АНАБЕРГІ́Т
(ад назвы радовішча Анаберг у ФРГ),
мінерал класа арсенатаў Ni3[AsO4]2·8H2O. Поўны ізамарфізм з эрытрынам. Часта мае ў сабе кобальт, прымесі кальцыю, магнію, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, зямлістыя агрэгаты. Колер светла-зялёны. Бляск шкляны, да зямлістага. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 3,1 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення арсенідаў кобальту і нікелю. Анабергіт («нікелевыя кветкі») — пошукавая прыкмета на нікелевыя руды.
т. 1, с. 331
АНАБІЁЗ
(ад ана... + ...біёз),
стан арганізма, пры якім жыццёвыя працэсы (абмены рэчываў і інш.) часова спыняюцца або настолькі запавольваюцца, што адсутнічаюць усе бачныя прыкметы жыцця. З’яўляецца эвалюцыйна выпрацаваным фізіял. прыстасаваннем арганізмаў да ўздзеяння адмоўных фактараў асяроддзя (нізкія або высокія т-ры, адсутнасць вільгаці, корму і інш.). Пры спрыяльных умовах нармальныя функцыі жыццёвых працэсаў аднаўляюцца. Назіраецца ў мікраарганізмаў (спораўтваральныя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы), раслін і жывёл. Уваходзіць у нармальны цыкл развіцця многіх арганізмаў (насенне, споры, цысты). Беспазваночныя (гідры, чэрві, некаторыя ракападобныя, насякомыя, малюскі) і пазваночныя (земнаводныя і паўзуны) пры анабіёзе здольны страчваць да 3/4 вады з тканак. З’яву анабіёзу выкарыстоўваюць пры прыгатаванні сухіх жывых вакцын, кансерваванні донарскай крыві і тканак для трансплантацыі, спермы жывёл і інш.
т. 1, с. 331
АНАГРА́МА
(ад ана... + грэч. gramma літара),
1) слова ці словазлучэнне, утворанае перастаноўкай літар, напр.: псеўданімы М.Алданаў (М.Ландаў), Акшарум (Р.Мурашка), Ак.Чыж (Х.Жычка). Анаграму выкарыстоўваюць у шарадах.
2) Спосаб вершаскладання на санскрыце, лац. і інш. стараж. індаеўрап. мовах, калі асобныя фанемы самага важнага слова ў вершы паўтараюцца ў складзе інш. слоў.
т. 1, с. 331
АНАДЗІ́РАВАННЕ,
утварэнне плёнкі вокісу электрахімічным спосабам (электролізам) на паверхні метал, вырабаў. Пры анадзіраванні вырабы, апушчаныя ў электраліт, злучаюць з анодам крыніцы току. Вокісныя плёнкі (таўшчынёй 1—200 мкм) маюць павышаную цвёрдасць, гарача- і зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці, моцна злучаюцца з металам, з’яўляюцца добрай асновай для лакафарбавых пакрыццяў. Анадзіруюць пераважна алюміній і яго сплавы. Анадзіраванне выкарыстоўваюць у машынабудаванні (для аховы вырабаў ад карозіі), прыладабудаванні (для аховы прылад ад мех. і хім. уздзеянняў і дэкар. ўпрыгажэння), самалётабудаванні і радыёэлектроніцы.
т. 1, с. 331
АНА́ДЫР,
рака на крайнім ПнУ Сібіры, у Чукоцкай аўт. акрузе Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1150 км, пл. бас. 191 тыс. км. Пачынаецца на Анадырскім пласкагор’і, упадае ў Анадырскі заліў Берынгава м. У вярхоўях мае горны характар, вузкую даліну. На Анадырскай нізіне рэчышча расчляняецца на сетку рукавоў і пратокаў. Асн. прытокі: Майн (справа), Белая, Танюрэр (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1680 м³/с. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. У бас. Анадыра больш за 23,5 тыс. азёраў агульнай пл. 3231 км². У ніжнім цячэнні — рыбалоўства. Суднаходная ад с. Маркава (570 км).
т. 1, с. 332
АНА́ДЫР,
горад у Расіі, цэнтр Чукоцкай аўт. акругі. 14,1 тыс. ж. (1994). Порт на беразе Анадырскага заліва Берынгава м. Харч. прам-сць. У раёне — здабыча золата, вугалю; аленегадоўля, рыбалоўства.
т. 1, с. 332
АНА́ДЫРСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у бас. верхняга цячэння р. Анадыр. Даўж. каля 400 км. Пераважныя выш. 800—1100 м, найб. — да 1221 м. Складзена ў асноўным з базальтаў, андэзітаў, дацытаў. Пераважае хмызняковая і горная тундра. Аленевыя пашы.
т. 1, с. 332
АНА́ДЫРСКАЯ НІЗІ́НА,
на ПнУ Азіяцкай часткі Расійскай Федэрацыі, у Чукоцкай аўт. акрузе, у даліне р. Анадыр. На У прылягае да Анадырскага заліва, на З абмежавана хрыбтамі Пэкульней і Рарыткін. Даўж. 270 км. Складзена з алювіяльна-азёрных адкладаў. Рэльеф пераважна раўнінны (выш. да 100 м), бліжэй да гор хвалісты, на У з астанцавымі і нізкагорнымі масівамі (Залаты хрыбет, Ушканоў краж). Усюды шматгадовая мерзлата. Шмат тэрмакарставых азёраў, азёраў-старыц. Ландшафт травяніста-купінаватай і хмызняковай тундры.
т. 1, с. 332