Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЦКЕ́ВІЧ Генадзь Аляксеевіч (н. 6.12.1950, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (2002). Скончыў БДУ (1973), дзе і працаваў да 1995. У 1985—88 у Нац. ін-це планавання і статыстыкі Алжыра. З 1995 у Мінскім Ін-це кіравання і прадпрымальніцтва (дэкан, з 1997 заг. кафедры, з 1998 прарэктар). З 2002 у Мінскім ін-це кіравання (прарэктар). Навук. працы па метадах эканаметрычнага мадэліравання і прагназіравання сац.-эканам. працэсаў ва ўмовах фарміравання рыначных адносін. Даследуе працэдуры пабудовы індэксаў спажывецкіх цэн. Аўтар шэрагу дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Основы имитационного и статистического моделирования. Мн., 1997 (сааўт.);

Экономическое моделирование и анализ неустойчивых экономических процессов. Мн., 2000;

Статистика: описательный подход. Мн., 2002.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 566

ХАЦКЕ́ВІЧ Рыгор Мікітавіч (1.2.1911, в. Ратушчы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 9.8.1979),

бел. пісьменнік. Скончыў Барысаўскі пед. тэхнікум. (1930), Мінскі пед. ін-т. Настаўнічаў, у 1931—33 у чэрвеньскай раённай газеце. У 1937 рэпрэсіраваны. Асуджаны на 5 гадоў лагерных работ, сасланы на Поўнач. З 1945 на Беларусі, настаўнічаў. У 1953—58 жыў у Днепрапятроўску. Рэабілітаваны ў 1959. Друкаваўся з 1930. Асн. тэматыка творчасці — хараство роднага краю, высакароднасць чалавека, падзеі грамадз. вайны. Аўтар паэт. зб. «Налівайся, колас» (1932), аповесцей «На золку» (1972), «Хмара над лесам» (1980), перакладаў з рус. і ўкр. моў. Пісаў для дзяцей (кнігі вершаў «Наш пяты клас», 1962; «Бяроза на ўзлеску», 1977).

Р.М.Хацкевіч.

т. 16, с. 566

ХАЦКЕ́ВІЧ Сцяпан Фёдаравіч (1.8.1910, в. Парэчча Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 27.7.1979),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў драм. студыю пры Наркамаце асветы БССР (1933). З 1933 працаваў у БДТ-2, з 1937 — у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Вострахарактарны акцёр, майстар эпізоду. Яго творчасці ўласцівы выразная пластыка, багацце інтанацый, яркія сац.-псіхал. характарыстыкі персанажаў. Сярод роляў: Лявон Зяблік («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Грыбок («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Торгала, Нічыпар («Брама неўміручасці», «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Аднавокі («Салавей» З.​Бядулі), Семяніхін, Крушына («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Буйкевіч, Крандзялёў («Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Харытон («Адкуль грэх?» А.​Петрашкевіча), Клешч, Шохін («На дне», «Зыкавы» М.​Горкага), Чапурын, Грамілаў, Галутвін («Запрацаваны хлеб», «Таленты і паклоннікі», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Сарпіён Цёткін («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Васін («Рускія людзі» К.​Сіманава, Капылоў («Традыцыйны збор» В.​Розава), Ферчайлд («Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта), Слуга («Забыты ўсімі» Назыма Хікмета) і інш. Здымаўся ў бел. кіна- і тэлефільмах («Міколка-паравоз», «Руіны страляюць...», «Чалавек не здаецца», «Тартак», «Хвалі Чорнага мора» і інш.).

Літ.:

Гарэцкая М. Сцяпан Хацкевіч // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Л.​І.​Брандабоўсш.

т. 16, с. 566

ХАЦЬКО́ Алег Пятровіч (н. 11.9.1968, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. спартсмен (суднамадэльны спорт, стэндавыя мадэлі). Майстар спорту Беларусі міжнар. класа (1994). Скончыў БПА (1992). З 2001 інструктар па спорце Бел. абароннага спарт.-тэхн. т-ва. Залатыя медалі на чэмпіянатах свету (1993, г. Ябланец, Чэхія; 1997, Сент-Гален, Швейцарыя; 1998, г. Гданьск, Польшча; 2002, г. Гановер, Германія — 2 медалі); сярэбраны прызёр (1998, г. Гданьск; 2000, г. Монс, Бельгія — 2 медалі); 2002, г. Гановер). Залатыя медалі на чэмпіянатах Еўропы (1994, г. Адэса, Украіна; 1995, г. Канстанца, Румынія; 2001, г. Кромержыж, Чэхія — 2 медалі); бронз. прызёр (2001, г. Кромержыж). Сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1988, г. Кіраваград, Украіна). 19-разовы чэмпіён Беларусі (1988—2002). 15 рэкордаў і вышэйшых дасягненняў Беларусі ў розных класах мадэлей.

