АСТРАВЕ́Ц,
гарадскі пасёлак на Беларусі, у Гродзенскай вобл., на р. Лоша. Цэнтр Астравецкага р-на. За 250 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гудагай на лініі Маладзечна—Вільнюс. Аўтадарогай злучаны з Ашмянамі. 8,9 тыс. ж. (1995).
Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1468 у складзе Віленскага ваяв. Належаў Гаштольдам, Карыцкім, Корсакам, у 19 ст. Кастравіцкім, Сыцянкам. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Віленскім, потым Ашмянскім пав. У 1886 мястэчка, 176 ж., 22 двары, млын, цагельня, бровар, тартак, майстэрня дрэнажных трубаў. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр раёна. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. З 25.4.1958 гар. пасёлак.
Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: Казьмадзям’янаўскі (1787) і Георгіеўскі (1911) касцёлы.
т. 2, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)