Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭ́МА (грэч. thema тое, што пакладзена ў аснову),

1) у літаратуры — галоўная думка, праблема літ. твора, пастаўленая пісьменнікам. Выбар Т. абумоўлены жыццёвым вопытам, грамадскімі і асабістымі інтарэсамі, маст. густам, светапоглядам, пазіцыяй пісьменніка. З Т. звязана ідэя маст. твора. Раскрываецца пры дапамозе сюжэта, які падпарадкоўваецца гал. Т. твора. Напр., Т. зямлі, якая спрадвеку ўвасабляла для селяніна волю і шчасце, праходзіць праз усю паэму Я.​Коласа «Новая зямля» і аб’ядноўвае ўсе сюжэтныя лініі. У творы могуць быць пабочныя Т., якія разам з галоўнай складаюць тэматыку твора (у трылогіі «На ростанях» Я.​Коласа, побач з Т. чалавек і нацыя, становішча бел. народа ў Расійскай імперыі, жыццё розных слаёў бел. грамадства і г.д., выразна прасочваецца гал. Т. — народ і інтэлігенцыя, пошукі апошняй шляхоў духоўнага абуджэння). Існуюць т.зв. «вечныя Т.» — каханне, смерць, сэнс жыцця, — якія ў розныя часы і рознымі аўтарамі вырашаліся па-рознаму Вял. значэнне для твора мае актуальнасць узнятай Т. 2) У выяўленчым мастацтве аб’ект выяўлення, жыццёвыя з’явы, праблемы і прынцыпы, пакладзеныя ў аснову маст. твора; асн. прынцып утварэння жанраў (бытавы жанр, гістарычны жанр, нацюрморт, партрэт, пейзаж). Т. канкрэтызуецца ў сюжэце і выяўл. матывах, у ідэі твора, змесце творчасці і светаўспрыманні мастака. Пастаяннае кола Т. ў мастацтве пэўнай эпохі, кірунку, стылю, у творчасці мастака наз. тэматыкай. У мастацтвазнаўстве бытуюць паняцці тэматычнай кампазіцыі (у манум. жывапісе, у скульптуры і графіцы) і сюжэтна-тэматычнай карціны, звязаныя з іерархіяй Т. (гісторыка-рэв., батальная, быт. і інш.).

3) У музыцы — пабудова, што ляжыць у аснове муз. твора ці яго часткі, у якой увасабляецца гал. ідэя твора. Выяўляецца з дапамогай відазменных паўтораў, варыяцыйных і варыянтных пераўтварэнняў, матыўнай распрацоўкі санатнага тыпу. Т. мае дваістую прыроду: з аднаго боку, гэта маст. вобраз у драматургіі музычнай, з другога — спецыфічна арганізаваная пабудова, якая выконвае кампазіцыйную функцыю. Класічным Т. уласцівы пэўны характар (лірычны, драм., эпічны), жанравыя (танц., маршавыя, харальныя, песенныя) і стылявыя асаблівасці. Змест твора вызначаецца драматургіяй муз. твора, якая складаецца з Т. ці групы Т., а таксама засн. на трансфармацыі адной Т. (гл. Монатэматызм).

Тэрмін вядомы з 16 ст. Традыц. носьбітам Т. з’яўляецца аднагалосая мелодыя (у фузе) ці мелодыя з усімі галасамі суправаджэння (у гамафонных формах, гл. Гамафонія). З сярэдзіны 19 ст. ў гамафоннай музыцы побач з Т. класічнага тыпу пашыраюцца кароткія Т. (гл. Лейтматыў) і т.зв. бясконцая мелодыя (непарыўнае меладычнае разгортванне без выразнага вылучэння Т.). У музыцы 20 ст. ролю Т. выконваюць таксама рытм, тэмбр, фактура, гармонія і інш.

У бел. прафес. музыцы, якая развіваецца на аснове класічных традыцый, Т. — вызначальны фактар зместу муз. твора. Багацце бел. нар. песень адлюстравана ў разнастайнасці муз. Т., блізкіх да фальклору, і ў апрацоўках нар. мелодый. Меладычнасць, напеўнасць, эмац. адкрытасць і глыбіня пачуццяў — гал. рысы лепшых муз. Т. у жанры масавай песні.

Літ.:

Валькова В. К вопросу о понятии «музыкальная тема» // Муэыкальное искусство и наука. М., 1978. Вып. 3;

Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;

Назайкинский Е.В. Логика музыкальной композиции. М., 1982.

