Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́НЕНСКІ Ісідар Маркавіч

(13.3.1906 — 2.5.1977),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Засл. дз. маст. Расіі (1971). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва (1934), Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1936).

Сярод фільмаў: экранізацыі твораў А.Чэхава «Мядзведзь» (1938), «Чалавек у футарале» (1939; абодва на кінастудыі «Беларусьфільм»), «Ганна на шыі» (1954), а таксама «Пяты акіян» (1940), «Княжна Мэры» (1955), «Таленты і паклоннікі» (1973) і інш.

т. 1, с. 366

АНЕРО́ІД

(ад а... + грэч. nēros вільготны + eidos від),

прылада для вымярэння атм. ціску. Асн. дэталь — метал. скрыначка, унутры якой вакуум. Пры павышэнні ціску яна сціскаецца, што праз злучаную з ёю спружыну выклікае зрушэнне стрэлкі на шкале. Адчувальнасць да 10 Па. Для атрымання сапраўднага значэння ціску ў паказанні анероіда ўводзяць папраўкі, якія вызначаюцца пры параўнанні з данымі ртутнага барометра. Выкарыстоўваецца таксама як вышынямер (напр., у авіяцыі; шкалу анероіда градуіруюць у метрах).

т. 1, с. 366

АНЕСТЭЗІ́Я,

гл. ў арт. Абязбольванне.

т. 1, с. 366

АНЕСТЭЗІЯЛО́ГІЯ

(ад ан... + грэч. aisthēsis пачуццё + ...логія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае праблемы абязбольвання, кіравання жыццёваважнымі функцыямі арганізма ў час хірургічнай аперацыі, а таксама перад пачаткам і пасля яе. Уключае рэаніматалогію і інтэнсіўную тэрапію.

Метады абязбольвання пачалі распрацоўвацца разам з хірургіяй яшчэ ў Стараж. Асірыі, Егіпце, Кітаі, Індыі і інш. краінах. Як абязбольвальныя сродкі выкарыстоўваліся настоі і адвары маку, індыйскіх канапель, мандрагоры, дурнап’яну. У сярэднявеччы абязбольванне дасягалася таксама сцісканнем сасудаў шыі або канечнасцяў, шчодрым кровапусканнем, ахаладжэннем тканак і інш. У 19 ст. адкрыты эфектыўныя спосабы абязбольвання. Англ. ўрач У.Мортан у 1846 правёў аперацыю пад эфірным наркозам, у 1844 амер. ўрач Х.Уэлс выкарыстаў закіс азоту пры выдаленні зуба. У 1847 шатландскі ўрач Дж.Сімпсан у якасці сродку для наркозу прапанаваў хлараформ. У Расіі эфірны і хлараформны наркоз увялі ў практыку М.І.Пірагоў і Ф.І.Іназемцаў (1847). Прынцыпова новым метадам анестэзіі было адкрыццё мясцоваанестэзоўнага дзеяння какаіну (рус. ўрач В.К.Анрэп, 1879; аўстр. Келер, 1884). З увядзеннем у практыку раствораў навакаіну пачало хутка развівацца мясц. абязбольванне: інфільтрацыйная, правадніковая і спіннамазгавая анестэзія (А.В.Вішнеўскі, С.С.Юдзін, І.С.Жораў, Я.М.Мяшалкін і інш.).

На Беларусі сістэматычныя даследаванні па анестэзіялогіі пачаліся ў канцы 1950 — пач. 1960 г. у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Вывучаюцца праблемы эндатрахеяльнага наркозу, камбінаванай анестэзіі, асаблівасцяў абязбольвання пры розных хірург. умяшаннях. Распрацоўваюцца пытанні штучнай вентыляцыі лёгкіх, артэрыяльнай гіпатэнзіі, гіпа- і гіпертэрміі (В.К.Зубовіч, І.І.Канус, І.З.Кляўзунік, А.А.Плавінскі, У.У.Спас, І.З.Столкарц, П.В.Цэдрык і інш.). Створана служба анестэзіялогіі — рэаніматалогіі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі.

