АСТРАКАДЭ́РМЫ
(Ostracodermi),
вымерлыя ніжэйшыя пазваночныя жывёлы групы бяссківічных. Існавалі ў ардовіку, верхнім сілуры, дэвоне. 2 класы, 4 падкласы: тэладонты (Thelodontia або Coelolepida), рознашчытковыя (Heterostraci), касцёвашчытковыя (Osteostraci), бесшчытковыя (Anaspida). На Беларусі выяўлены ў адкладах ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны (тэладонты і рознашчытковыя) і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны (розна- і касцёвашчытковыя).
Цела рыбападобнай формы даўж. да 2 м, укрытае цвёрдым панцырам з асобных пласцінак або дробнай лускі. Жылі ў прэсных і саланаватых вадаёмах каля дна. Разам з глеем і пяском усмоктвалі дробныя арганізмы. Захаваліся адбіткі фрагментаў цела, рэшткі панцыра, зубоў.
т. 2, с. 49
АСТРАКІ́ЗМ
(грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),
у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.
т. 2, с. 49
АСТРАКО́ДЫ
(Ostracoda),
ракападобныя, гл. Ракушкавыя.
т. 2, с. 49
АСТРАЛО́ГІЯ
(ад астра... + ...логія),
вучэнне, якое сімвалічнай мовай апісвае суперпазіцыю ўплыву планет і зорак на жыццё прыроды зямлі і яе жыхароў. Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці. Была развіта ў Стараж. Егіпце, Міжрэччы, звязана з астральнымі культамі, з яе дапамогай рабіліся прадказанні. У сярэднявеччы ўваходзіла ў лік сямі вольных навук, выкладалася ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай кафедра астралогіі была ў Кракаўскім ун-це. Сучасная астралогія мае раздзелы: генетліялогія (вывучае ўплыў планет і інш. астралагічных аб’ектаў на характар і лёс чалавека, на дзяржавы, рэгіёны, гарады), метэаралагічная (разглядае ўплыў астралагічных аб’ектаў на надвор’е), паўсядзённая (у залежнасці ад размяшчэння астралагічных аб’ектаў вызначае найб. зручныя моманты для здзяйснення штодзённых спраў чалавека). У рамках касмабіялогіі вывучаецца сувязь Зямлі і Космасу, уплыў касмічных цыклаў на здароўе чалавека, яго біярытмічную актыўнасць.
Літ.:
Саплин А.Ю. Астрологический энциклопедический словарь. М., 1994.
А.А.Шымбалёў.
т. 2, с. 49
АСТРА́ЛЬНАЕ ЦЕ́ЛА,
паводле акультных уяўленняў, тонкая энергетычная абалонка чалавечага цела, у якой матэрыялізуюцца пачуцці, жаданні і захапленні чалавека. Гл. таксама Астралогія, Астральныя культы.
т. 2, с. 49
АСТРА́ЛЬНЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
пакланенне нябесным свяцілам і з’явам. Вядомыя ў рознай ступені ўсім народам. Былі найб. распаўсюджаны ў Стараж. Двухрэччы, Егіпце і Стараж. Індыі, дзе храмы адначасова служылі і абсерваторыямі. У вавілонскай рэлігіі Месяц і 5 бачных няўзброеным вокам планет былі абвешчаны багамі і атрымалі ўласныя назвы (Сім — Месяц, Шамаш — Сонца, Мадрук — Юпітэр, Іштар — Венера, Нергал — Марс, Набу — Меркурый, Нінургу — Сатурн; пра Уран і Нептун народы стараж. свету не ведалі. На аснове астральных культаў у вавілонскай рэлігіі ўзніклі астралогія, варажба і рэліг. прароцтвы. Адлюстраваннем астральных культаў у хрысціянстве з’яўляюцца легенды пра віфлеемскую зорку і сем зорак у Апакаліпсісе.
т. 2, с. 49
АСТРАЛЭ́НКА
(Ostrołęka),
горад у цэнтры Польшчы, адм. ц. Астралэнцкага ваяводства. На р. Нараў. Вядомы з 1373. 51,8 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Цэлюлозна-папяровая, металаапр., цэментная, шкляная, дрэваапр. прам-сць. ЦЭЦ. Касцёл у стылі барока і кляштар 17—18 ст.
т. 2, с. 49
АСТРАЛЭ́НЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА
(Wojewόdztwo Ostrołęckie),
у цэнтральнай частцы Польшчы. Пл. 6498 км², нас. 389,5 тыс. чал. (1987). Адм. ц. — г. Астралэнка. Займае Паўночна-мазавецкую нізіну, Курпёўскую раўніну (выш. да 235 м), Ломжынскае міжрэчча і паўд. ўскраіну Сярэднемазавецкай нізіны. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3,5 °C, ліп. 17,5—18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Гал. рэкі — Нараў з прытокам Амулеў і Буг. 30,6% тэр. пад лесам, уздоўж Нарава — Курпёўская пушча. Аснова гаспадаркі — земляробства (62% тэр. пад с.-г. ўгоддзямі). Вырошчваюць жыта, бульбу, сеяныя травы, авёс. Гадуюць свіней і буйн. раг. жывёлу. Прам-сць: электратэхн., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, харч., буд. матэрыялаў. ЦЭЦ. Найб. гарады: Астралэнка, Вышкаў, Остраў-Мазавецка, Пшасныш.
т. 2, с. 49
АСТРАМЕ́ТРЫЯ
(ад астра... + ...метрыя),
раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначае найб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назіраць ШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;
Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;
Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;
Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.
Дз.Дз.Палажэнцаў.
т. 2, с. 50
АСТРАМЕ́ЦКІ Аркадзь
(Абрам) Абрамавіч (н. 21.1.1923, Мінск),
бел. цымбаліст, педагог. Нар. арт. Беларусі (1970). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1939—41, 1946—47). З 1937 у аркестры нар. інструментаў Бел. філармоніі, з 1946 канцэртмайстар Дзярж. нар. аркестра БССР, у 1958—88 саліст Бел. філармоніі. У 1947—57 педагог Сярэдняй спец. муз. школы пры Бел. кансерваторыі. Рэпертуар Астрамецкага — цымбальныя творы бел. аўтараў, пералажэнні інстр. п’ес кампазітараў-класікаў. Выкананне вылучалася артыстызмам, яркай вобразнасцю. У 1979 даў першы ў гісторыі цымбалаў сольны канцэрт. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага агляду выканаўцаў на нар. інструментах (1939).
І.І.Зубрыч.
т. 2, с. 50