Т.​І.​Шамякіна (літаратура), С.​У.​Пешын (выяўленчае мастацтва), Р.​Р.​Каленька (музыка).

т. 16, с. 123

ТЭ́МА (Tema),

горад на ПдУ Ганы, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Каля 150 тыс. ж. (2001). Уваходзіць у агламерацыю сталіцы краіны г. Акра. Марскі порт, вузел аўтадарог. Прам-сць; нафтаперапр., алюмініевая, хім., цэм., тэкст., харчовая. Цэнтр рыбалоўства.

т. 16, с. 124

ТЭМБР (франц. timbre ад грэч. tympanon барабан) у музыцы, гукавая афарбоўка, уласцівая пэўнаму муз. інструменту або пеўчаму голасу; найважнейшая характарыстыка гуку музычнага (побач з вышынёй, гучнасцю і працягласцю). Тэмбравыя адрозненні (пры аднолькавай вышыні і моцы) узнікаюць у залежнасці ад матэрыялу і формы вібратара, умоў, у якіх атрымліваюцца акустычныя ваганні; на практыцы прадвызначаецца разнастайнасцю інструментаў, на інструменце — спосабамі гуказдабывання. Слухач успрымае Т. пераважна асацыятыўна (гукі яркія, цёплыя, халодныя, глыбокія, мяккія, насычаныя і інш.). Т. — важны сродак муз. выразнасці Пры яго дапамозе можна вылучыць кампанент муз. цэлага, узмацніць ці аслабіць кантрасты, падкрэсліць падабенствы ці адрозненні ў працэсе развіцця муз. твора і інш. Пошукі новых Т. і іх спалучэнняў працягваюцца; ствараюцца электрамуз. інструменты, сінтэзатары гукаў. Асобым кірункам у выкарыстанні Т. з’яўляецца санорыка.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 16, с. 124

ТЭ́МЗА (Thames),

найбольшая рака ў Вялікабрытаніі. Даўж. 346 км, пл. бас. 15,3 тыс. км². Вытокі на ўзв. Котсуалд-Хілс, цячэ пераважна ў межах Лонданскага бас., упадае ў Паўночнае м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 260 м³/с, павышаная воднасць зімой. На нізоўе Т. ўплываюць марскія прылівы. Суднаходная; марскія судны падымаюцца на 64 км (да Лондана). Т. злучана каналамі з Брыстольскім зал. і Ірландскім морам. На Т. — гарады Оксфард, Рэдынг, Лондан (працягваецца ўздоўж Т. і яе эстуарыя прыблізна на 60 км).

т. 16, с. 124

ТЭ́МІН (Temin) Хоўард Марцін (10.12.1934, г. Філадэльфія, ЗША — 1994),

амерыканскі вучоны ў галіне вірусалогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1974), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў каледж у Суартмарэ (1955). З 1959 д-р філасофіі ў Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. З 1969 праф. анкалогіі ва ун-це г. Мадысан. Навук. працы па механізмах узаемадзеяння анкагенных вірусаў з клеткай. Адкрыў вірусны фермент (зваротную транскрыптазу), які забяспечвае сінтэз ДНК на матрыцы РНК у працэсе перадачы генет. інфармацыі (1970). Даказаў, што ўключэнне вірусных геномаў у клетачны генатып прыводзіць да ператварэння нармальнай клеткі ў ракавую. Сфармуляваў тэорыю правіруса (1970). Нобелеўская прэмія 1975 (з Д.Балтымарам і Р.Дульбека).

В.​Ф.​Ермакоў.

Х.М.Тэмін.

т. 16, с. 124

ТЭМІРТА́У,

горад у Казахстане, у Карагандзінскай вобл. Горад з 1945, да гэтага пас. Самаркандскі. Каля 300 тыс. ж (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр чорнай металургіі і хіміі; Карагандзінскі металургічны камбінат, ВА «Карбід»; з-ды сінт. каўчуку, ліцейна-механічны. Прадпрыемствы харч. прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Тэатр

т. 16, с. 124

ТЭМП (італьян. tempo ад лац. tempus час),

ступень хуткасці ў ажыццяўленні чаго-н., у выкананні якой-н. справы. Т. у спорце — пэўная частата паўтору раўнамерных рухаў пры выкананні фіз. практыкавання.

