АБУХО́ВІЧ Тэадор Геранім
(1643 — 14.4.1707),
дзярж. дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. У 1657—69 пры двары караля Яна Казіміра Вазы. У 1672 і ў 1678—1700 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. У 1673 удзельнічаў у бітве пад Хоцінам супраць туркаў. Паломнічаў у Рым (1674). Падкаморы (1693) і кашталян (1700) навагрудскі. Аўтар «Дыярыуша», які ахоплівае падзеі грамадска-паліт. жыцця Рэчы Паспалітай 1656—1700.
т. 1, с. 50
АБУХО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Ключ раздвоены» («Абуховіч») у ВКЛ. Найб. вядомыя:
Піліп Казімір, гл. Абуховіч П.К. Тэадор Міхал (?—1658), брат Піліпа Казіміра. Падкаморы мазырскі (1646), паручнік гусарскай харугвы, пасол соймавы. Валодаў землямі ў Мазырскім пав. Захарыяш (?—1658), брат Піліпа Казіміра, суддзя, дэкан смаленскі. Мікалай (?—?), скарбнік і суддзя гродскі мазырскі (1648). Міхал Лявон, гл. Абуховіч М.Л. Тэадор Геранім, гл. Абуховіч Т.Г.
т. 1, с. 50
АБУЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
тэхнічная сістэма, якая часткова або поўнасцю выконвае функцыі выкладчыка ў працэсе праграмаванага навучання. Выдае порцыі матэрыялу, кантрольныя заданні ў паслядоўнасці, адпаведнай абучальнай праграме, у тэмпе, зручным для навучэнца; вызначае правільнасць выканання кантрольных заданняў, характар памылак, далейшую паслядоўнасць праходжання курса. Мадэлявальныя абучальныя машыны (трэнажоры) прызначаны для набыцця практычных навыкаў і трэніроўкі, калі ва ўмовах рэчаіснасці гэта звязана з вял. цяжкасцямі, эканамічна немэтазгодна або немагчыма, напр. пры навучанні касманаўтаў, вадзіцеляў трансп. сродкаў, аператараў складаных машын і агрэгатаў. Як абучальная машына можа выкарыстоўвацца ЭВМ.
т. 1, с. 50
АБУЧА́ЛЬНАЯ ПРАГРА́МА,
апісанне працэсу праграмаванага навучання, якое змяшчае навуч. матэрыял, заданні для яго засваення, указанні па іх выкананні і кантролі. У залежнасці ад парадку падачы інфармацыі бывае лінейная або разгалінаваная. Афармляецца ў выглядзе невял. раздзелаў навуч. матэрыялу з кантрольнымі пытаннямі і ўказаннямі. Фіксуецца на кінаплёнцы, дыяпазітывах, у форме кнігі (праграмаваны падручнік), запісваецца на магн. плёнку (для ўзнаўлення праз магнітафон), уводзіцца ў памяць ЭВМ.
т. 1, с. 50
АБУЧА́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць функцыянальна ўзаемазвязаных навуч.-метадычных, інфарм., матэм. і інж.-тэхн. сродкаў, якія забяспечваюць праграмаванае навучанне. Ствараецца на базе ЭВМ з разгалінаванай сістэмай прыстасаванняў для ўводу і вываду дадзеных, напр., абучальных машын.
т. 1, с. 50
АБУ́-БАКА́Р
(Абакараў) Ахмедхан (н. 12.12.1931, аул Кубачы, Дагестан),
даргінскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Дагестана (1969). Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1956). Аўтар аповесцяў «Даргінскія дзяўчаты» (1958), «Каралі для маёй Серміназ» (1965), «Сонца ў «Арліным гняздзе» (1975), «Мама, запалі сонца» (1983) і інш. Нац. каларыт у яго творах падкрэсліваюць шматлікія фалькл. элементы (прытчы, легенды, анекдоты). Выступае як драматург, кінадраматург, піша для дзяцей.
Тв.:
Избранное. Махачкала, 1971;
Бел. пер. — Дзяўчына з крэпасці;
Сонца ў «Арліным гняздзе». Мн., 1979.
т. 1, с. 47
АБУ́-БЕКР,
Абдалах ібн Асман (572 ці 573 — жн. 634), першы халіф [632—634] у Араб. халіфаце. Адзін з бліжэйшых паплечнікаў Мухамеда, разам з ім перасяліўся ў Медыну (622). Абраны халіфам пасля смерці Мухамеда. Задушыў паўстанні араб. плямёнаў, сепаратысцкія рухі ў Аравіі. Ваяваў супраць сасанідскага Ірана (633) і візантыйцаў у Палесціне (634).
т. 1, с. 47
АБУ́-ДА́БІ,
Абу-Забі, горад, сталіца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і эмірата Абу-Дабі. 328 тыс. ж. (1992). Размешчаны на прыбярэжным востраве Персідскага зал., які злучаны з мацерыком дамбамі і мастамі. Буйны прамысл., культ. і гандл. цэнтр, другі па велічыні порт краіны. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр нафтаздабычы. Нафтаперапр. і газаперапр. прам-сць; цэментны, металургічны, пластмасавых труб з-ды; прадпрыемства па апрасненні вады. Суднабудаванне. Рыбалоўства.
т. 1, с. 47