АНІ́С

(Pimpinella anisum),

бядрынец анісавы, аднагадовая травяністая расліна сям. сельдэрэевых. Радзіма — М. Азія. Культывуецца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі малапашыраная культура, вырошчваецца ў адкрытым грунце і цяпліцах.

Сцябло прамое, галінастае, выш. 25—50 см. Прыкаранёвае лісце круглавата-сэрцападобнае, з зубчастым краем, на доўгіх чаранках, сцябловае — складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — шэра-зялёная двухсямянка. Святло-, цяпло- і вільгацелюбівая расліна, патрабавальная да ўрадлівасці глебы. Размнажаюць насеннем. Плады маюць да 6% эфірнага і да 28% тлустага алею. Вострапрыпраўная расліна. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, кандытарскай, лікёрагарэлачнай, парфумернай прам-сці, у медыцыне. Добры меданос.

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)