АЛЕЙРАДЗІ́ДЫ,
белакрылкі (Aleurodoidea), падатрад насякомых атр. раўнакрылых. Налічваецца больш за 200 відаў, большасць — у тропіках. На Беларусі пашыраны алейрадзіда цяплічная (Trialeurodes vaporariorum), алейрадзіда сунічная (Aleurodes fragariae), алейрадзіда кляновая (Aleurochiton complanatus), алейрадзіда падтыннікавая (Aleurodes proletella); шкодзяць раслінам.
Даўж. 1—3 мм. Жоўтыя, чырванаватыя, часта з цёмнымі плямамі. 2 пары крылаў, укрытых белым налётам (адсюль другая назва), складваюцца страхападобна. Знаходзяцца на ніжняй паверхні ліста. Яйцы прымацоўваюць да субстрату на сцяблінках. Жывяцца сокам раслін. Дарослыя пералятаюць на невял. адлегласць, рассяляюцца ветрам, лічынкі пераносяцца з пасадачным матэрыялам.
т. 1, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)