АБСЕНТЭІ́ЗМ
[ад лац. absens (absentis) які адсутнічае],
1) абыякавыя адносіны насельніцтва да паліт. жыцця краіны, ухіленне ад удзелу ў ім. Асабліва выяўляецца ў нежаданні ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах рознага ўзроўню. У большасці краін, у т. л. на Беларусі, удзел у галасаванні разглядаецца заканадаўствам як суб’ектыўнае права выбаршчыка. Паводле законаў Аўстрыі, Бельгіі, Грэцыі, Даніі і інш. краін галасаванне з’яўляецца грамадзянскім абавязкам выбаршчыка, за невыкананне якога прадугледжаны адпаведныя адм., крымінальныя і інш. санкцыі.
2) Форма землеўладання, пры якой уладальнік зямлі без непасрэднага ўдзелу у працэсе вытворчасці атрымлівае грашовы прыбытак г.зв. земляробскі абсентэізм.
А.М.Абрамовіч.
т. 1, с. 43
АБСЕРВАТО́РЫЯ
(ад лац. observare назіраць),
спецыялізаваная навук. ўстанова для правядзення астр. і геафіз. (магн., метэаралагічных, сейсмічных і інш.) назіранняў і даследаванняў. Гл. Астранамічныя абсерваторыі, Геафізічныя абсерваторыі.
т. 1, с. 44
АБСЕРВА́ЦЫЯ,
1) у навігацыі — вызначэнне геагр. каардынат судна ў моры па назіраннях аб’ектаў з вядомымі каардынатамі. Навігацыйную абсервацыю праводзяць па адзначаных на карце берагавых арыенцірах, астранавігацыйную — па нябесных свяцілах, каардынаты якіх даюцца ў Марскіх астр. штогодніках, радыёнавігацыйную — па напрамку на крыніцу радыёхваляў (напр., радыёмаякі, навігацыйныя ШСЗ). Усе спосабы абсервацыі зводзяцца да графічнага знаходжання пункта на марской карце або аналітычнага разліку яго каардынат.
2) У медыцыне — назіранне на працягу пэўнага часу за ізаляванымі ў спец. памяшканні людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі на небяспечныя каранцінныя хваробы. Зрэдку ў такім жа значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі і фітапаталогіі ў дачыненні да завезеных жывёл, раслінных матэрыялаў.
т. 1, с. 44
АБСІДЫЯ́Н
(ад лац. Obsidianus lapis) камень Абсідыя),
прыроднае вулканічнае шкло чорнага, цёмна-шэрага, карычневага, чырвонага колераў, з рэжучым сколам. Бляск шкляны. Цв. 5. Шчыльн. 2500—2600 кг/м³. Лёгка паліруецца. Утвараецца пры хуткім ахалоджванні вязкай кіслай лавы. Выкарыстоўваецца як напаўняльнік лёгкіх бетонаў і вырабны камень.
т. 1, с. 44
АБСКУРАНТЫ́ЗМ
[ад лац. obscurans (obscurantis) які зацямняе],
супрацьдзеянне прагрэсу пазнання і асветы ў імя захавання старых вераванняў, якія лічацца вечнымі, непахіснымі; тое, што і цемрашальства.
т. 1, с. 44
АБСО́РБЕР
(ад лац. absorbere паглынаць),
апарат для паглынання (абсорбцыі) газаў з іх сумесі вадкімі абсарбентамі. У хім. і нафтаперапр. прам-сці выкарыстоўваюць некалькі канструкцый. Паверхневы абсорбер — рэзервуар з абсарбентам, над паверхняй якога прапускаюць газ, і кампаненты газавай сумесі часткова паглынаюцца абсарбентам. Выкарыстоўваюць, калі газавая сумесь добра раствараецца ў абсарбенце. Насадачны абсорбер — верт. метал. або керамічная калона (труба) з некалькімі гарыз. рашоткамі, на якія насыпаюць слаі насадкі (кокс, каменне, метал. або керамічныя кольцы і інш.). Абсарбент падаецца зверху і праз насадку сцякае ўніз, а сумесь газаў — знізу. У талерчатым абсорберы (гл. рыс.) газавую сумесь з рэчывамі, якія неабходна выдаліць, прадзімаюць знізу ўверх праз абсарбент, што сцякае з талеркі на талерку па пераліўных трубках. Адбываецца барбатаж (перамешванне) вадкасці з газам, што спрыяе паглынанню рэчываў абсарбентам. Абсорбер выкарыстоўваюць і ў сістэмах жыццезабеспячэння касм. апаратаў.
т. 1, с. 44
АБСО́РБЦЫЯ,
1) паглынанне рэчыва з газавай сумесі вадкасцю. Адбываецца ва ўсім аб’ёме паглынальніка, праводзіцца ў абсорберах. Выкарыстоўваецца ў хім. вытв-сці (напр., пры атрыманні азотнай, салянай, сернай кіслот, соды), а таксама пры ачыстцы газаў, у аўтаномных сістэмах жыццезабеспячэння.
