Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАРЫТО́НЧЫК Зінаіда Андрэеўна (н. 18.3.1944, г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1987). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1965) і працуе ў ім (цяпер Мінскі лінгвістычны ун-т). Даследуе праблемы агульнага мовазнаўства, лексічнай семантыкі і словаўтварэння ў герм. і слав. мовах. Аўтар манаграфій «Праблемы словаўтварэння ў сучаснай англійскай мове» (1983), «Прыметнік у лексіка-граматычнай сістэме сучаснай англійскай мовы» (1986), падручніка «Лексікалогія англійскай мовы» (1992) і інш.

т. 16, с. 557

ХАРЫ́ТЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дабрадзейныя багіні, якія ўвасабляюць добры, радасны, вечна юны пачатак жыцця. У розных міфах паходжанне, колькасць і імёны Х. адрозніваюцца, але паводле найб. пашыранай версіі гэта былі 3 дачкі Зеўса і акіяніды Эўрыномы: Аглая («якая ззяе»), Еўфрасіна («дабрамысная»), Талія («квітнеючая»). Найчасцей іх уяўлялі прыгожымі аголенымі дзяўчатамі. У стараж.-рым. міфалогіі Х. адпавядалі грацыі. У пераносным сэнсе Х. — дасканалыя прыгажуні.

Харыты Мармур. 3 ст. да н.э. Кірэна.

т. 16, с. 557

ХА́РЫУС ЗВЫЧА́ЙНЫ, харыус еўрапейскі (Thymallus thymallus),

рыба сям. харыусавых атр. ласосепадобных. Пашыраны ў рэках і некат. азёрах Еўропы. На Беларусі трапляецца ў чыстай вадзе ў вярхоўях рэк бас. Нёмана, Віліі і Зах. Буга. Нар. назвы — ліпень, ляпеня, хар’юз. Занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 50 см, маса да 1 кг. Цела верацёнападобнае, укрытае дробнай луской. Афарбоўка цела стракатая, асабліва ў самцоў у перыяд нерасту. На спіне, у верхняй ч. з бакоў, чорныя плямкі, па баках бураватыя палоскі. Парныя плаўнікі аранжавыя, няпарныя — фіялетавыя. Спінны плаўнік высокі, доўгі. Есць тлушчавы плаўнічок. Корміцца дробнымі доннымі жывёламі, ікрой рыб, насякомымі.

Л.​В.​Кірыленка.

Харыус звычайны.

т. 16, с. 557

...ХАРЫЯ,

...ХОР (ад грэч. chōreō прасоўваюся), другія састаўныя часткі складаных слоў, якія абазначалі пашырэнне, месца распаўсюджання (напр., біяхор, зоахарыя, мірмекахарыя).

т. 16, с. 557

ХАРЫЯІДЫ́Т (ад новалац. chorioidea сасудзістая абалонка вока),

запаленне сасудзістай абалонкі вока. Звычайна ўзбуджальнік пранікае ў сасудзістую абалонку гематагенным шляхам. Падзяляецца на ачаговы (асобныя абмежаваныя запаленчыя ачагі) і дыфузны (буйны запаленчы ачаг). Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 16, с. 557

ХАРЭАГРАФІ́ЧНАЯ МІНІЯЦЮ́РА,

танцавальная форма, кароткая па часе працягласці, якая выконваецца адносна невял. складам. Бывае асобным канцэртным нумарам, часткай вял. харэагр. спектакля, сродкам эксперыменту ў сферы ўвасаблення новай тэматыкі і пошуку выразнай харэагр. мовы. Абагульненая адзінай задумай Х.м. бывае дывертысментам у класічных балетах («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), асновай цэласнага спектакля («Кругаверць» А.​Залётнева). Сярод папулярных выканаўцаў Х.м. на бел. сцэне А.​Ермалаеў, К.​Мулер, В.​Елізар’еў, А. і Л.​Яфрэмавы.

Ю.​М.​Чурко.

т. 16, с. 557

ХАРЭАГРА́ФІЯ (ад грэч. choreia танец + ...графія),

1) запіс танца з дапамогай пэўнай сістэмы ўмоўных знакаў.

Першыя спробы запісу танцаў у Еўропе ў 15—16 ст., запісу як сістэмы — ў 17—18 ст. Тэрмін «Х.» ўпершыню выкарыстаў Р.​Фёе ў кн. «Харэаграфія, ці Мастацтва запісу танца...» (1700). У Расіі вядомы сістэмы А.​Цорна (1889), У.​Сцяпанава (1891), С.​Лісіцыян (у сав. час). У сучаснай Х. найбольш пашыраны 2 сістэмы запісаў: ням. Р. фон Лабана і англ. Р. і Дж. Бенешаў. У СССР быў прыняты апісальны (слоўна-графічны) запіс танца.

