ХАРЭАГРА́ФІЯ (ад грэч. choreia танец + ...графія),
1) запіс танца з дапамогай пэўнай сістэмы ўмоўных знакаў.
Першыя спробы запісу танцаў у Еўропе ў 15—16 ст., запісу як сістэмы — ў 17—18 ст. Тэрмін «Х.» ўпершыню выкарыстаў Р.Фёе ў кн. «Харэаграфія, ці Мастацтва запісу танца...» (1700). У Расіі вядомы сістэмы А.Цорна (1889), У.Сцяпанава (1891), С.Лісіцыян (у сав. час). У сучаснай Х. найбольш пашыраны 2 сістэмы запісаў: ням. Р. фон Лабана і англ. Р. і Дж. Бенешаў. У СССР быў прыняты апісальны (слоўна-графічны) запіс танца.
2) Мастацтва стварэння танцаў і балетаў; сінонім балетмайстарскага мастацтва.
3) Мастацтва танца (19—20 ст.). У аснове Х. — арганізаваныя ў часе і прасторы вобразныя, умоўныя рухі цела чалавека. Выразныя сродкі Х. фарміраваліся на працягу стагоддзяў шляхам адбору і абагульнення экспрэсіўнай пластыкі чалавека. Асн. з іх: лексіка (рухі, жэсты, позы), малюнак (размяшчэнне ў прасторы), кампазіцыя (драматургія, архітэктоніка). Х. цесна звязана з музыкай, якая вызначае яе рытміку і эмац. настрой. Значная роля належыць касцюму і дэкар. афармленню.
Х. вядома з першабытнасці. У танцы адлюстроўваліся працэсы працы, рухі жывёл і птушак, падзеі рэчаіснасці, паводзіны чалавека і інш. Паступова пластыка набывала ўмоўны характар, становячыся спецыфічным выяўленнем эстэт. ідэалаў людзей. У Х. адлюстроўваліся пачуцці і думкі народа. асаблівасці яго нац. характару, гіст., геагр., эканам. ўмовы яго існавання. У працэсе развіцця адбылася дыферэнцыяцыя Х. на нар., быт. і прафес. (сцэнічную), у якіх, у сваю чаргу, сфарміраваліся розныя. танц. формы і жанры. Вышэйшая форма Х. — балет (з 16 ст. ў сінт. муз. тэатр. паказах; з 18 ст. самаст. від мастацтва).
Вытокі бел. Х. ў старадаўніх абрадах, ігрышчах, карагодах; цесна звязана з песняй, драм. дзеяннем. Значнае месца займала ў творчасці скамарохаў (з 12 ст.). Пазней розныя яе праяўленні ўваходзілі ў розныя формы тэатр. мастацтва, у т. л. ў прыватнаўласніцкіх т-рах. Х. — адзін з найб. папулярных відаў сучаснага мастацтва, аснова для творчай дзейнасці аматарскіх і прафес. танц. калектываў, балетнага т-ра. Пашырылася быт. Х. (гл. Бытавы танец, Народны танец, Танец мадэрн, Характарны танец).
Літ.:
Добровольская Г. Танец. Пантомима. Балет. Л., 1975;
Уральская В.И. Природа танца. М., 1981;
Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн., 1972;
Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983.
Ю.М.Чурка.
т. 16, с. 557