Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНІ́С

(Aunis),

гістарычная вобласць на З Францыі, каля ўзбярэжжа Атлантычнага ак. Тэрыторыю займае ч. дэпартаментаў Прыморская Шаранта і Дзё-Сеўр. Пл. 2,9 тыс. км². Нас. 315 тыс. чал. (1982). Гал. горад — Ла-Рашэль.

т. 1, с. 370

АНІ́С

(Pimpinella anisum),

бядрынец анісавы, аднагадовая травяністая расліна сям. сельдэрэевых. Радзіма — М. Азія. Культывуецца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі малапашыраная культура, вырошчваецца ў адкрытым грунце і цяпліцах.

Сцябло прамое, галінастае, выш. 25—50 см. Прыкаранёвае лісце круглавата-сэрцападобнае, з зубчастым краем, на доўгіх чаранках, сцябловае — складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — шэра-зялёная двухсямянка. Святло-, цяпло- і вільгацелюбівая расліна, патрабавальная да ўрадлівасці глебы. Размнажаюць насеннем. Плады маюць да 6% эфірнага і да 28% тлустага алею. Вострапрыпраўная расліна. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, кандытарскай, лікёрагарэлачнай, парфумернай прам-сці, у медыцыне. Добры меданос.

т. 1, с. 371

АНІ́САЎ Сяргей Рыгоравіч

(парт. псеўд. Пеця, Казлоўскі Мікалай; 19.10.1906, в. Тур’я Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.3.1987),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. У 1927—32 на камсамольскай рабоце ў БССР. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, з 1934 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1935 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У кастр. 1935 зняволены, з 1939 у ням. лагеры ваеннапалонных. Пасля Вял. Айч. вайны працаваў у друку. Аўтар прац «З гісторыі камсамольскага падполля Заходняй Беларусі» (1958), «За волю і шчасце народа» (1959), «Палымянае юнацтва» (1969), «У змаганні гартаваліся» (1975).

т. 1, с. 371

АНІСЕ́НКА Валерый Данілавіч

(н. 5.6.1944, г. Талачын),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965), Вышэйшыя рэжысёрскія тэатр. курсы пры Ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1978). У 1965—67 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, у 1969—77 у т-ры Я.Купалы. У 1960—70-я г. займаўся канцэртнай дзейнасцю як чытальнік. З 1979 гал. рэжысёр Бел. рэсп. т-ра юнага гледача, Тэатра-студыі кінаакцёра, Бел. радыё. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

т. 1, с. 371

АНІ́СІМАЎ Аляксандр Міхайлавіч

(н. 8.10.1947, Масква),

дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Ленінградскую (1975) і Маскоўскую (1980) кансерваторыі. Дырыжор Ленінградскага Малога (1975—80) і Пермскага (1984—89) т-раў оперы і балета. У 1980—84 і з 1989 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. нац. балет «Курган» Я.Глебава (1982), оперы «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982) і «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. работ на бел. сцэне: «Рыгалета» Дж.Вердзі (1981), «Шчаўкунок» (1982) і «Іаланта» (1993) П.Чайкоўскага, «Іван Сусанін» М.Глінкі (1984), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Карсар» А.Адана (1991), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча (1994).

Н.В.Кузняцова.

т. 1, с. 371

АНІ́СІМАЎ Іван, збройнік 17 ст., майстар шабельнай справы. Родам з Глыбокага (Віцебская вобл.). Разам з інш. бел. майстрамі працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1662—65 па загадзе цара вучыўся ў Астрахані «рабіць чаркаскія шаблі». Вярнуўшыся, разам з 7 «таварышчы» зрабіў «5 ножан шабельных на чаркаскае дзела з меднаю аправаю мінулага».

т. 1, с. 371

АНІ́СІМАЎ Насонка, разьбяр па дрэве 17 ст. Родам з Беларусі. Працаваў у Майстарскай палаце Маскоўскага Крамля. У 1648 разам з інш. бел. майстрамі «рабіў палаці і ставіў іканастасы» ў Данской царкве.

т. 1, с. 371

Анісімаў Валерый Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 334

АНІСІ́ФАР

(прозвішча Пятровіч-Дзевачка; ? — 1592 ці 1594),

мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсея Русі. Паходзіў з галіцкай шляхты. Пасля 1568 архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра (каля Навагрудка). З 1579 мітрапаліт. Жыў пераважна ў Навагрудку. Садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» (1583). Дамогся ад польскага караля і вял. кн. ВКЛ Стафана Баторыя пацвярджэння незалежнай юрысдыкцыі правасл. царквы (1585) і дазволу спраўляць царк. святы паводле юліянскага календара (1586). У 1589 пазбаўлены сану за парушэнне кананічнага правіла (быў дваяжонцам). Памёр у Лаўрышаўскім манастыры.

М.В.Нікалаеў.

т. 1, с. 371

АНІ́СКАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета. За 33 км на ПдУ ад Кобрына, 85 км ад Брэста, 12 км ад чыг. ст. Антопаль. 272 ж., 95 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка.

т. 1, с. 372