АЛІГАФРЭНАПСІХАЛО́ГІЯ (ад аліга... + грэч. phrēn розум + псіхалогія),

раздзел спец. псіхалогіі, які вывучае псіхічнае развіццё і магчымасць яго карэкцыі ў дзяцей з інтэлектуальнымі недахопамі, распрацоўвае метады і прыёмы выхавання і навучання такіх дзяцей. Даныя алігафрэнапсіхалогіі выкарыстоўваюць у алігафрэнапедагогіцы. На Беларусі пытанні алігафрэнапсіхалогіі распрацоўваюць у Бел. пед. ун-це, Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследаваны асаблівасці мыслення (Т.​А.​Працко), моўнай дзейнасці (К.​Г.​Ярмілава, Л.​Г.​Алексіна) разумова адсталых дзяцей, выяўленчай дзейнасці вучняў дапаможных школ (З.​А.​Апацкая), псіхал. структура затрымкі псіхічнага развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту (А.​С.​Сляповіч).

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)