т. 16, с. 566

ХАЦЬКО́ Жазеф Паўлавіч (н. 19.6.1923, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. геафізік; адзін са стваральнікаў бел. школы па фундаментальнай геафізіцы, заснавальнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. Канд. геолага-мінералагічных навук (1952). Скончыў Свярдлоўскі горны ін-т (1947). З 1951 у Ін-це геал. навук (у 1959—63 заг. геафіз. лабараторыі) і з 1963 заг. сектара фізікі Зямлі Лабараторыі геахім. праблем АН Беларусі. Выкладаў у БДУ (1953—65). З 1971 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (у 1971—87 заг. лабараторыі). Навук. працы па геафізіцы, сейсмалогіі, праблемах геолага-геафіз. абгрунтавання пошукаў радовішчаў карысных выкапняў. Развіў новы для Беларусі навук. кірунак па фізіцы Зямлі (вывучэнне яе глыбіннай будовы, сейсмалогіі і зямнога электрамагнетызму). Прыняў удзел у выкананні шэрагу міжнар. праектаў і праграм. Адзначаны медалём «100 гадоў міжнароднай геафізіцы» (1983).

Тв.:

Глубинное строение территории Белоруссии и Прибалтики по данным геофизики. Мн., 1974;

Глубинное строение и динамика земных недр территории Белоруссии. Мн., 1991 (у сааўт.);

Геофизическая обсерватория Плещеницы (Минск). Мн., 1993 (разам з Ю.​М.​Кузняцовым).

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 16, с. 566

ХАЦЬКО́ Элеанора Іванаўна (н. 12.6.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне энтамалогіі. Д-р біял. н. (1991). Праф. (1998). Скончыла БДУ (1956). З 1957 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (з 1991 заг. лабараторыі). Навук. працы па праблемах антрапагеннага ўздзеяння на глебавых беспазваночных. Выявіла агульныя заканамернасці змен, якія адбываюцца ў згуртаваннях глебавых беспазваночных пад уздзеяннем прамысл. выкідаў, асушальнай меліярацыі, с.-г. асваення; вылучыла таксанамічныя адзнакі кукалак соўкі і пядзеніка.

Тв.:

Почвенная фауна Беларуси. Мн., 1993;

Атлас насекомых-вредителей лесных пород в Беларуси. Мн., 1999 (разам з Я.​І.​Марчанкам, Т.​М.​Шаванавай);

Pictorial keys to soil animals of China. Beijing;

New York, 2000 (у сааўт.).

т. 16, с. 566

ХАЦЬМА́ (Lavatera),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 1 від — Х. турынгенская, або сабачая ружа (L.thuringiaca). Трапляецца па сухіх схілах, уздоўж дарог, каля жылля. Інтрадукавана Х. трохмесячная (L. trimestris).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, выш. 25—150 см, кусты, часам дрэвы. Лісце чаргаванае, глыбокалопасцевае. Кветкі пазушныя, ружовыя ці пурпурныя, рэдка жоўтыя, адзіночныя або ў канцавых гронка- ці коласападобных суквеццях. Плод — каробачкападобны. Лек., фарбавальныя, меданосныя. кармавыя і дэкар. расліны.

Хацьма: 1 — дрэвападобная; 2 — турынгенская.

т. 16, с. 567

ХАЦЮХО́ВА,

вёска ў Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Нача. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнЗ ад г. Крупкі, 120 км ад Мінска, 24 км ад чыг. ст. Прыяміна. 553 ж., 194 двары (2002). Сярэдняя школа-сад, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік У.​В.​Кавалёнку.

т. 16, с. 567

ХАЦЯНО́ЎСКІ Канстанцін Уладзіміравіч (н. 22.5.1954, С.-Пецярбург),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1994 дырэктар выд-ва «Кавалер паблішэрс». Працуе ў галіне плаката, кніжнай графікі, дызайну. Аўтар плакатаў «Лёс планеты — твой лёс» (1986), «Апошняя старонка Чырвонай кнігі» (1987), «Перабудуй» (1988), «Першы Мінскі фестываль духоўнай музыкі» (1989), «Я ёсць, але хто я?» (1990) і інш.; дызайну грошай Рэспублікі Беларусь (1991).

Л.​Ф.​Салавей.

т. 16, с. 567