АСТРАКАДЭ́РМЫ

(Ostracodermi),

вымерлыя ніжэйшыя пазваночныя жывёлы групы бяссківічных. Існавалі ў ардовіку, верхнім сілуры, дэвоне. 2 класы, 4 падкласы: тэладонты (Thelodontia або Coelolepida), рознашчытковыя (Heterostraci), касцёвашчытковыя (Osteostraci), бесшчытковыя (Anaspida). На Беларусі выяўлены ў адкладах ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны (тэладонты і рознашчытковыя) і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны (розна- і касцёвашчытковыя).

Цела рыбападобнай формы даўж. да 2 м, укрытае цвёрдым панцырам з асобных пласцінак або дробнай лускі. Жылі ў прэсных і саланаватых вадаёмах каля дна. Разам з глеем і пяском усмоктвалі дробныя арганізмы. Захаваліся адбіткі фрагментаў цела, рэшткі панцыра, зубоў.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)