Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНАБА́РСКІ ЗАЛІ́Ў,

у заходняй частцы мора Лапцевых, паміж берагам мацерыка Еўразіі і п-вам Нордвік. Даўж. 67 км, шыр. каля ўваходу 76 км, ва ўнутр. частцы 7—9 км, глыб. 3—12 м. На Пд пераходзіць у Анабарскую губу, у якую ўпадае р. Анабар. Большую ч. года ўкрыты лёдам.

т. 1, с. 331

АНАБА́С,

паўзун (Anabas testudineus), рыба атрада акунепадобных. Водзіцца ў стаячых і слаба праточных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі.

Даўж. да 25 см. Цела буравата-зялёнае, бруха жаўтаватае. Можа жыць без вады каля 8 гадзін. З дапамогай хваста, грудных плаўнікоў і шыпоў шчэлепных накрывак поўзае па сушы. Дыхае атм. паветрам з дапамогай спец. надшчэлепнага органа. У сухі сезон упадае ў спячку, закопваючыся ў глей. Драпежнік. Аб’ект мясц. промыслу, разводзяць у сажалках.

т. 1, с. 331

АНАБЕРГІ́Т

(ад назвы радовішча Анаберг у ФРГ),

мінерал класа арсенатаў Ni3[AsO4]2·8H2O. Поўны ізамарфізм з эрытрынам. Часта мае ў сабе кобальт, прымесі кальцыю, магнію, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, зямлістыя агрэгаты. Колер светла-зялёны. Бляск шкляны, да зямлістага. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 3,1 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення арсенідаў кобальту і нікелю. Анабергіт («нікелевыя кветкі») — пошукавая прыкмета на нікелевыя руды.

т. 1, с. 331

АНАБІЁЗ

(ад ана... + ...біёз),

стан арганізма, пры якім жыццёвыя працэсы (абмены рэчываў і інш.) часова спыняюцца або настолькі запавольваюцца, што адсутнічаюць усе бачныя прыкметы жыцця. З’яўляецца эвалюцыйна выпрацаваным фізіял. прыстасаваннем арганізмаў да ўздзеяння адмоўных фактараў асяроддзя (нізкія або высокія т-ры, адсутнасць вільгаці, корму і інш.). Пры спрыяльных умовах нармальныя функцыі жыццёвых працэсаў аднаўляюцца. Назіраецца ў мікраарганізмаў (спораўтваральныя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы), раслін і жывёл. Уваходзіць у нармальны цыкл развіцця многіх арганізмаў (насенне, споры, цысты). Беспазваночныя (гідры, чэрві, некаторыя ракападобныя, насякомыя, малюскі) і пазваночныя (земнаводныя і паўзуны) пры анабіёзе здольны страчваць да 3/4 вады з тканак. З’яву анабіёзу выкарыстоўваюць пры прыгатаванні сухіх жывых вакцын, кансерваванні донарскай крыві і тканак для трансплантацыі, спермы жывёл і інш.

т. 1, с. 331

АНАГЕНЕ́З,

гл. Арамарфоз.

т. 1, с. 331

АНАГРА́МА

(ад ана... + грэч. gramma літара),

1) слова ці словазлучэнне, утворанае перастаноўкай літар, напр.: псеўданімы М.Алданаў (М.Ландаў), Акшарум (Р.Мурашка), Ак.Чыж (Х.Жычка). Анаграму выкарыстоўваюць у шарадах.

2) Спосаб вершаскладання на санскрыце, лац. і інш. стараж. індаеўрап. мовах, калі асобныя фанемы самага важнага слова ў вершы паўтараюцца ў складзе інш. слоў.

т. 1, с. 331

АНАДЗІ́РАВАННЕ,

утварэнне плёнкі вокісу электрахімічным спосабам (электролізам) на паверхні метал, вырабаў. Пры анадзіраванні вырабы, апушчаныя ў электраліт, злучаюць з анодам крыніцы току. Вокісныя плёнкі (таўшчынёй 1—200 мкм) маюць павышаную цвёрдасць, гарача- і зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці, моцна злучаюцца з металам, з’яўляюцца добрай асновай для лакафарбавых пакрыццяў. Анадзіруюць пераважна алюміній і яго сплавы. Анадзіраванне выкарыстоўваюць у машынабудаванні (для аховы вырабаў ад карозіі), прыладабудаванні (для аховы прылад ад мех. і хім. уздзеянняў і дэкар. ўпрыгажэння), самалётабудаванні і радыёэлектроніцы.

т. 1, с. 331

АНАДО́НТЫ,

гл. Бяззубкі.

т. 1, с. 332

АНА́ДЫР,

рака на крайнім ПнУ Сібіры, у Чукоцкай аўт. акрузе Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1150 км, пл. бас. 191 тыс. км. Пачынаецца на Анадырскім пласкагор’і, упадае ў Анадырскі заліў Берынгава м. У вярхоўях мае горны характар, вузкую даліну. На Анадырскай нізіне рэчышча расчляняецца на сетку рукавоў і пратокаў. Асн. прытокі: Майн (справа), Белая, Танюрэр (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1680 м³/с. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. У бас. Анадыра больш за 23,5 тыс. азёраў агульнай пл. 3231 км². У ніжнім цячэнні — рыбалоўства. Суднаходная ад с. Маркава (570 км).

т. 1, с. 332

АНА́ДЫР,

горад у Расіі, цэнтр Чукоцкай аўт. акругі. 14,1 тыс. ж. (1994). Порт на беразе Анадырскага заліва Берынгава м. Харч. прам-сць. У раёне — здабыча золата, вугалю; аленегадоўля, рыбалоўства.

т. 1, с. 332