АНЕСТЭЗІЯЛО́ГІЯ

(ад ан... + грэч. aisthēsis пачуццё + ...логія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае праблемы абязбольвання, кіравання жыццёваважнымі функцыямі арганізма ў час хірургічнай аперацыі, а таксама перад пачаткам і пасля яе. Уключае рэаніматалогію і інтэнсіўную тэрапію.

Метады абязбольвання пачалі распрацоўвацца разам з хірургіяй яшчэ ў Стараж. Асірыі, Егіпце, Кітаі, Індыі і інш. краінах. Як абязбольвальныя сродкі выкарыстоўваліся настоі і адвары маку, індыйскіх канапель, мандрагоры, дурнап’яну. У сярэднявеччы абязбольванне дасягалася таксама сцісканнем сасудаў шыі або канечнасцяў, шчодрым кровапусканнем, ахаладжэннем тканак і інш. У 19 ст. адкрыты эфектыўныя спосабы абязбольвання. Англ. ўрач У.Мортан у 1846 правёў аперацыю пад эфірным наркозам, у 1844 амер. ўрач Х.Уэлс выкарыстаў закіс азоту пры выдаленні зуба. У 1847 шатландскі ўрач Дж.Сімпсан у якасці сродку для наркозу прапанаваў хлараформ. У Расіі эфірны і хлараформны наркоз увялі ў практыку М.І.Пірагоў і Ф.І.Іназемцаў (1847). Прынцыпова новым метадам анестэзіі было адкрыццё мясцоваанестэзоўнага дзеяння какаіну (рус. ўрач В.К.Анрэп, 1879; аўстр. Келер, 1884). З увядзеннем у практыку раствораў навакаіну пачало хутка развівацца мясц. абязбольванне: інфільтрацыйная, правадніковая і спіннамазгавая анестэзія (А.В.Вішнеўскі, С.С.Юдзін, І.С.Жораў, Я.М.Мяшалкін і інш.).

На Беларусі сістэматычныя даследаванні па анестэзіялогіі пачаліся ў канцы 1950 — пач. 1960 г. у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Вывучаюцца праблемы эндатрахеяльнага наркозу, камбінаванай анестэзіі, асаблівасцяў абязбольвання пры розных хірург. умяшаннях. Распрацоўваюцца пытанні штучнай вентыляцыі лёгкіх, артэрыяльнай гіпатэнзіі, гіпа- і гіпертэрміі (В.К.Зубовіч, І.І.Канус, І.З.Кляўзунік, А.А.Плавінскі, У.У.Спас, І.З.Столкарц, П.В.Цэдрык і інш.). Створана служба анестэзіялогіі — рэаніматалогіі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі.

Літ.:

Бунятян А.А., Рябов Г.А.Маневич А.З. Анестезиология и реаниматология. 2 изд. М., 1984;

Руководство по анестезиологии. М., 1994.

І.І.Канус.

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)