АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Андрэй Іванавіч

(22.1.1906, Мінск — 6.1.1963),

бел. паэт. Чл.-кар. АН Беларусі (1936). Скончыў БДУ (1930). Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1934—37 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. У 1931—37 чл. ЦВК БССР, у 1936—37 канд. у чл. ЦК КП(б)Б. У 1938 рэпрэсіраваны; тэрмін адбываў на Поўначы. У 1947—49 у Мінску. У 1949—55 у ссылцы ў Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Камсамольская нота» (з А.Вольным, 1924), «Па беларускім бруку» (1925), «Угрунь» (1927), «Гудкі» (1930), «Узброеныя песні» (1936) і інш. У паэме «Цені на сонцы» (1930) «выкрыў», а фактычна зняславіў вядомых бел. літаратараў і вучоных. У дакладзе на III пленуме праўлення СП СССР (1936) называў В.Дуніна-Марцінкевіча «паэтам прыгонніцтва», Ф.Багушэвіча — «вяшчальнікам народжанай нацыянальнай буржуазіі», М.Багдановіча — «буржуазна-нацыяналістычным» паэтам, а яго мову «кніжнай, халоднай», Я.Купалу і Я.Коласа — ідэолагамі «так званага «адраджэння» — руху беларускай буржуазіі», газ. «Наша ніва» — «буржуазна-нацыяналістычнай», на старонках якой панаваў «заалагічны шавінізм». Граміў бел. мовазнаўцаў. У выдадзеным пад яго рэдакцыяй «Руска-беларускім слоўніку» (1937) парушаў лексічныя нормы бел. мовы, падганяючы іх пад рус. мову. Аўтар кн. для дзяцей «Шчаслівая дарога» (1935), «Казка пра пана Жываглота» (1935), «Падарунак дзеткам-малалеткам» (1936) і інш. Пер. на бел. мову паэму А.Пушкіна «Руслан і Людміла», творы рус., укр. і інш. паэтаў і празаікаў.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—2. Мн., 1963;

Творы. Мн., 1981.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)