АСТРО́ЖСКІЯ,

княжацкі род герба «Астрог», прадстаўнікі якога займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Паходзілі з пінскіх і тураўскіх князёў. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Даніла (?—?), удзельнік барацьбы феадалаў ВКЛ супраць польскага караля Казіміра III у 1341. Дашка Фёдаравіч (?—1428?), унук Данілы, падтрымліваў Свідрыгайлу ў барацьбе супраць Вітаўта, у 1422 удзельнічаў у паходзе кн. Фёдара Карыбутавіча ў Чэхію на падтрымку гусітаў. Канстанцін, гл. Астрожскі К.І. Ілья (Эліяш; 1510—39), сын Канстанціна і Таццяны з роду Гальшанскіх. На Беларусі меў маёнткі Копысь, Глуск, Гальшаны, Сушу, Палонну з Лемніцай і Смаляны. Канстанцін Васіль, гл. Астрожскі К.В. Януш (1554—1620), сын Канстанціна Васіля, ваявода валынскі з 1585, апошні з роду Астрожскіх па мужчынскай лініі. Пасля яго смерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх.

В.Л.Насевіч.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)