Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСТРО́ЖСКАЯ ШКО́ЛА,

Грэка-славяна-лацінская калегія, першая школа вышэйшага ўзроўню на Украіне. Засн. каля 1576 К.В.Астрожскім у мяст. Астрог (цяпер горад у Ровенскай вобл.), вядомая пад назвай «акадэмія». Была асв. цэнтрам антыкаталіцкага кірунку. Выкладалі слав., грэч., лац. мовы, граматыку, арыфметыку, рыторыку, логіку, музыку, харавыя спевы. Першы рэктар — Г.Сматрыцкі. Пры школе дзейнічалі Астрожская друкарня і навук.-літ. гурток, члены якога выдавалі навуч. дапаможнікі, помнікі грэка-візант. пісьменства, палемічныя творы. Астрожская школа садзейнічала пашырэнню асветы сярод насельніцтва і арганізацыі школ, зрабіла ўплыў на адкрытыя пазней брацкія школы ў Львове, Кіеве, Вільні, Брэсце і інш. Спыніла дзейнасць у 1636.

т. 2, с. 56

АСТРО́ЖСКІ Канстанцін Васіль

(1527, г. Тураў — 21.3.1608),

палітычны і культ. дзеяч ВКЛ. Сын Канстанціна і Аляксандры з роду Слуцкіх. З 1550 — староста ўладзімірскі, маршалак валынскі, з 1533 да канца жыцця — кіеўскі ваявода. Буйны землеўладальнік, адзін з найб. уплывовых магнатаў у ВКЛ. На Беларусі валодаў Туравам, Дзятлавам і інш. Выступаў супраць пашырэння каталіцтва на Беларусі і Украіне. Быў цесна звязаны са збеглым рус. князем А.Курбскім. Адзін з ініцыятараў стварэння Віленскай канфедэрацыі 1599. Падтрымліваў правасл. брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку, Тураве (1572), Астрожскую школу і Астрожскую друкарню. Удзельнічаў у задушэнні сялянска-казацкіх паўстанняў К.Касінскага, С.Налівайкі.

Літ.:

Костомаров Н.И. К.К.Острожский. // Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейшых деятелей. М., 1990. Кн. 1.

т. 2, с. 56

АСТРО́ЖСКІ Канстанцін Іванавіч

(1460 ? — 1530),

военачальнік, дзярж. дзеяч ВКЛ. Гетман найвышэйшы ВКЛ (з 1497), кашталян віленскі (з 1511), ваявода трокскі (з 1522), член Рады ВКЛ. З роду Астрожскіх. Кіраваў паходамі на крымскіх татараў, перамог больш як у 60 бітвах. У бітве на Вядрошы 1500 быў разбіты маскоўскімі войскамі, трапіў у палон, з якога ўцёк у 1507. У Аршанскай бітве 1514 перамог маскоўскія войскі, актыўны абаронца праваслаўя. Меў вял. маёнткі на Валыні, у Літве, на Беларусі, у тым ліку Дзятлава, Тураў, Копысь з Раманавым, Гальшаны, Глуск, Смалявічы, Жыцін, Шашолы, Свіраны, Смаляны, Суша. У 1528 быў другім па колькасці падданых землеўладальнікам у ВКЛ (пасля віленскага ваяводы А.Гаштольда). З усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных воінаў.

Літ.:

Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мн., 1992.

т. 2, с. 56

АСТРО́ЖСКІЯ,

княжацкі род герба «Астрог», прадстаўнікі якога займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Паходзілі з пінскіх і тураўскіх князёў. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Даніла (?—?), удзельнік барацьбы феадалаў ВКЛ супраць польскага караля Казіміра III у 1341. Дашка Фёдаравіч (?—1428?), унук Данілы, падтрымліваў Свідрыгайлу ў барацьбе супраць Вітаўта, у 1422 удзельнічаў у паходзе кн. Фёдара Карыбутавіча ў Чэхію на падтрымку гусітаў. Канстанцін, гл. Астрожскі К.І. Ілья (Эліяш; 1510—39), сын Канстанціна і Таццяны з роду Гальшанскіх. На Беларусі меў маёнткі Копысь, Глуск, Гальшаны, Сушу, Палонну з Лемніцай і Смаляны. Канстанцін Васіль, гл. Астрожскі К.В. Януш (1554—1620), сын Канстанціна Васіля, ваявода валынскі з 1585, апошні з роду Астрожскіх па мужчынскай лініі. Пасля яго смерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх.

В.Л.Насевіч.

т. 2, с. 56

АСТРО́ІДА (ад астра... + грэч. eidos від), плоская алг. крывая 6-га парадку. Апісваецца пунктам M акружнасці радыуса r, якая коціцца па ўнутр. боку акружнасці радыуса R=4r. Ураўненне астроіды ў дэкартавых каардынатах: x2/3 + y2/3 = R2/3 , параметрычныя ўраўненні: x = R cos3 t/4 , y = R sin3 t/4 . Мае 4 пункты вяртання. Астроіда — агінальная сям’і адрэзкаў пастаяннай даўжыні з канцамі на дзвюх узаемна перпендыкулярных прамых. Косая астроіда — агінальная сям’і адрэзкаў пастаяннай даўжыні з канцамі на дзвюх прамых, што перасякаюцца пад адвольным вуглом.

т. 2, с. 56

АСТРО́МІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнУ ад Кобрына, 57 км ад Брэста, на шашы Брэст—Мінск. 799 ж., 276 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў.

т. 2, с. 56

«АСТРО́Н»,

савецкая аўтаматычная касмічная станцыя для астрафізічных даследаванняў галактычных і пазагалактычных крыніц касм. выпрамянення. Выведзены на арбіту 23.3.1983. Створаны на базе міжпланетнай аўтам. станцыі «Венера», частка навук. апаратуры — сумесна са спецыялістамі Францыі. Арбіта «Астрона» (выш. ў перыгеі 2 тыс. км, у апагеі 200 тыс. км; нахіленне 51,5°; перыяд абарачэння 98 гадз) дае магчымасць больш за 90% часу весці вымярэнні па-за ценем Зямлі і радыяцыйных паясоў. Вывучаліся нестацыянарныя з’явы ў зорках, анамаліі іх хім. саставу, уласцівасці ультрафіялетавага выпрамянення галактык, квазараў і інш.

т. 2, с. 56

АСТРО́НАМА-ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,

сістэма звязаных паміж сабою астронама-геадэзічных пунктаў, якія размешчаны адзін ад аднаго на адлегласці 70—100 км. Утворана з радоў і сетак трыянгуляцыі і паліганаметрыі. Служыць для вызначэння фігуры і памераў Зямлі, складання тапаграфічных картаў. Гл. Апорная геадэзічная сетка.

т. 2, с. 57

АСТРО́ЎКІ,

тып азярода з вертыкальна ці нахілена пастаўленых адна да адной жэрдак з абрубкамі сукоў. Пашыраны ў цэнтр. раёнах Беларусі. Служаць для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш.

т. 2, с. 57

АСТРО́ЎКІ,

вёска ў Беларусі, у Нясвіжскім раёне Мінскай вобл., за 1 км ад р. Уша. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнЗ ад Нясвіжа, 114 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Гарадзея. 493 ж., 192 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік драўлянага дойлідства — царква Раства Багародзіцы (1844).

т. 2, с. 57