Літ.:

Бунятян А.А., Рябов Г.А.Маневич А.З. Анестезиология и реаниматология. 2 изд. М., 1984;

Руководство по анестезиологии. М., 1994.

І.І.Канус.

т. 1, с. 366

АНЕ́ТА

(Aneto),

Піка-дэ-Анета, самая высокая вяршыня Пірэнеяў, у Іспаніі. Выш. 3404 м. Размешчана ў гранітным масіве Маладзета. Снежнікі і невял. ледавікі.

т. 1, с. 366

АНЕЎПЛАІДЫ́Я

(ад ан... + грэч. eu добра, цалкам + ploos кратны + eidos від),

гетэраплаідыя, спадчынная змена, пры якой клеткі арганізма маюць колькасць храмасом, не кратную адзінарнаму (гаплоіднаму) набору. Адсутнасць у храмасомным наборы дыплоіда адной храмасомы наз. манасоміяй, дзвюх гамалагічных храмасом — нулісоміяй; наяўнасць дадатковай гамалагічнай храмасомы — трысоміяй. Арганізмы з анамальнай колькасцю храмасом наз. адпаведна манасомікамі, нулісомікамі, трысомікамі. Асн. механізм узнікнення анеўплаідыі — неразыходжанне і страта асобных храмасом у мітозе і меёзе. Анеўплаідыя звычайна прыводзіць да паніжэння жыццяздольнасці і нярэдка да гібелі анеўплоідаў, асабліва ў жывёл. Прыкладам анеўплаідыі ў чалавека з’яўляецца Даўна хвароба, якая выклікаецца трысаміяй па 21-й храмасоме. З дапамогай анеўплаідыі пры генет. аналізе вызначаюць лакалізацыю генаў у храмасомах.

т. 1, с. 366

АНЕЎРЫ́ЗМА

(ад грэч. aneurysma расшырэнне),

абмежаванае расшырэнне крывяноснага сасуда ці поласці сэрца пры станчэнні і выпучванні яго сценкі. Адрозніваюць анеўрызмы сапраўдныя, калі выпучваюцца ўсе слаі сценак, і несапраўдныя — анеўрызматычны мяшок фарміруецца пры сценцы пашкоджанага сасуда. Анеўрызма сасудаў (артэрыяльныя, вянозныя, артэрыявянозныя) і аорты з’яўляюцца ўскладненнямі атэрасклерозу, сіфілісу, раненняў і інш. хвароб. Анеўрызма сэрца ўзнікае пасля інфаркту ў сценцы левага жалудачка. Анеўрызмы могуць парушаць кровазабеспячэнне і сціскаць прылеглыя тканкі. Магчымы разрывы анеўрызмы і крывацёкі са смяротным зыходам. Лячэнне спецыяльнае (асн. хваробы) і хірургічнае (траўматычныя анеўрызмы).

т. 1, с. 366

АНЕ́ЦІ

(Onetti) Хуан Карлас (н. 1.7.1909, г. Мантэвідэо, Уругвай),

уругвайскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў новай лац.-амер. прозы. На пачатку творчасці зазнаў уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Аўтар зб-каў апавяданняў «Самае жахлівае пекла» (1962), «Сумная, як яна» (1963), аповесцяў «Калодзеж» (1939), «Для адной безыменнай магілы» (1959), раманаў «Нічыйная зямля» (1941), «Кароткае жыццё» (1950), «Верф» (1961), «Хунтакадаверэс» (1964), «Дадзім слова ветру» (1978), «У тыя часы» (1987) і інш. Паўфантастычныя сюжэтныя сітуацыі ў творах Анеці часам набываюць сімвалічнае гучанне; з глыбокім псіхалагізмам даследуе пачуццё бяссілля, прыгнечанасці, працэс разрыву герояў з рэчаіснасцю варожага свету. Прэмія М.Сервантэса (1980).

Тв.:

Obras completas Mexiko, 1970;

Рус. пер. — Короткая жизнь. Верфь: Романы;

Повести и рассказы. М., 1983.

Х.-К.Папок.

т. 1, с. 367