АБЕРТО́Н
(ням. Oberton),
1) у фізіцы, простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання (мех., эл.) з частатой, вышэйшай за асноўную. Любое перыяд. ваганне выяўляецца як сума асн. тону і абертону. Амплітуда і частата абертону вызначаюцца ўласцівасцямі вагальнай сістэмы і спосабам яе ўзбуджэння. Абертоны з частотамі, кратнымі частаце асн. вагання, наз. гарманічнымі, інш. — негарманічнымі (уласцівыя гукам сірэн, шумам). Ад сукупнасці частот асн. вагання і абертону залежыць тэмбр гуку.
2) У муз. акустыцы гарманічныя абертоны, размешчаныя ва ўзыходным парадку, утвараюць натуральны гукарад. У комплексе з асн. тонам яны складаюць муз. гук і, хоць гучаць слабей за асн. тон і на слых не распазнаюцца, надаюць яму пэўную афарбоўку.
т. 1, с. 21
АБЕ́ЧАК,
1) канічны або цыліндрычны барабан без днішча з ліставога матэрыялу; загатоўка для катлоў, рэзервуараў і інш. ліставых металаканструкцый.
2) Лубяны абадок у рэшаце, сіце.
т. 1, с. 21
АБЕШЭ́
(Abéché),
горад на У Чала. Адм. ц. прэфектуры Вадаі. 83 тыс. ж. (1988). Вузел шашэйных дарог. Аэрапорт. Цэнтр жывёлагадоўчага раёна (пераважна буйн. раг. жывёла). Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі.
т. 1, с. 21