2) Мастацтва стварэння танцаў і балетаў; сінонім балетмайстарскага мастацтва.

3) Мастацтва танца (19—20 ст.). У аснове Х. — арганізаваныя ў часе і прасторы вобразныя, умоўныя рухі цела чалавека. Выразныя сродкі Х. фарміраваліся на працягу стагоддзяў шляхам адбору і абагульнення экспрэсіўнай пластыкі чалавека. Асн. з іх: лексіка (рухі, жэсты, позы), малюнак (размяшчэнне ў прасторы), кампазіцыя (драматургія, архітэктоніка). Х. цесна звязана з музыкай, якая вызначае яе рытміку і эмац. настрой. Значная роля належыць касцюму і дэкар. афармленню.

Х. вядома з першабытнасці. У танцы адлюстроўваліся працэсы працы, рухі жывёл і птушак, падзеі рэчаіснасці, паводзіны чалавека і інш. Паступова пластыка набывала ўмоўны характар, становячыся спецыфічным выяўленнем эстэт. ідэалаў людзей. У Х. адлюстроўваліся пачуцці і думкі народа. асаблівасці яго нац. характару, гіст., геагр., эканам. ўмовы яго існавання. У працэсе развіцця адбылася дыферэнцыяцыя Х. на нар., быт. і прафес. (сцэнічную), у якіх, у сваю чаргу, сфарміраваліся розныя. танц. формы і жанры. Вышэйшая форма Х. — балет (з 16 ст. ў сінт. муз. тэатр. паказах; з 18 ст. самаст. від мастацтва).

Вытокі бел. Х. ў старадаўніх абрадах, ігрышчах, карагодах; цесна звязана з песняй, драм. дзеяннем. Значнае месца займала ў творчасці скамарохаў (з 12 ст.). Пазней розныя яе праяўленні ўваходзілі ў розныя формы тэатр. мастацтва, у т. л. ў прыватнаўласніцкіх т-рах. Х. — адзін з найб. папулярных відаў сучаснага мастацтва, аснова для творчай дзейнасці аматарскіх і прафес. танц. калектываў, балетнага т-ра. Пашырылася быт. Х. (гл. Бытавы танец, Народны танец, Танец мадэрн, Характарны танец).

Літ.:

Добровольская Г. Танец. Пантомима. Балет. Л., 1975;

Уральская В.И. Природа танца. М., 1981;

Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн., 1972;

Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983.

Ю.​М.​Чурка.

т. 16, с. 557

ХАРЭ́ЗМ,

старажытная дзяржава ў Сярэдняй Азіі з цэнтрам у нізоўі р. Амудар’я, вобласць развітага ірыгацыйнага земляробства, рамесніцтва і гандлю. высокай культуры. Упершыню згадваецца ў іран. крыніцах 6 ст. да н.э. У канцы 6 ст. да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 4—1 ст. да н.э. — незалежная дзяржава; у 1—2 ст. н.э. ў складзе Кушанскай дзяржавы, у 3 ст. зноў незалежны. У 712 заваяваны арабамі. У 995 аб’яднаны пад уладай эміра г. Ургенч. Найб. магутнасці Х. дасягнуў пры Вял. харэзмшахах [951—1220]. З 1220 у складзе Манг. імперыі, з 1224 — улуса хана Джучы, потым у Залатой Ардзе. У 1388 Х. падпарадкаваў Цімур. На працягу стагоддзя за валоданне ім змагаліся Цімурыды і ханы Залатой Арды. З пач. 16 ст. большасць тэр. Х. ўключана ў Хівінскае ханства, якое на мясц. афіц. тэрміналогіі наз. Харэзмскай дзяржавай, што дало падставу так назваць створаную ў 1920 Харэзмскую народную савецкую рэспубліку.