т. 16, с. 124

ТЭМП у музыцы,

хуткасць выканання, выражаная ў частаце чаргавання метрычных доляў. Абазначаецца тэрміналагічна ці метранамічна і спалучэннем тэрміналагічных і метранамічных паказчыкаў. З 17 ст. Т. пазначаецца спец. італьян. тэрмінамі. Асн. з іх: павольныя Т. (grave, largo, adagio, lento), умераныя (andante, moderato); хуткія (animato, allegro, vivo, presto). Т. цесна звязаны з характарам, стылем, жанрам муз. твора, з усімі элементамі муз. формы, залежыць таксама ад выканаўцы (яго індывідуальнасці, муз. вопыту, традыцый выканання). Некат. жанры характарызуюцца акрэсленым Т. (вальс, марш). Для дакладнага вымярэння Т. служыць метраном.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 16, с. 124

ТЭ́МПЕРА (італьян. tempera ад temperare змешваць фарбы),

жывапіс фарбамі, у якіх сувязным рэчывам з’яўляюцца натуральныя (яйцо ці толькі яго жаўток, сокі раслін) або штучныя (водны раствор клею з алеем, алейным лакам і г.д.) эмульсіі. Вядома ў Стараж. Егіпце; у мастацтве сярэдневякоўя была асн. тэхнікай станковага (гл. Іканапіс), часам манум. жывапісу. На Беларусі ў 15—18 ст. яечнай Т. на дошках малявалі абразы, выкарыстоўвалі ў аздабленні драўлянай скульптуры, твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва (царскія вароты і інш.). У сучасным мастацтве выкарыстоўваецца для стварэння станковых і дэкар. работ.

т. 16, с. 124

ТЭМПЕРА́МЕНТ (ад лац. temperamentum належныя суадносіны частак, суразмернасць),

характарыстыка індывіда з боку яго дынамічных асаблівасцей: інтэнсіўнасці, хуткасці, тэмпу і рытму псіхічных працэсаў і станаў. Актыўнасць і эмацыянальнасць — кампаненты, якія прысутнічаюць у большасці класіфікацый і тэорый Т. Актыўнасць паводзін характарызуе ступень энергічнасці, імклівасці, хуткасці, а таксама маруднасці, інертнасці; эмацыянальнасць характарызуе асаблівасці працякання эмоцый, пачуццяў, настрояў і іх якасць. Адрозніваюць уласна Т. як пэўнае ўстойлівае спалучэнне псіхадынамічных якасцей, што праяўляюцца ў дзейнасці і паводзінах, і яго арганічную аснову. Вядомы 3 асн. сістэмы тлумачэнняў сутнасці Т. Першая (гумаральная) звязвае стан арганізма з суадносінамі розных вадкасцей, у выніку чаго вылучаюцца 4 тыпы Т.: сангвінічны, халерычны, меланхалічны, флегматычны (Гіпакрат, К.​Гален і інш.). Другая (канстытуцыянальная) грунтуецца на адрозненнях у канстытуцыі арганізма (Э.​Крэчмер, У.​Шэлдан і інш.). Трэцяя звязвае Т. з дзейнасцю цэнтр. нерв. сістэмы Паводле вучэння І.​П.​Паўлава вылучаюцца 3 асн. ўласцівасці нерв. сістэмы (сіла, ураўнаважанасць, рухомасць узбуджальнага і тармазнога працэсаў) і 4 асн. іх спалучэнні (4 тыпы вышэйшай нерв. дзейнасці): моцны, ураўнаважаны, рухомы; моцны, ураўнаважаны, інертны; моцны, неўраўнаважаны; слабы. Першаму тыпу адпавядае Т. сангвініка, другому — флегматыка, трэцяму — халерыка, чацвёртаму — Т. меланхоліка. Даследаванні Б.​М.​Цяплова і У.​Дз.​Небыліцына паказалі, што колькасць камбінацый значна большая. Аднак 4 тыпы Т. як найб. абагульненыя выкарыстоўваюцца для вывучэння індывідуальнасці. Т. адносна ўстойлівы і амаль не мяняецца пад уздзеяннем асяроддзя і выхавання, аднак ён мяняецца ў антагенезе. Уласцівасці Т. могуць спрыяць або процідзейнічаць фарміраванню пэўных рыс асобы.

т. 16, с. 125