АНКІЛАСТАМО́З,
гельмінтозная хвароба чалавека і жывёл, пры якой пашкоджваецца тонкі кішэчнік. Узбуджальнік — нематоды з роду анкіластом (Ancylostoma). Сустракаецца пераважна ў раёнах з цёплым і вільготным кліматам, на Беларусі адзначаецца ўсюды. Прыкметы: ірвота, паносы з прымешкамі крыві ў фекаліях, схудненне. Яйцы паразіта з калам інвазіраваных чалавека і жывёл трапляюць у вонкавае асяроддзе, з іх развіваюцца рухомыя лічынкі, якія праз рот ці скуру пранікаюць у арганізм гаспадара і ператвараюцца ў кішэчніку ў палаваспелых анкіластом. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)