Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЬБЕ́ДА

(ад лац. albus светлы),

велічыня, якая характарызуе адбівальную здольнасць паверхні цела. Вымяраецца адносінамі колькасці адбітага паверхняй святла да колькасці святла, якое падае на яе. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі. Альбеда натуральных паверхняў вымяраецца альбедаметрам, вывучаецца актынаметрыяй. Характарызуе адбівальную здольнасць нябеснага цела, якое само не свеціцца.

Адрозніваюць інтэгральнае альбеда — для ўсяго патоку выпрамянення, монахраматычнае — для пэўнай даўжыні хваляў, спектральнае — для розных участкаў спектра (ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырв. і інш.). Інтэгральнае альбеда планеты Зямля (з атмасферай) каля 35%, у бачнай частцы спектра 40%. Залежыць ад геагр. шыраты, пары года, часу сутак, стану расліннага покрыва, воднай паверхні і інш. Альбеда вільготнай глебы 5—10%, лесу 5—20%, травянога покрыва 20—25%. свежага снегу 70—90%. Ад велічыні альбеда залежыць радыяцыйны баланс паверхні Зямлі.

М.А.Гольберг.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕДАМЕ́ТР

(ад альбеда + ...метр),

метэаралагічная прылада для вымярэння альбеда. Працуе на прынцыпе інтэгральнага шаравога фатометра. Альбеда зямной паверхні вымяраюць паходным альбеда — спалучэнне двух піранометраў; прыёмная паверхня аднаго з іх павернута да Зямлі і ўспрымае рассеянае святло, другога — да неба і рэгіструе падаючае выпрамяненне. Карыстаюцца і адным піранометрам, прыёмная паверхня якога паварочваецца то ўніз, то ўгару.

Альбедаметр.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА Альбенеўскае возера,

у Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята. Пл. 0,5 км². Даўж. 1,5 км, найб. шыр. 0,5 км, найб. глыб. 13 м. Пл. вадазбору 1,3 км². Схілы выш. 5—7 м, на ПнЗ да 11 м, зараслі хмызняком. Дно пясчанае, глыбей за 6 м выслана сапрапелем. Зарастае слаба. Сцёк па пратоцы ў Богінскае возера.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́НІС (Albéniz) Ісаак Мануэль Франсіска

(29.5.1860, г. Кампрадон, Каталонія — 18.5.1909),

іспанскі кампазітар і піяніст. Вучыўся ў А.Мармантэля, Ф.Ліста (фп.), Ф.Педрэля (кампазіцыя). Буйнейшы прадстаўнік ісп. музыкі канца 19 — пач. 20 ст. Стваральнік нац. ісп. стылю, заснаванага на фалькл. рытмах і інтанацыях у спалучэнні з новымі прыёмамі пісьма. Расшырыў выразныя магчымасці фп.

Сярод тв.: оперы «Магічны апал» (1893), «Пепіта Хіменес» (1896), рапсодыя для арк. «Каталонія»; сарсуэлы; каля 300 тв. для фп., у т. л. «Іспанская сюіта», «Іспанія», «Іспанскія напевы» (5 п’ес), «Іберыя» (12 п’ес); рамансы, песні, балады і інш.

Літ.:

Вайсборд М. Исаак Альбенис. М., 1977.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́Р (Albert; сапр. Мартэн; Martin) Аляксандр

(27.4.1815, г. Бюры, Францыя — 29.5.1895),

французскі сацыяліст. Удзельнік Ліёнскага паўстання 1834, адзін з кіраўнікоў тайнага рэв. т-ва 1840-х г. «Таварыства новых пораў года». Удзельнік Рэвалюцыі 1848 у Францыі, член Часовага ўрада Другой рэспублікі, віцэ-прэзідэнт Люксембургскай камісіі. Дэп. Устаноўчага сходу. За ўдзел у рэв. выступленні рабочых Парыжа 15.5.1848 зняволены на 20 гадоў, у 1859 амнісціраваны.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́Р (Albert) Марсель

(н. 25.11.1917, Парыж),

французскі лётчык, удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. лётчык Францыі. У 2-ю сусв. вайну змагаўся ў радах дэголеўскіх сіл «Змагарная Францыя». З 1943 у СССР у складзе авіяпалка «Нармандыя—Нёман» 1-й паветр. арміі. Зрабіў 193 баявыя вылеты, збіў 23 самалёты ворага.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́РДЗІ (Alberti) Хуан Баўтыста

(29.8.1810, г. Тукуман, Аргенціна — 18.6.1884),

аргенцінскі паліт. і грамадскі дзеяч, філосаф, пісьменнік. У 1838 удзельнічаў у стварэнні тайнага т-ва «Маладая Аргенціна». У 1839—52 у эміграцыі. Пасля падзення дыктатуры Х.М.Росаса (1852) на дыпламат. службе ў краінах Еўропы і ЗША. Аўтар працы «Асновы і зыходныя палажэнні для палітычнай арганізацыі Аргенцінскай Рэспублікі» (1852), кнігі «Злачынства вайны» (1870), драм. хронікі «Майская рэвалюцыя» (1839), паліт. рамана «Паломніцтва Светача дня, або Падарожжа і прыгоды Праўды ў Новым Свеце» (1878) і інш.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́РТ

(Albert Lake),

возера ў Афрыцы, гл. Мабуту-Сесе-Сека.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́РТА

(Alberta),

правінцыя на ПдЗ Канады. Пл. 661,2 тыс. км², нас. 2545 тыс. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Эдмантан. Найб. гарады Калгары, Форт-Саскачэван. Гар. насельніцтва каля 77%. Значная ч. тэрыторыі занята плато Вялікія раўніны, на ПдЗ Скалістыя горы. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры (у Эдмантане) студз. -15 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Найб. рэкі Піс-Рывер і Атабаска, азёры Атабаска, Клэр, Малое Нявольніцкае. Вядучае месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці. Здабываюць 88% нафты і газу, 40% каменнага вугалю (ад агульнай здабычы ў Канадзе), уран, серу і інш. Развіты нафтаперапрацоўка, нафтахімія, каляровая металургія, машынабудаванне, харч. прам-сць. Дае каля 20% с.-г. прадукцыі Канады. Вырошчваюць пшаніцу (каля 25%), ячмень (40%), цукр. буракі (50% ад агульнага збору ў Канадзе). Адзін з найб. раёнаў краіны па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны; нафта- і газаправоды.

З.М.Шуганава.

т. 1, с. 272

АЛЬБЕ́РТА

(Alberta),

буйнейшы вугальны басейн на З Канады, у паўн. ч. Скалістых гор; невял. паўд. ч. басейна ў ЗША. Пл. больш за 250 тыс. км². Агульныя запасы больш як 228 млрд. т. 11 асн. вуглездабыўных раёнаў. Інтэнсіўна распрацоўваецца з 1960-х г. У зах. ч. басейна вуглі каксавальныя, антрацыты, ва ўсх. ч. — бурыя. Каксавальныя вуглі экспартуюцца ў Японію і інш. краіны, энергетычныя выкарыстоўваюцца на мясцовых эл. станцыях. На тэр. басейна таксама здабыча серы, прыроднага газу, нафты, бітумаў і інш.

т. 1, с. 273