АЛІГАЦУКРЫ́ДЫ,
вугляводы, у малекулах якіх ад 2 да 10 монацукрыдных астаткаў, злучаных паміж сабой т.зв. гліказіднай сувяззю. Займаюць прамежкавае становішча паміж монацукрыдамі і поліцукрыдамі. Паводле ступені палімерызацыі падзяляюцца на ды-, тры-, тэтрацукрыды і г.д. У свабодным стане пашыраны ў жывых арганізмах, фрагменты ўваходзяць у склад прыродных глікаліпідаў, флаваноідаў, алкалоідаў, сапанінаў, некаторых антыбіётыкаў і інш. Найважнейшыя алігацукрыды — цукроза (трысняговы цукар), мальтоза (соладавы цукар), лактоза (малочны цукар). З інш. прыродных алігацукрыдаў найб. вядомы рафіноза (у цукр. бураках і інш. вышэйшых раслінах), мелецытоза (у соку хвойных дрэў), трэгалоза (гал. цукар гемалімфы многіх насякомых), цэлабіёза (асн. структурная адзінка цэлюлозы).
Атрымліваюць алігацукрыды ферментатыўным або частковым кіслотным гідролізам поліцукрыдаў; шэраг аналагаў сінтэзаваны штучна. Маюць важнае значэнне ў харчаванні чалавека (асабліва цукроза і лактоза). Зрэдку бывае непераноснасць арганізмам асобных відаў алігацукрыдаў, што абумоўлена прыроджанай адсутнасцю ў кішачным соку ферментаў, якія расшчапляюць алігацукрыды на монацукрыды (суправаджаецца захворваннямі, часам гібеллю арганізма).
т. 1, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)