АНДРАГЕ́НЫ
[ад грэч. anër (andros) мужчына + ген(ы)],
мужчынскія палавыя гармоны пазваночных. Складаюцца з вытворных халестэрыну — тэстастэрону і андрастэрону. Па хім. будове — стэроіды.
У мужчынскім арганізме ўтвараюцца семяннікамі і коркавым слоем наднырачнікаў, у жаночым — коркавым слоем наднырачнікаў і часткова яечнікамі. Забяспечваюць развіццё мужчынскіх палавых органаў, другасных палавых адзнак, мышачнай сістэмы, ствараюць станоўчы баланс бялкоў. Утварэнне андрагенаў залежыць ад ганадатропнай функцыі гіпофіза, якая кантралюецца ц. н. с. Выкарыстоўваюць у медыцыне пры парушэннях палавой функцыі, у клімактэрычны перыяд, таксама ў жывёлагадоўлі. Андрагены знойдзены ў ганадах многіх беспазваночных і ў насенні некаторых раслін.
т. 1, с. 355
АНДРАДЫ́Т,
мінерал групы гранатаў, Ca3Fe2[SiO4]3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае крышталі, зярністыя масы. Колер жоўты, зялёны, чырванавата- або жаўтавата-карычневы, карычневы або чорны. Бляск шкляны, алмазападобны. Цв. 6—7,5. Шчыльн. 3,86 г/см³. Кантактна-метасаматычнага паходжання. Тыповы мінерал вапняковых метамарфізаваных асадкавых парод, скарнаў, вулканічных парод і россыпаў. Абразіўны матэрыял.
т. 1, с. 355
АНДРАЕ́ВІЧ-КУН
(Andrejević-Kun) Джорджа (31.3.1904, г. Вроцлаў — 17.1.1964),
сербскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Бялградзе (1920—25), Венецыі, Рыме і Парыжы. Заснавальнік сац.-крытычнага кірунку ў сербскім мастацтве 1930-х г. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39, у 1941—45 — нац.-вызв. барацьбы ў Югаславіі. Аўтар станковых кампазіцый «Маці» (1937), «Калона» (1946), «У Парыжы» (1950), цыкла гравюр па дрэве «Крывавае золата» (1934), «За свабоду» (1937) і інш.
т. 1, с. 355
АНДРАЙКЕ́ВІЧ Ян Андрэй Гінтоўскі
(1599 ці 1609—1674),
бел. і польскі пісьменнік, педагог, царкоўны дзеяч. Са шляхецкага роду Андрайкевічаў герба «Побуг» Ваўкавыскага пав. Быў рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума. Аўтар «Мемарыяла бессмяротнай памяці...» (Вільня, 1667), дзе змешчаны партрэты і гербы Сапегаў, а таксама твора «Гарчычнае зерне горкай пакуты... Хрыста...» (Вільня, 1673), перавыдадзенага ў Вільні (1688, 1757), Замосці (1701), Калішы (1746, 1756), Кракаве (1881); у 1719 перакладзены на ням. мову. У.Г.Кароткі.
т. 1, с. 355
АНДРАЙКО́ВІЧ
(Бутаўт-Андрайковіч) Стафан Аляксандравіч (1861, Гродзенская губ. — ?),
рэвалюцыянер. Вучыўся ў Гродзенскай, Віцебскай і 2-й Пецярбургскай гімназіях. З 1881 чл. рэв. групы ў Пецярбургу. Пасля яе ўваходжання ў 1883 на правах рабочай групы партыі «Народная воля» ў Пецярбургскую нарадавольніцкую арг-цыю загадваў (пад псеўд. Уладзімір Бажэнаў) «лятучай друкарняй». Быў звязаны з пецярбургскім гуртком «Агніска» («Ognisko») — філіялам польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У 1883 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1899 жыў у Гродне.
т. 1, с. 355
АНДРАМА́ХА,
у грэчаскай міфалогіі жонка Гектара. Пасля гібелі мужа, узяцця Троі і падзелу здабычы ахейцамі Анрамаха дасталася сыну Ахіла Неапталему, якому нарадзіла 3 сыноў. Пасля яго смерці стала жонкай Гелена, брата Гектара. Да міфа аб Андрамасе звярталіся ў л-ры Гамер, Эўрыпід, Ж.Расін, у жывапісе Дж.Цьепала, Ж.Давід і інш.
т. 1, с. 355
АНДРАМЕ́ДА,
у грэчаскай міфалогіі дачка эфіопскага цара Кефея і Касіяпеі. Калі Пасейдон з нерэідамі наслалі на Эфіопію пачвару і навадненне, бацька прынёс Андрамеду ў ахвяру. Персей забіў пачвару, выратаваў Андрамеду і ажаніўся з ёю. Пасля яны ператварыліся ў сузор’і. Тэма выратавання Андрамеды адлюстравана ў л-ры (Лопэ дэ Вэга, Г.Сакс, П.Кальдэрон) і выяўл. мастацтве (малюнкі на ант. вазах, фрэскі ў Пампеі, палотны Тыцыяна, Рубенса, Рэмбранта і інш.).
т. 1, с. 355
АНДРАМЕ́ДА
(лац. Andromeda),
сузор’е Паўн. паўшар’я. У Андрамедзе 3 зоркі 2-й зорнай велічыні і спіральная галактыка (гл. Андрамеды туманнасць). Найлепшыя ўмовы бачнасці ў вер.—кастрычніку. Гл. таксама Зорнае неба.
т. 1, с. 356
АНДРАМЕДЫ́ДЫ,
біэліды, метэорны паток з радыянтам у сузор’і Андрамеды. Звязаны з распадам Біэлы каметы. У 1741, 1872 і 1885 назіраліся метэорныя дажджы Андрамедыды. У выніку ўздзеяння Юпітэра на арбіту Андрамедыды ў 20 ст. колькасць метэарытаў у патоку значна зменшылася.
т. 1, с. 356