Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛІГАФРЭНІ́Я

(ад аліга... + грэч. phrēn розум),

разумовая недаразвітасць, прыроджаная ці набытая ў першыя гады жыцця дзіцяці. Прычыны: паталогія на ўзроўні генаў і храмасом, неспрыяльнае ўздзеянне экзагенна-арган. фактараў на мозг зародка, плода дзіцяці (алкагалізм бацькоў, таксікозы, асфіксія пры родах, нейраінфекцыі, чэрапна-мазгавыя траўмы і інш.). Найб. тыповыя прыкметы алігафрэніі — недаразвіццё абстрактна-лагічнага мыслення, зніжэнне памяці, малы запас слоў. Інтэлектуальная недастатковасць часта спалучаецца з заганамі развіцця органаў, сістэм, будовы цела. Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю, цяжкую і глыбокую алігафрэнію

Дзеці з лёгкай ступенню разумовай адсталасці (дэбільныя) у стане авалодаць праграмай дапаможнай школы, моўнымі навыкамі і нескладанымі прафесіямі; каэф. інтэлектуальнага развіцця 50—69 балаў. Да сярэдняй ступені разумовай адсталасці (імбецыльнасць) адносяцца дзеці з каэф. інтэлектуальнага развіцця 35—49 балаў, здольныя авалодаць толькі элементамі мовы і навыкамі самаабслугоўвання. Сістэматычная вучэбная і прац. дзейнасць недаступная. Дарослыя самастойна жыць не могуць. Пры цяжкай ступені разумовай адсталасці (каэф. інтэлектуальнага развіцця 20—34 балы) інтэлектуальная недастатковасць больш выяўлена, парушана маторыка, ёсць фіз. дэфекты. Хворыя з глыбокай разумовай адсталасцю (ідыятыя) не маюць вышэйшых псіх. функцый, мова не развіваецца, увага не засяроджваецца, рэакцыя рэзка зніжана; каэф. інтэлектуальнага развіцця ніжэй за 20 балаў. Патрабуюць пастаяннага догляду. Лячэнне алігафрэніі сімптаматычнае.

Ф.М.Гайдук.

т. 1, с. 255

АЛІГАХЕ́ТЫ,

гл. Малашчацінкавыя чэрві.

т. 1, с. 256

АЛІГАЦУКРЫ́ДЫ,

вугляводы, у малекулах якіх ад 2 да 10 монацукрыдных астаткаў, злучаных паміж сабой т.зв. гліказіднай сувяззю. Займаюць прамежкавае становішча паміж монацукрыдамі і поліцукрыдамі. Паводле ступені палімерызацыі падзяляюцца на ды-, тры-, тэтрацукрыды і г.д. У свабодным стане пашыраны ў жывых арганізмах, фрагменты ўваходзяць у склад прыродных глікаліпідаў, флаваноідаў, алкалоідаў, сапанінаў, некаторых антыбіётыкаў і інш. Найважнейшыя алігацукрыды — цукроза (трысняговы цукар), мальтоза (соладавы цукар), лактоза (малочны цукар). З інш. прыродных алігацукрыдаў найб. вядомы рафіноза (у цукр. бураках і інш. вышэйшых раслінах), мелецытоза (у соку хвойных дрэў), трэгалоза (гал. цукар гемалімфы многіх насякомых), цэлабіёза (асн. структурная адзінка цэлюлозы).

Атрымліваюць алігацукрыды ферментатыўным або частковым кіслотным гідролізам поліцукрыдаў; шэраг аналагаў сінтэзаваны штучна. Маюць важнае значэнне ў харчаванні чалавека (асабліва цукроза і лактоза). Зрэдку бывае непераноснасць арганізмам асобных відаў алігацукрыдаў, што абумоўлена прыроджанай адсутнасцю ў кішачным соку ферментаў, якія расшчапляюць алігацукрыды на монацукрыды (суправаджаецца захворваннямі, часам гібеллю арганізма).

