АЛЬБЕ́РТА

(Alberta),

правінцыя на ПдЗ Канады. Пл. 661,2 тыс. км², нас. 2545 тыс. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Эдмантан. Найб. гарады Калгары, Форт-Саскачэван. Гар. насельніцтва каля 77%. Значная ч. тэрыторыі занята плато Вялікія раўніны, на ПдЗ Скалістыя горы. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры (у Эдмантане) студз. -15 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Найб. рэкі Піс-Рывер і Атабаска, азёры Атабаска, Клэр, Малое Нявольніцкае. Вядучае месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці. Здабываюць 88% нафты і газу, 40% каменнага вугалю (ад агульнай здабычы ў Канадзе), уран, серу і інш. Развіты нафтаперапрацоўка, нафтахімія, каляровая металургія, машынабудаванне, харч. прам-сць. Дае каля 20% с.-г. прадукцыі Канады. Вырошчваюць пшаніцу (каля 25%), ячмень (40%), цукр. буракі (50% ад агульнага збору ў Канадзе). Адзін з найб. раенаў краіны па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны; нафта- і газаправоды.

З.М.Шуганава.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)