжакветных і інш.) раслін.
т. 1, с. 239
АЛЕ́КСА,
бел. дойлід 2-й пал. 13 ст., які паводле загаду валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча ў 1276 залажыў крэпасць Камянец на р. Лясная. Мяркуюць, што Алекса ў 1271—89 пабудаваў Камянецкую вежу.
т. 1, с. 239
АЛЕКСАНДРА́ВІЧУС
(Aleksandravičius) Пятрас Повіла (н. 21.10.1906, с. Кросна Лаздзійскага р-на, Літва),
літоўскі скульптар. Нар. мастак Літвы (1956). Вучыўся ў Каўнаскай маст. школе (1928—33). З 1941 выкладаў у Вільнюскай маст. акадэміі, з 1945 — у Вільнюскім маст. ін-це, з 1951 — у Маст. ін-це Літвы (праф. з 1946). Аўтар партрэтаў Ю.Жэмайтэ (Дзярж. прэмія СССР 1951), Э.Межэлайціса (1963), рэжысёра Ю.Мільцініса (1972); дэкар. кампазіцый «Дзяўчына з кветкамі» (1948), «Рыбакі» (1955); помніка А.Венуалісу ў г. Анікшчай (1982) і інш.
т. 1, с. 239
АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Андрэй Іванавіч
(22.1.1906, Мінск — 6.1.1963),
бел. паэт. Чл.-кар. АН Беларусі (1936). Скончыў БДУ (1930). Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1934—37 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. У 1931—37 чл. ЦВК БССР, у 1936—37 канд. у чл. ЦК КП(б)Б. У 1938 рэпрэсіраваны; тэрмін адбываў на Поўначы. У 1947—49 у Мінску. У 1949—55 у ссылцы ў Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Камсамольская нота» (з А.Вольным, 1924), «Па беларускім бруку» (1925), «Угрунь» (1927), «Гудкі» (1930), «Узброеныя песні» (1936) і інш. У паэме «Цені на сонцы» (1930) «выкрыў», а фактычна зняславіў вядомых бел. літаратараў і вучоных. У дакладзе на III пленуме праўлення СП СССР (1936) называў В.Дуніна-Марцінкевіча «паэтам прыгонніцтва», Ф.Багушэвіча — «вяшчальнікам народжанай нацыянальнай буржуазіі», М.Багдановіча — «буржуазна-нацыяналістычным» паэтам, а яго мову «кніжнай, халоднай», Я.Купалу і Я.Коласа — ідэолагамі «так званага «адраджэння» — руху беларускай буржуазіі», газ. «Наша ніва» — «буржуазна-нацыяналістычнай», на старонках якой панаваў «заалагічны шавінізм». Граміў бел. мовазнаўцаў. У выдадзеным пад яго рэдакцыяй «Руска-беларускім слоўніку» (1937) парушаў лексічныя нормы бел. мовы, падганяючы іх пад рус. мову. Аўтар кн. для дзяцей «Шчаслівая дарога» (1935), «Казка пра пана Жываглота» (1935), «Падарунак дзеткам-малалеткам» (1936) і інш. Пер. на бел. мову паэму А.Пушкіна «Руслан і Людміла», творы рус., укр. і інш. паэтаў і празаікаў.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—2. Мн., 1963;
Творы. Мн., 1981.
І.У.Саламевіч.
т. 1, с. 239
АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Ануфрый, музыкант-валтарніст, капельмайстар і педагог пач. 19 ст. У 1804—09 працаваў у Нясвіжы ў прыдворнай капэле Радзівілаў, быў яе апошнім капельмайстрам, навучаў музыцы прыгонных.
т. 1, с. 239
АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Аркадзь Уладзіміравіч
(1889 — ?),
бел. спартсмен. Неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен Пецярбурга і Расіі ў падыманні цяжару. У 1913, заснаваўшы ў Мінску аддзяленне спарт. т-ва «Санітас», разам з У.Сакалдзінскім пачаў развіваць гіравы спорт, барацьбу.
т. 1, с. 240