У перыяд Ахеменідаў у мастацтве Х. захоўваліся асобныя рысы сакаў. У 4—3 ст. да н.э. на аснове сінтэзу мясц. і запазычаных элементаў сфарміравалася самаст. маст. культура. На выяўл. мастацтва паўплывала эліністычнае мастацтва, успрынятае ад парфян (гл. Парфянскае царства) і кушан (гл. Кушанская дзяржава). Адметныя рысы архітэктуры — масіўнасць і лаканічнасць аб’ёму, стрыманасць вонкавага дэкору; буд. матэрыялы — пахса і сырцовая цэгла. Традыц. былі каменныя базы ў форме гаршка на 3-ступеньчатым квадратным падмурку. Гарады звычайна прамавугольныя ў плане, з рэгулярнай забудовай, умацаваны сценамі з галерэямі і вежамі (Кюзелі-Гыр). У асобных гар. кварталах ці палацавых комплексах узводзілі храмы і свяцілішчы з брукаванай пляцоўкай для свяшчэннага агню. Палацы ўключалі парадныя двары з айванамі, залы і шматлікія пакоі, злучаныя калідорамі (Калалы-Гыр, 5—4 ст. да н.э.; Тапрак-Кала, 2—6 ст.). Пахавальныя збудаванні ўяўлялі сабой вежападобныя пабудовы з крыжападобнай планіроўкай (на гарадзішчы Кюзелі-Гыр, 5 ст. да н.э.) або цыліндрычныя храмы-маўзалеі (Кой-Крылган-Кала, 4—3 ст. да н.э.). У сінтэзе з архітэктурай развіваліся жывапіс і скульптура (гліняныя расфарбаваныя статуі і барэльефы, шматкаляровыя размалёўкі мінер. фарбамі). Асаблівы від мастацтва — урны-асуарыі ў выглядзе пустацелых статуй (5 ст. да н.э.) ці ў форме куфэрка (7—8 ст.), часам з размалёўкай. Пашыраны тэракотавыя статуэткі. У 4—3 ст. да н.э. выраблялі керамічныя біклагі з барэльефамі міфічнага зместу. Сярэдневяковыя дойліды Х. распрацавалі арыгінальныя шатрова-купальныя канструкцыі (маўзалеі 12 ст. ў г. Ургенч), у арх. дэкоры выкарыстоўвалі ўзорыстую цагляную муроўку, разную тэракоту, ганч. Развіццё мастацтва познафеад. Х. звязана з узвышэннем Хівы (культавыя і палацавыя ансамблі, кераміка, чаканка па медзі, разьба па дрэве, мармуры, ганчы).

Да арт. Харэзм. Тапрак-Кала. Фрагмент манументальнай скульптуры з алебастру. 3 ст.

т. 16, с. 557

ХАРЭЗМІ́ (аль-Харэзмі) Мухамед бен Муса

(787, г. Хіва — каля 850),

сярэднеазіяцкі вучоны. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, гісторыі. Аўтар асноватворных трактатаў па арыфметыцы і алгебры («Кніга аб узнаўленні і проціпастаўленні» — «Кітаб аль-джэбр ва-л-мукабала»), пераклад якіх на лац. мову ў 12 ст. паўплываў на развіццё матэматыкі ў Зах. Еўропе. Упершыню разгледзеў алгебру як самаст. дысцыпліну, прапанаваў правілы дзеянняў з алг. велічынямі і правілы рашэння ўраўненняў. Ад уведзенага Х. тэрміна «аль-джэбр» паходзіць назва «алгебра». З прац Х. ў навук. ўжытак ў Еўропе ўведзена дзесятковая сістэма лічэння, якая ўзнікла ў Індыі, і арабскія лічбы. Імя аль-Х. (лац. Algorithmi) увайшло ў матэматыку як агульная назва сістэмы вылічэнняў (алгарытм).

Тв.:

Рус. пер. — Математические трактаты. Ташкент, 1964.

Літ.:

Юшкевич А.П. История математики в средние века. М., 1961.

т. 16, с. 558

ХАРЭ́ЗМСКАЯ НАРО́ДНАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (ХНСР),

савецкая дзяржава ў Сярэдняй Азіі на тэр. б. Хівінскага ханства ў 1920—24. Абвешчана 26.4.1920 1-м Усехівінскім з’ездам Саветаў. Тэр. каля 62,2 тыс. км², нас. больш за 600 тыс. чал. (узбекі, туркмены, каракалпакі, казахі і інш.). Сталіца — г. Хіва. Вышэйшы орган улады — Усехарэзмскі з’езд Саветаў. У вер. 1920 ХНСР заключыла саюзны дагавор і ваен.-паліт. пагадненне з РСФСР. Напачатку ўлада належала шырокаму блоку рэв.-дэмакр. сіл, захоўваліся прыватная ўласнасць на зямлю і сродкі вытв-сці, мусульм. суды і школы. У 1920 мясц. бальшавікі фармальна аб’ядналіся ў складзе Харэзмскай камуніст. партыі з бурж. рэфарматарамі-младахівінцамі, але ў 1921 адхілілі іх ад улады. Быў узяты курс на пабудову сацыялізму мінаючы капіталізм. Ліквідацыя буйнога землеўладання, саслоўяў і інш. феад. інстытутаў, націск на мусульм. духавенства выклікалі актывізацыю басмацтва. У кастр. 1923 ХНСР перайменавана ў Харэзмскую Сав. Сацыяліст. Рэспубліку, якая ў кастр. 1924 скасавана ў ходзе нацыянальна-дзяржаўнага размежавання савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі; тэр. ў 1924—36 увайшла ў склад Узбекістана і Туркменістана.

т. 16, с. 558