ХАРЭЗМІ́ (аль-Харэзмі) Мухамед бен Муса

(787, г. Хіва — каля 850),

сярэднеазіяцкі вучоны. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, гісторыі. Аўтар асноватворных трактатаў па арыфметыцы і алгебры («Кніга аб узнаўленні і проціпастаўленні» — «Кітаб аль-джэбр ва-л-мукабала»), пераклад якіх на лац. мову ў 12 ст. паўплываў на развіццё матэматыкі ў Зах. Еўропе. Упершыню разгледзеў алгебру як самаст. дысцыпліну, прапанаваў правілы дзеянняў з алг. велічынямі і правілы рашэння ўраўненняў. Ад уведзенага Х. тэрміна «аль-джэбр» паходзіць назва «алгебра». З прац Х. ў навук. ўжытак ў Еўропе ўведзена дзесятковая сістэма лічэння, якая ўзнікла ў Індыі, і арабскія лічбы. Імя аль-Х. (лац. Algorithmi) увайшло ў матэматыку як агульная назва сістэмы вылічэнняў (алгарытм).

Тв.:

Рус. пер. — Математические трактаты. Ташкент, 1964.

Літ.:

Юшкевич А.П. История математики в средние века. М., 1961.

т. 16, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)