Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСТРАБІЯЛО́ГІЯ,

гл. ў арт. Касмічная біялогія.

т. 2, с. 47

АСТРАБЛЕ́МА

(ад астра... + грэч. blēma рана),

замкнёнае кольцападобнае ўтварэнне на паверхні Зямлі або інш. нябеснага цела, што ўзнікла ў выніку падзення вял. метэарыта ці астэроіда. На Зямлі вядома каля 100 астраблемаў, у Еўропе больш за 30. Найб. даступныя для назірання астраблемы — Арызонскі кратэр (ЗША) дыяметрам 1200 м, глыб. 175 м і выш. 40 м (адносна гарызантальнай паверхні). На тэр. Беларусі знаходзіцца Лагойская астраблема.

т. 2, с. 47

АСТРАВЕ́Ц,

гарадскі пасёлак на Беларусі, у Гродзенскай вобл., на р. Лоша. Цэнтр Астравецкага р-на. За 250 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гудагай на лініі Маладзечна—Вільнюс. Аўтадарогай злучаны з Ашмянамі. 8,9 тыс. ж. (1995).

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1468 у складзе Віленскага ваяв. Належаў Гаштольдам, Карыцкім, Корсакам, у 19 ст. Кастравіцкім, Сыцянкам. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Віленскім, потым Ашмянскім пав. У 1886 мястэчка, 176 ж., 22 двары, млын, цагельня, бровар, тартак, майстэрня дрэнажных трубаў. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр раёна. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. З 25.4.1958 гар. пасёлак.

Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: Казьмадзям’янаўскі (1787) і Георгіеўскі (1911) касцёлы.

т. 2, с. 47

АСТРАВЕ́ЦКІ РАЁН,

у Беларусі, на ПнУ Гродзенскай вобласці. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 31,0 тыс. чал. (1995); сярэдняя шчыльн. 19 чал./км², гарадскога 29%. Цэнтр — г.п. Астравец, 402 сельскія нас. пункты. 9 сельсаветаў: Астравецкі, Варнянскі, Гервяцкі, Гудагайскі, Кемелішкаўскі, Міхалішкаўскі, Падольскі, Спондаўскі, Трокеніцкі.

Большая частка раёна ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны і паўд.-зах. ч. Ашмянскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 140—180 м, найвыш. пункт 301 м (за 6 км на З ад в. Трокенікі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,9 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетацыйны перыяд 189 дзён. Рэкі: Вілія з прытокамі Ашмянка, Страча, Сарачанка, Газоўка, Балошынка. На Пн Сарачанская група азёраў, найб. Тумскае, Вераб’і, Каймін, Туравейскае. Вадасховішчы Альхоўскае і Янаўскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Пад лясамі 46,6% тэр. раёна, найб. масівы на З і Пн; пераважаюць хвойныя пароды, трапляюцца драбналістыя (бяроза, асіна, вольха).

Агульная пасяўная пл. 64,8 тыс. га, з іх асушана 13,8 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 15 калгасаў і 1 саўгас. Развіты малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавыя культуры, бульбу; з тэхнічных — лён-даўгунец і цукр. буракі. Агародніцтва. Пчалярства. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць сухога абястлушчанага малака, масла), дрэваапр. (кардон, піламатэрыялы) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (кафля, цэгла). Торфапрадпрыемствы. Янаўская ГЭС. Раён перасякаюць чыгункі Маладзечна—Вільнюс, аўтадарога Полацк—Вільнюс. У раёне 12 сярэдніх, 12 базавых і 16 пачатковых школ, муз. школа, 22 дашкольныя ўстановы, 39 бібліятэк, 5 бальнічных устаноў, 24 фельчарска-акушэрскія пункты. Помнікі прыроды — геал. агаленне Камарышкі, Варнянскі парк. Помнікі архітэктуры: Міхайлаўскі касцёл (1663) у в. Міхалішкі, Георгіеўскі касцёл (19 ст.) у в. Варона, арх. ансамбль (18—19 ст.) у в. Варняны. Выдаецца раённая газ. «Астравецкая праўда».

К.Р.Кірыенка.

т. 2, с. 47

АСТРАВІ́ТА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнуйка, за 30 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,48 км², даўж. 0,65 км, найб. шыр. 0,25 км. Пл. вадазбору 18,1 км². Дно выслана гліністымі глеямі. Зарастае.

т. 2, с. 48

АСТРАВІ́ТА,

возера ў Беларусі, у Віцебскім раёне, у бас. р. Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,38 км², даўж. 0,84 км, найб. шыр. 0,79 км, найб. глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі 28 км. Пл. вадазбору 1,4 км².

Схілы катлавіны выш. 7—8 м, на У да 20 м, стромкія, пад лесам. На З невял. ўчастак сплавінных берагоў і забалочаная пойма. Дно плоскае, прыбярэжная частка пясчаная, глыбей за 1,5 м выслана глеямі. Каля паўд. берага 2 астравы агульнай пл. 0,3 га.

т. 2, с. 48

АСТРАВІ́ТА,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,35 км², даўж. 1,22 км, найб. шыр. 0,5 км, найб. глыб. 7,7 м. Пл. вадазбору 6,85 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя. Берагі пясчаныя, на Пн і З сплавінныя. 3 астравы агульнай пл. 2 га. Злучана ручаямі з азёрамі Плацішна і Плесна.

т. 2, с. 48

АСТРАВІ́ТЫ,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 16 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 0,41 км, даўж. 1,15 км, найб. шыр. 0,64 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 3,8 км. Пл. вадазбору 2,5 км².

Схілы катлавіны выш. 5—10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, і тарфяністыя, на У зліваюцца са схіламі, параслі хмызняком. Дно плоскае, амаль усё выслана сапрапелямі, каля ўсх. і паўд.-ўсх. берагоў вузкая пясчаная паласа. Зарастае.

т. 2, с. 48

АСТРАВІ́ЦЯНАЎ Канстанцін Васілевіч

(30.5.1892, с. Бычкі Тамбоўскай губ., Расія — 9.2.1969),

савецкі вучоны-эканаміст і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1953), правадз. чл. Чэхаславацкай АН (1957). Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). З 1922 на выкладчыцкай і н.-д. рабоце у Камакадэміі, ВПШ і Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У 1947—53 дырэктар Ін-та эканомікі АН СССР. У 1948—54 гал. рэдактар час. «Вопросы экономики». У 1953—62 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Працы па палітэканоміі капіталізму і сацыялізму.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1972—73.

т. 2, с. 48

АСТРАВО́Й Сяргей Рыгоравіч

(н. 6.9.1911, г. Новасібірск),

рускі паэт. Друкуецца з 1934. У зб-ках «Я ў Расіі народжаны» (1956), «Я люблю» (1962), «Вера, Надзея, Любоў» (1971), «Гады... Новая лірыка» (1981), «...А песня ходзіць на вайну» (1984), «Пра цябе...» (1991) і інш. вершы пра Радзіму, прыроду, ваен. гады, складаны цяперашні час. Аўтар паэм «Сын Расіі» (1942), «Маці» (1961), «Балада пра каханне» (1962) і інш., кніг для дзяцей, тэкстаў песень. Для лірыкі Астравога ўласцівыя публіцыстычнасць і грамадзянскасць.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1985—86.

т. 2, с. 48