Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХА́СЕ-БАРДО́НІ (Hasse Bordoni) Фаўсціна (1693 або 1700, г. Венецыя, Італія — 4.11.1781) італьянская спявачка (мецца-сапрана); прадстаўніца вак. мастацтва бельканта. Жонка ням. кампазітара і спевака І.​А.​Хасе. Выступала пераважна ў операх мужа, а таксама ў прэм’ерах опер Г.​Гендэля ў Лондане.

т. 16, с. 559

ХАСІДЫ́ЗМ (ад стараж.-яўр. хасід — набожны),

рэлігійна-містычны рух у іудаізме. Узнік у 1-й пал. 18 ст. на Валыні, Падоллі, Галіцыі і пашырыўся па ўсёй Рэчы Паспалітай, а пазней і сярод сусв. яўрэйства. У аснове веравучэння Х. — спалучэнне элементаў рабінізму і Кабалы (іудзейскай містыкі). Яго заснавальнік І.​Бешт (1700—60) прапанаваў вернікам містычны спосаб пазбегнуць роспачы і заняпаду без скрупулёзнага выканання абрадаў і глыбокага вывучэння Талмуда, як таго патрабавалі рабінска-кагальныя вярхі.

На Беларусь Х. пранік у 1770-я г. і сустрэў супраціўленне з боку прыхільнікаў традыц. рабіністычнага іудаізму. Першым прапаведнікам Х. стаў рабін з прыгарада Пінска Карлін (Каралін; А.​Карлінскі), які засн. тут 1-ю хасідскую абшчыну. Пазней пад кіраўніцтвам Ш.​Залмана з Лёзна, духоўнага правадыра бел.-літ. хасідаў, былі праведзены рэформы ў рэліг. дагматыцы і абраднасці і заснаваны новы, больш рацыянальны кірунак ў Х. — Хабад. Буйныя цэнтры Х. ўзніклі ў Століне, Ляхавічах, мяст. Адмур Гродзенскай губ. і інш. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі хасіды атрымалі больш свабоды для прапаганды свайго вучэння. У 1804 рас. ўрад выдаў «Палажэнне», у якім прызнаў існаванне ў рас. яўрэйстве 2 кірункаў, узаконіў іх, і Х. заняў легальнае месца ў рэліг. жыцці яўрэяў Беларусі. У наш час паслядоўнікі Хабада — «Любавіцкія хасіды» (назва ад мяст. Любавічы Магілёўскай губ., цяпер у Смаленскай вобл. Расіі, дзе жылі нашчадкі Залмана), якіх узначальвае дынастыя Шнеерсонаў; з 1940 маюць цэнтр у Нью-Йорку.

Літ.:

Бершадский С. Литовские евреи. СПб., 1883;

Герасімава І.П. Прадпасылкі і станаўленне хасідызму на Беларусі // Нацыянальная палітыка расійскага самадзяржаўя на Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. Мн., 1995.

І.​П.​Герасімава.

т. 16, с. 559

ХА́СІЙ (лац. Hassium),

Hs, штучны радыеактыўны хім. элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат.н. 108, адносіцца да трансактыноідаў; пераходны элемент. 8 ізатопаў з масавымі лікамі 263—270; найб. устойлівы ​269Hs (перыяд паўраспаду 9,3 с). Сінтэзаваны і ідэнтыфікаваны ў ФРГ (1984), таксама атрыманы ў 1984 у Аб’яднаным ін-це ядз. даследаванняў у г. Дубна (Расія). Назва ад ням. зямлі Гесен (Hessen); зацверджана Міжнар. саюзам тэарэт. і прыкладной хіміі (1997).

Мае серабрыста-белы ці серабрыста-шэры колер з метал. бляскам. Утварае з кіслародам вельмі лятучы газападобны аксід. Самы цяжкі з элементаў, даследаваных хім. метадамі (2002). Уласцівасці падобны да осмію.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 16, с. 559

ХА́СКАВА,

горад на Пд Балгарыі, на р. Хаскаўска. Адм. ц. Хаскаўскай вобл. 95 тыс. ж. (1991). Прам-сць: маш.-буд., тэкст., харчасмакавая, у т. л. тытунёвая. На З ад Х. — бальнеалагічны курорт Хаскаўскі Мінералні Бані.

