ХАСІДЫ́ЗМ (ад стараж.-яўр. хасід — набожны),
рэлігійна-містычны рух у іудаізме. Узнік у 1-й пал. 18 ст. на Валыні, Падоллі, Галіцыі і пашырыўся па ўсёй Рэчы Паспалітай, а пазней і сярод сусв. яўрэйства. У аснове веравучэння Х. — спалучэнне элементаў рабінізму і Кабалы (іудзейскай містыкі). Яго заснавальнік І.Бешт (1700—60) прапанаваў вернікам містычны спосаб пазбегнуць роспачы і заняпаду без скрупулёзнага выканання абрадаў і глыбокага вывучэння Талмуда, як таго патрабавалі рабінска-кагальныя вярхі.
На Беларусь Х. пранік у 1770-я г. і сустрэў супраціўленне з боку прыхільнікаў традыц. рабіністычнага іудаізму. Першым прапаведнікам Х. стаў рабін з прыгарада Пінска Карлін (Каралін; А.Карлінскі), які засн. тут 1-ю хасідскую абшчыну. Пазней пад кіраўніцтвам Ш.Залмана з Лёзна, духоўнага правадыра бел.-літ. хасідаў, былі праведзены рэформы ў рэліг. дагматыцы і абраднасці і заснаваны новы, больш рацыянальны кірунак ў Х. — Хабад. Буйныя цэнтры Х. ўзніклі ў Століне, Ляхавічах, мяст. Адмур Гродзенскай губ. і інш. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі хасіды атрымалі больш свабоды для прапаганды свайго вучэння. У 1804 рас. ўрад выдаў «Палажэнне», у якім прызнаў існаванне ў рас. яўрэйстве 2 кірункаў, узаконіў іх, і Х. заняў легальнае месца ў рэліг. жыцці яўрэяў Беларусі. У наш час паслядоўнікі Хабада — «Любавіцкія хасіды» (назва ад мяст. Любавічы Магілёўскай губ., цяпер у Смаленскай вобл. Расіі, дзе жылі нашчадкі Залмана), якіх узначальвае дынастыя Шнеерсонаў; з 1940 маюць цэнтр у Нью-Йорку.
Літ.:
Бершадский С. Литовские евреи. СПб., 1883;
Герасімава І.П. Прадпасылкі і станаўленне хасідызму на Беларусі // Нацыянальная палітыка расійскага самадзяржаўя на Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. Мн., 1995.
І.П.Герасімава.
т. 16, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)