АЛІ́ЕВА Фазу Гамзатаўна
(н. 5.12.1932, с. Гінічутль Хунзахскага р-на, Дагестан),
аварская паэтэса. Нар. паэтэса Дагестана (1969). Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Піша на аварскай і рус. мовах. Лірыка Аліевай тэматычна і вобразна звязана з рэчаіснасцю, метафарычна перадае шматграннасць жыцця (зб-кі «Роднае сяло», 1959; «Вясёлку раздаю», 1963; «Васемнаццатая вясна», 1968; «Вочы дабра», 1983). Раманы «Камяк зямлі вецер не знясе» (1967), «Радавы герб» (1970), «Арол вострыць дзюбу аб камень» (1974), «Восьмы панядзелак» (1978) і інш. пра сучаснае жыццё Дагестана.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990.
т. 1, с. 256
АЛІ́ЕЎ Гейдар Алі Рза аглы
(н. 10.5.1923, г. Нахічэвань),
дзярж. і паліт. дзеяч Азербайджана. Двойчы Герой Сац. Працы (1979, 1983). Скончыў Азерб. ун-т. З 1941 у органах дзярж. бяспекі, СМ Нахічэванскай АССР. У 1950—64 у МДБ, МУС і КДБ Азерб. ССР; з 1967 старшыня КДБ пры СМ Азерб. ССР. З 1969 1-ы сакратар ЦК КП Азербайджана. У 1982—87 1-ы нам. старшыні СМ СССР. Чл. Палітбюро ЦК КПСС у 1982—87. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1970—87. З 3.10.1993 прэзідэнт Азербайджана.
т. 1, с. 256
АЛІЗАРО́ЎСКІ Аарон
(Адам, Аляксандр, 1618, Віцебшчына — 1659),
правазнавец, палітолаг, сацыёлаг. Вучыўся ў навуч. установах Беларусі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Д-р права (1645), праф. Віленскай акадэміі. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў свецкага кірунку ў сацыялагічнай і палітыка-прававой думцы Беларусі 17 ст. У працы «Аб палітычнай супольнасці людзей» (Гданьск, 1651) насуперак сярэдневяковым традыцыям, тэалагічным тэорыям пра дзяржаву і права разглядаў з’явы грамадскага жыцця з пункту гледжання прыроды чалавека і патрабаванняў чалавечага розуму, крытыкаваў паднявольную працу і прыгнёт сялян, заклікаў да грамадскакарыснай працы.
т. 1, с. 256
АЛІЗАРЫ́Н,
1, 2-дыгідраксіантрахінон, араматычнае злучэнне, C14H8O4. Мал. м. 240, 20; фарбавальнік. Аранжава-чырвоныя крышталі, tпл 289 °C, маларастваральныя ў вадзе. Здабываўся з кораня марэны, у 1869 атрыманы штучна з антрацэну. Нерастваральныя ў вадзе солі алізарыну з многавалентнымі металамі выкарыстоўваліся для фарбавання і друкавання на тканінах з натуральных валокнаў (соль алюмінію — для атрымання чырвонага колеру, хрому — карычневага, жалеза — фіялетавага). Выкарыстоўваецца для маст. і паліграфічных фарбаў; аналітычны рэагент у хім. аналізе.
т. 1, с. 256
АЛІКА́НТЭ
(Alicante),
горад на ПдУ Іспаніі, у аўт. вобласці Валенсія. Адм. цэнтр правінцыі Алікантэ. 268 тыс. ж. (1990). Порт на Міжземным м. Лёгкая і харч. прам-сць. Цэнтр раёна субтрапічнага пладаводства (вінаградарства і інш.). Кліматычны курорт. Сярэдневяковы замак Санта-Барбара, ратуша і інш. арх. помнікі 17—18 ст.
т. 1, с. 256
АЛІЛУ́ЕВЫ,
сям’я рас. рэвалюцыянераў і сав. паліт. дзеячаў. Сяргей Якаўлевіч (25.9.1866, с. Рамані Новахапёрскага р-на Варонежскай вобл. — 27.7.1945), адзін з першых рас. сацыял-дэмакратаў (з 1896) і актывістаў камуніст. партыі. Ўдзельнік трох рас. рэвалюцый. У гады грамадз. вайны на падп. рабоце на Украіне і ў Крыме. З 1921 на кіруючых гасп. пасадах. Надзея Сяргееўна (вер. 1901, Баку — 9.11.1932), удзельніца Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. Дачка Сяргея Якаўлевіча. Жонка І.В.Сталіна. Не падзяляла многіх поглядаў мужа. Наконт яе смерці (самагубства) існуюць розныя версіі. Дачка Сталіна і Надзеі Сяргееўны Святлана Іосіфаўна (н. 28.2.1926, Масква) з 1967 у эміграцыі, жыве ў Англіі. Аўтар успамінаў «Дваццаць пісьмаў да сябра» (1990), «Далёкая музыка» (1992).
т. 1, с. 256
АЛІЛУ́Я
(ад стараж.-яўр. халелуя хваліце Бога),
у хрысціянскім богаслужэнні прыпеў царк. песнапення, ва іудаізме заклік да ўхвалення Бога. Часта трапляецца ў псалмах Давіда, Старым і Новым Запаветах.
т. 1, с. 256
АЛІМДЖА́Н ХАМІ́Д
(сапр. Азімаў Хамід Алімджанавіч; 12.12.1909, г. Джызак, Узбекістан — 3.7.1944),
узбекскі пісьменнік. Чл.-кар. АН Узбекістана (1943). У 1928—31 вучыўся ў Узб. пед. акадэміі ў Самаркандзе. Пад уплывам У.Маякоўскага распрацоўваў ва узб. паэзіі новыя паэт. формы (зб-кі вершаў «Вясна», 1929; «Ранішні ветрык», 1930; «Ноч на рацэ», 1936; «Край», 1939; паэмы «Айгуль і Бахціяр», «Зайнаб і Аман», абедзве 1938; «Шчасце», 1940). Патрыятычнасцю, актуальнасцю адметныя творы перыяду Вял. Айч. вайны (зб. «Вазьмі зброю ў рукі!» і «Маці і сын», 1942; «Вера», 1943; гіст. драма «Мукана», 1943; паэма «Слёзы Раксаны», 1944). Аўтар прац па праблемах узб. класічнай і сучаснай л-ры, яе ўзаемасувязях з фальклорам і інш. л-рамі.
Тв.:
Бел. пер. — у зб.: Спявае Узбекістан. Мн., 1962;
Сонца ў арыках. Мн., 1966;
Рус. пер. — Избранное. М., 1979.
т. 1, с. 256
АЛІМЕНТА́ЦЫЯ
(ад лац. alimentum харчаванне, утрыманне),
у Стараж. Рыме сістэма дзярж. дапамогі дзецям беднякоў і сіротам. Уведзена імператарам Нервам у канцы 1 ст., існавала да сярэдзіны 3 ст. н.э. Аліментацыйны фонд складваўся з працэнтаў, атрыманых ад землеўладальнікаў за выдачу ім дзярж. пазык.
т. 1, с. 257