АЛІЗАРО́ЎСКІ Аарон
(Адам, Аляксандр, 1618, Віцебшчына — 1659),
правазнавец, палітолаг, сацыёлаг. Вучыўся ў навуч. установах Беларусі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Д-р права (1645), праф. Віленскай акадэміі. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў свецкага кірунку ў сацыялагічнай і палітыка-прававой думцы Беларусі 17 ст. У працы «Аб палітычнай супольнасці людзей» (Гданьск, 1651) насуперак сярэдневяковым традыцыям, тэалагічным тэорыям пра дзяржаву і права разглядаў з’явы грамадскага жыцця з пункту гледжання прыроды чалавека і патрабаванняў чалавечага розуму, крытыкаваў паднявольную працу і прыгнёт сялян, заклікаў да грамадскакарыснай працы.
т. 1, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)