т. 16, с. 559

ХА́ТА,

1) жылая пабудова ў беларусаў, палякаў, рускіх, славакаў, украінцаў і інш. слав. народаў. Як тып жылля гістарычна развівалася з шалаша, будана, кураня, зямлянкі, паўзямлянкі. Асаблівасці планаў, аб’ёмна-прасторавых і канстр. вырашэнняў, дэкар. аздобы сфарміраваліся пад уплывам прыродна-кліматычных, сац., эканам. умоў пэўных рэгіёнаў. Пры буд-ве Х. выпрацоўваліся творчыя прыёмы народнага дойлідства, яна стала асновай для стварэння больш складанага жылля (сядзібны дом, палац), а таксама многіх тыпаў грамадз. будынкаў (карчма, ратуша, шпіталь і інш.).

На Беларусі Х. вызначаецца дасканаласцю функцыян. вырашэнняў, рацыянальнасцю канструкцый, лаканізмам і выразнасцю форм і дэкар. прыёмаў. Асн. яе элементы (сцены, дах, франтоны, ганак, веранда і інш.) характарызуюцца прапарцыянальнасцю форм, дакладнасцю выкарыстання буд. матэрыялаў і дэкар. аздаблення. Разьба архітэктурная (вільчакоў, карнізаў, ліштваў, падзораў і інш.) разам з шалёўкай узбагачаюць маст. выразнасць Х. Будавалі Х. асобна ад гасп. пабудоў ці ў складзе жыллёва-гасп. комплексу (сядзібы пагоннага, вянковага тыпу і інш.). З 1—2 ст. вядома 1-камернае жыллё, часцей паўзямлянка з печчу-каменкай; у 10—14 ст. — звычайна наземная пабудова з вузкімі акенцамі з засаўкамі, невысокімі дзвярыма і курнай печчу (без коміна). З 16 ст. пашырана буд-ва 2- (Х. + сенцы) і 3-камернага (Х. + сенцы + Х.; Х. + Х. + сенцы; Х. + сенцы + гасп. пабудова — клець, камора, варыўня) жылля. З 19 ст. пераважала т. зв. белая Х., якая мела печ з комінам. Найчасцей Х. — зрубная пабудова вянковай канструкцыі, з хвоі ці елкі. Сцены клалі з акораных або ачэсаных бярвён, часам з дыляў — бярвён, распушчаных на 2 ці 4 плахі. Вядомы Х., зробленыя ў закідной тэхніцы. Сцены імшылі. Ніжні вянок напачатку клалі непасрэдна на зямлю. потым сталі рабіць драўляныя (стаякі, штандары) і каменныя падмуркі. Дах рабілі закотам або на стаяках, козлах, кроквах. Столь скляпеністая з бярвён ці плоская — з дошак. Да 19 ст. пашырана земляная ці глінабітная падлога (ток), якую змяніла падлога з дошак па лагах. Крылі Х. саломай, чаротам, дранкай, гонтай, дахоўкай, з пач. 20 ст. — бляхай. Для ацяплення ніжнія вянкі абносілі прызбай. сцены шалявалі. на столь насыпалі кастрыцу, мох, лісце, пясок. Уваход у Х. праз сенцы. Інш. часткі Х. (камора, клець, варыўня) мелі выключна гасп. прызначэнне.

Сац. змены ў грамадстве істотна паўплывалі на характар традыц. жылля, у т. л. на асаблівасці сучаснай сял. Х. Ёй уласціва функцыян. дыферэнцыяцыя памяшканняў, выкарыстанне трывалых буд. (цэгла, газасілікатныя блокі, шыфер, бляха і інш.) і разнастайных аддзелачных матэрыялаў (тынк, фанера, шпалеры, фарбы), інж. абсталявання (электра-, газа-, водазабеспячэнне і інш.). Знадворку перад уваходам прыбудоўваюць веранду і ганак. Выкарыстанне традыцый нар. дойлідства ўзбагачае архітэктуру і маст. выразнасць Х.

2) Асн. памяшканне жылога, часцей вясковага, дома. Прызначалася для жылля, выканання сям’ёй разнастайных гасп. работ і вытв. функцый, звязаных з промысламі і рамёствамі, а таксама для розных абрадавых і святочных дзеяў, магла дзейнічаць як своеасаблівы клуб (вячоркі, гульні, песні і інш.). Інтэр’ер традыц. Х. строга рэгламентаваны. Кут каля дзвярэй займала печ, па другі бок дзвярэй на сцяне мацавалі паліцу для посуду і інш. начыння. Па дыяганалі ад печы знаходзілася покуць («чырвоны кут») — пачэснае месца ў Х. Там знаходзіліся абразы, стаялі стол і нерухомыя лавы ўздоўж сцен. Вокны рабілі ў сценах, што стваралі чырвоны кут. Ад печы ўздоўж глухой сцяны размяшчалі палаці, на якіх спалі. З 2-й пал. 19 ст. пачалі вылучаць функцыян. зоны Х. перагародкамі, мэбляй, фіранкамі. Павялічыліся памеры вокнаў, з’явілася дадатковая печ (стаяк, галанка), часам абліцаваная кафляй. Дэкар. аздабленне Х. стваралася колерам і арнаментыкай абрусаў, посцілак, святочнага адзення, посуду, куфраў, канструкцыяй і формамі мэблі, афармлення покуці і інш.