т. 1, с. 256

АЛІГАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА),

алігацэн (ад аліга... + грэч. kainos новы), трэці, верхні аддзел палеагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале (гл. Геахраналогія); заключная эпоха палеагенавага перыяду геал. гісторыі Зямлі. Падзяляецца на ніжні і верхні пададдзелы. На Беларусі з адкладамі алігацэну звязаны радовішчы бурага вугалю, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глінаў, фармовачных і шкловых пяскоў, бурштыну.

т. 1, с. 256

АЛІГАЦЭНО́З

(ад аліга... + грэч. koinos агульны),

фітацэноз, у склад якога ўваходзіць толькі некалькі відаў вышэйшых раслін — прадуцэнтаў.

т. 1, с. 256

АЛІГАЭФІРАКРЫЛА́ТЫ,

поліэфіракрылаты, сінтэтычныя алігамеры, прадукты ўзаемадзеяння мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі к-тамі ў прысутнасці рэгулятараў росту макрамалекул (напр., акрылавыя к-ты). Бясколерныя вязкія вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Маюць высокую рэакцыйную здольнасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці шклапластыкаў, лакафарбавых матэрыялаў, клеяў, кампаўндаў, палімербетону, герметыкаў, друкарскіх формаў.

т. 1, с. 256

АЛІГЕ́Р Маргарыта Іосіфаўна

(7.10.1915, г. Адэса — 1.8.1992),

рус. паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя Горкага (1934—37). Першы зб. «Год нараджэння» (1938). Вершы і паэмы часоў Вял. Айч. вайны склалі кнігі «Памяці храбрых» (1942), «Лірыка» (1943), «Вершы і паэмы» (1944); за паэму «Зоя» Дзярж. прэмія СССР 1943. Аўтар зб-каў «Ленінскія горы» (1953), «Сіні час» (1970), «Чвэрць стагоддзя» (1981), кніг нарысаў «Вяртанне ў Чылі» (1966); успамінаў «Сцяжынка ў жыце. Пра паэзію і паэтаў» (1980). Асаблівасці паэзіі Алігер: строгасць верша і думкі, увага да духоўнага свету чалавека, жывыя размоўныя інтанацыі. Выдала кн. перакладаў «Вялізны свет» (1968).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984—85.

т. 1, с. 256

АЛІ́ЕВА Фазу Гамзатаўна

(н. 5.12.1932, с. Гінічутль Хунзахскага р-на, Дагестан),

аварская паэтэса. Нар. паэтэса Дагестана (1969). Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Піша на аварскай і рус. мовах. Лірыка Аліевай тэматычна і вобразна звязана з рэчаіснасцю, метафарычна перадае шматграннасць жыцця (зб-кі «Роднае сяло», 1959; «Вясёлку раздаю», 1963; «Васемнаццатая вясна», 1968; «Вочы дабра», 1983). Раманы «Камяк зямлі вецер не знясе» (1967), «Радавы герб» (1970), «Арол вострыць дзюбу аб камень» (1974), «Восьмы панядзелак» (1978) і інш. пра сучаснае жыццё Дагестана.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990.

т. 1, с. 256

АЛІ́ЕЎ Гейдар Алі Рза аглы

(н. 10.5.1923, г. Нахічэвань),

дзярж. і паліт. дзеяч Азербайджана. Двойчы Герой Сац. Працы (1979, 1983). Скончыў Азерб. ун-т. З 1941 у органах дзярж. бяспекі, СМ Нахічэванскай АССР. У 1950—64 у МДБ, МУС і КДБ Азерб. ССР; з 1967 старшыня КДБ пры СМ Азерб. ССР. З 1969 1-ы сакратар ЦК КП Азербайджана. У 1982—87 1-ы нам. старшыні СМ СССР. Чл. Палітбюро ЦК КПСС у 1982—87. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1970—87. З 3.10.1993 прэзідэнт Азербайджана.

т. 1, с. 256

Аліеў Ільхам

т. 18, кн. 1, с. 332