Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНКІЛАСТАМО́З,

гельмінтозная хвароба чалавека і жывёл, пры якой пашкоджваецца тонкі кішэчнік. Узбуджальнік — нематоды з роду анкіластом (Ancylostoma). Сустракаецца пераважна ў раёнах з цёплым і вільготным кліматам, на Беларусі адзначаецца ўсюды. Прыкметы: ірвота, паносы з прымешкамі крыві ў фекаліях, схудненне. Яйцы паразіта з калам інвазіраваных чалавека і жывёл трапляюць у вонкавае асяроддзе, з іх развіваюцца рухомыя лічынкі, якія праз рот ці скуру пранікаюць у арганізм гаспадара і ператвараюцца ў кішэчніку ў палаваспелых анкіластом. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 374

АНКІЛО́З

(ад грэч. ankylos крывы, сагнуты),

поўная нерухомасць сустава пры паталагічных зменах яго тканак. Адрозніваюць анкілозы касцявыя (касцявое зрастанне сустаўных паверхняў паміж сабой), пазасустаўныя (утварэнне касцявой перамычкі за кошт акасцянення мяккіх тканак вакол сустава; сустаўная шчыліна пры гэтым захавана), фіброзныя (утварэнне рубцовых спаек паміж сустаўнымі паверхнямі). Пры касцявым і пазасустаўным анкілозе вобласць нерухомага сустава пры функцыян. нагрузцы (хадзе) бязбольная, пры фіброзным — узмоцненая нагрузка выклікае боль у суставе. Развіваецца ад раненняў, закрытых пераломаў касцей у суставе, ад запалення (туберкулёз, ганарэя і інш.), працяглай нерухомасці сустава. Лячэнне хірург. і фізіятэрапеўтычнае.

т. 1, с. 374

АНКІНО́ВІЧ Лявон Нічыпаравіч

(1907, в. Кашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.1943),

адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. З 1926 на сав. і адм. рабоце. З 1941 чл., потым кіраўнік Аршанскага парт. цэнтра, у 1942—43 камісар партыз. атрада, 2-і сакратар Аршанскага падп. РК КП(б)Б. Загінуў пры выкананні баявога задання.

т. 1, с. 374

АНКЛА́Ў,

энклаў (франц. enclave ад лац. inclavare замыкаць на ключ), частка тэр. адной дзяржавы, з усіх бакоў акружаная тэр. іншай дзяржавы (напр., Сан-Марына на тэр. Італіі). Калі анклаў мае выхад да мора, яго наз. паўанклавам (напр., правінцыя Кабінда ў Анголе).

т. 1, с. 374

АНКО́ЛЬ,

від кароткатэрміновага крэдыту, які выдаецца банкам на няпэўны тэрмін з прадастаўленнем пазычальніку права выкарыстоўваць гэты крэдыт паступова. Выдаецца па першым патрабаванні крэдытора. Выкарыстоўваецца банкамі для падтрымання неабходнага ўзроўню іх ліквіднасці. Анколь, як правіла, забяспечваецца залогам тавараў, вэксаляў і каштоўных папер. Ад звычайнай пазыкі адрозніваецца тым, што сума доўгу і сума забеспячэння маюць бягучы характар і па патрабаванні кожнага з бакоў у любы момант можа быць спынены. Пазычальнік плаціць банку працэнты толькі за фактычна ўзятыя сумы. У знешнім гандлі анколь прадугледжвае пастаўку тавару з фіксацыяй цаны, якая вызначаецца на аснове каціроўкі адпаведнай біржы ў выбраныя пакупніком дні.

Г.І.Краўцова.

т. 1, с. 374

АНКО́НА

(Ancona),

горад і порт на У Цэнтр. Італіі, на Адрыятычным моры. Адм. ц. правінцыі Анкона і вобласці Марке. 104 тыс. ж. (1990). Машынабудаванне (у т. л. суднабудаванне), нафтаперапр., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць муз. інструментаў, маёлікі, вырабаў са шкла. Рыбалоўства. Ун-т. Нац. музей вобласці Марке, карцінная галерэя. Помнікі ант. і сярэдневяковай архітэктуры: трыумфальная арка Траяна (пасля 115), раманскія і гатычная пабудовы 12—15 ст. Бальнеалагічны курорт. Ваенна-марская база.

т. 1, с. 374