Літ.:

Харузин А. Славянское жилище в Северо-Западном крае. Вильна, 1907;

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Соколовский В.Э., Алимов Р.Н. Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество. Мн., 1991;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Хата. Планы жылля аднакамернага (злева), двухкамернага (у цэнтры) і трохкамернага (справа): 1 — хата, 2 — сенцы, 3 — камора, 4 — варыўня.

т. 16, с. 559

«ХА́ТА»,

бел. нар. гульня. Гульцы (ад 4 да 12 чал.) дзеляцца на 2 роўныя каманды. Кожная каманда праводзіць лінію на адлегласці 12—15 м адна ад адной і на сваёй лініі ставіць фігуры з 3 гарадкоў (усе яны маюць свае назвы ў наст. парадку: лес, дарога, воз, конь, вароты, хата). Калі каманда збівае фігуру «лес», лічыцца, што яна «выходзіць з лесу», фігуру «дарога» — «пераходзіць дарогу», «воз» — «даганяе воз», «конь» — «даганяе каня», «вароты» — «уваходзіць у вароты», «хата» — «уваходзіць у хату».

Я.​Р.​Вількін.

т. 16, с. 560

ХАТАВА́,

рака ў Пружанскім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Ясельда (бас. р. Прыпяць). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 138 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Смаляніца Пружанскага р-на, вусце за 3 км на ПнЗ ад в. Сялец Бярозаўскага р-на. У верхнім цячэнні 10 км рэчышча каналізавана.

т. 16, с. 560

ХАТАВА́,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Дзераўная—Івянец. Цэнтр сельсавета. За 38 км на Пн ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 83 км ад Мінска. 315 ж., 112 двароў (2002). Клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 16, с. 560

ХАТАЕ́ВІЧ Мендэль Маркавіч (22.3.1893. г. Гомель — 1.2.1939),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1913 чл. Палескага к-та РСДРП. У 1914 арыштаваны і сасланы ў Сібір. У 1917 кіраўнік Гомельскай арг-цыі РСДРП(б), з вер. — чл. Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б), чл. выканкома Гомельскага Савета. У 1919 старшыня Гомельскага пав.-гар. к-та РКП(б), чл. Гомельскага рэўкома. У 1920 на Зах. фронце. З 1921 сакратар Гомельскага, з 1923 — Адэскага губкомаў РКП(б). У 1924—25 у апараце ЦК ВКП(б). З 1925 сакратар Татарскага абкома, з 1928 Сярэдняволжскага крайкома ВКП(б). З 1932 сакратар ЦК КП(б)У, адначасова з 1933 Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. З 1937 2-і сакратар ЦК КП(б)У. У 1932—37 чл. Палітбюро ЦК КП(б)У. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі ВКП(б) у 1925—27, канд. у чл. ЦК ВКП(б) у 1927—30, чл. ЦК у 1930—37. Чл. ВЦВК (з 1922), з 1930 чл. ЦВК СССР. У 1937 рэпрэсіраваны, 27.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 16, с. 560

ХАТАМІ́ Сеед Махамад (н. 29.9.1943, Ардакан, Іран),

дзяржаўны дзеяч Ірана. Скончыў тэалагічныя ф-ты Ісфаханскага і Тэгеранскага ун-таў. За ўдзел у апазіцыі рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві быў арыштаваны. У 1978—79 кіраўнік Ісламскага культ. цэнтра ў г. Гамбург (Германія). Пасля перамогі Іранскай рэвалюцыі 1978—79 дэп. іранскага парламента (меджліса), кіраўнік выд-ва «Кейхан», міністр культуры і ісламскай арыентацыі. З 1992 дырэктар Нац. б-кі і саветнік прэзідэнта Ірана. З мая 1997 прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран. Выступае за лібералізацыю паліт. рэжыму Ірана, за большую яго адкрытасць для свету.

Літ.:

Казеев К. Президент ИРИ Сейед Мохаммад Хатами // Азия и Африка сегодня. 1999. № 2.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 560