2) Паглынанне эл.-магн. выпрамянення або гуку пры праходжанні праз рэчыва (гл. Паглынанне святла, Паглынанне гуку).
т. 1, с. 44
АБСТРА́КТНАЕ І КАНКРЭ́ТНАЕ,
катэгорыі дыялектыкі, у якіх адлюстраваны расчляненне і цэласнасць з’яў рэчаіснасці і іх узнаўленне ў працэсе пазнання. Абстрактнае разглядаецца як адна з уласцівасцяў, частка цэлага, аднабаковае, неразвітое; канкрэтнае — як адзінства, паўната, шматбаковасць і цэласнасць аб’екта ва ўсёй разнастайнасці яго сувязяў і дачыненняў. У гісторыі філасофіі да Г.Гегеля канкрэтнае ўяўлялася гал. чынам як разнастайнасць адзінкавых рэчаў і з’яў, дадзеных праз адчуванні; абстрактнае — як характарыстыка прадуктаў мыслення (абстракцыя). Гегель, які ўпершыню ўвёў у філасофію паняцці абстрактнае і канкрэтнае як суадносных катэгорый дыялектыкі, разглядаў канкрэтнае як сінонім дыялектычнай узаемасувязі, падзеленай цэласнасці, а абстрактнае — як этап руху і развіцця самога канкрэтнага. І.Кант, І.Фіхтэ і інш. прадстаўнікі ідэалізму таксама зыходзілі з разумення канкрэтнага як выключна духоўнай у сваёй аснове сувязі эмпірычна дадзеных з’яў. Прыхільнікі эмпірызму зводзяць канкрэтнае толькі да адзінкавых успрымальных адчуваннем з’яў, а розныя школы пазітывізму — да індывід. аб’екта, які ўспрымаецца імі як комплекс адчуванняў. У дыялект. матэрыялізме канкрэтнае разглядалася як непасрэдна дадзенае пачуццёва ўспрымальнае цэлае і як сістэма навук. вызначэнняў, якая выяўляе істотныя сувязі і дачыненні рэчаў, заканамернасці і тэндэнцыі развіцця з’яў; абстрактнае ж — як праява непаўнаты, неразвітасці, абмежаванасці любога яе фрагмента, праява аднабаковасці ведаў аб прадмеце. Спосаб тэарэт. ўзнаўлення ў свядомасці цэласнага аб’екта — узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага, якое ёсць усеагульная форма разгортвання навук. пазнання, сістэма адлюстравання аб’екта ў паняццях.
Літ.:
Гот В.С., Семёнов В.С., Урсул А.Д. Категории современной науки. М., 1984;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. М., 1988.
т. 1, с. 44
АБСТРА́КТНАЕ МАСТА́ЦТВА,
беспрадметнае мастацтва, нонфігуратыўнае мастацтва, плынь у выяўленчым мастацтве многіх краін, у аснову якой пакладзены метад абстракцыянізму. Узнікла ў 1910—13 у выніку расслаення кубізму, экспрэсіянізму, футурызму. Першыя абстрактныя кампазіцыі стварылі рус. мастак В.Кандзінскі, які працаваў у Германіі, француз Р.Дэланэ, іспанец Ф.Пікабія, чэх Ф.Купка, у Нідэрландах П.Мондрыян, у Расіі К.Малевіч, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова і інш. Пасля 1-й сусв. вайны тэндэнцыі абстрактнага мастацтва праяўляліся ў некат. творах дадаізму і сюррэалізму, у архітэктуры, дэкар. мастацтве, дызайне (эксперыменты групы «Стыль» і «Баўгауз»).
Практыка абстрактнага мастацтва зводзіцца да складання з дапамогай адцягненых элементаў маст. формы (каляровая пляма, лінія, аб’ём і г.д.) нявыяўленых кампазіцый, імпульсіўна-стыхійных ці рацыяналістычна ўпарадкаваных. Да сярэдзіны 20 ст. вызначаліся 2 асн. кірункі — экспрэсіянісцкі і геаметрычны абстракцыянізм. Прадстаўнікі першага (Кандзінскі, Дж.Полак, Дэланэ і інш.) імкнуліся да самаст. гучання колеру, лірызму, пошуку вечнай духоўнасці і беспрадметнага свету. Мастакі другога кірунку (Малевіч, Мондрыян) карысталіся абстрактна ўпарадкаванымі, амаль што геам. формамі, пабудовамі, канструкцыямі. У сярэдзіне 20 ст. ў ЗША узнікла школа т.зв. «абстрактнага экспрэсіянізму» (Полак, М.Тобі), які развіўся ў многіх краінах (пад назвай ташызм або «бясформеннае мастацтва») і абвясціў сваім метадам «чысты псіхал. аўтаматызм», вынікам якога стала абсалютызацыя самога працэсу творчасці мастака. Абстрактнае мастацтва садзейнічала развіццю дызайну, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паўплывала на развіццё тэатра і кінамастацтва, новых яго відаў і кірункаў (оп-арт, поп-арт, мінімалізм і інш.).
т. 1, с. 45