А́БІСКУ,
Абіска (Abisko), нацыянальны парк на Пн Швецыі, у Скандынаўскіх гарах. Засн. ў 1909 як ландшафтны запаведнік. Уключае бас. р. Абіску і ч. паўд. ўзбярэжжа воз. Турнетрэск. Пл. 7,5 тыс. га. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Разнастайная фауна млекакормячых (буры мядзведзь, воўк, лемінг, лось, паўн. алень, пясец, расамаха) і птушак (бакас, беркут, варакушка, курапатка палярная, паморнік даўгахвосты, пуначка, сава белая, уюрок). На тэр. парку навук.-доследная станцыя Шведскай АН.
т. 1, с. 23
АБІТУРЫЕ́НТ
[ад позналац. abituriens (abiturientis) які збіраецца пайсці],
у большасці краін асоба, якая заканчвае сярэднюю спец. навуч. ўстанову. На Беларусі і ў інш. краінах СНД з канца 1950-х г. тэрмін «абітурыент» набыў інш. сэнсавае значэнне — які паступае ў вышэйшую або сярэднюю спец. навуч. ўстанову.
т. 1, с. 23
А́БІХ
(Abich) Вільгельм Герман (Герман Вільгельмавіч; 11.12.1806, Берлін — 1.7.1886),
геолаг. Акад. (1853), ганаровы чл. (1866) Пецярбургскай АН. Праф. Дэрпцкага (г. Тарту) ун-та. У 1841—76 працаваў у Расіі. Вывучаў ледавікі, геал. будову, карысныя выкапні, землетрасенні Каўказа і Ірана. Адзін з першых звярнуў увагу на хімізм горных парод і значэнне палявых шпатаў у складзе вывергнутых парод.
т. 1, с. 23
А́БІХТ Генрык Тэадоравіч
(1835 ці 1836, Вільня — 12.6.1863),
удзельнік нац.-вызв. руху 1850—60-х г. на Беларусі, у Польшчы, Літве. Скончыў Віленскую гімназію (1852), служыў паштовым чыноўнікам. Каб пазбегнуць арышту за ўдзел у рэв. гуртках, у 1857 эмігрыраваў у Лондан. Быў актыўным дзеячам польскай Рэвалюцыйнай грамады «Лондан», працаваў у друкарні «Колокола». Вясной 1862 нелегальна прабраўся ў Варшаву. Уваходзіў у лявіцу «чырвоных», быў агентам Цэнтральнага нацыянальнага камітэта. Асн. рухальнай сілай паўстання лічыў народ. У ліст. 1862 арыштаваны, зняволены ў Брэсцкую крэпасць. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.
Літ.:
Кісялёў Г. Вязень Брэсцкай крэпасці // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 23
А́БІХТ
(Abicht) Рудольф (9.8.1850, г. Намыслаў, Польшча — 12.2.1921),
нямецкі філолаг-славіст, адзін з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. культуры ў Германіі. З 1900 праф. слав. філалогіі Вроцлаўскага (Брэслаўскага) ун-та. У працах «Паказальнік крыніц Супрасльскага рукапісу» (1893—98), «Слова аб палку Ігаравым» (1895) даследаваў стараж.-бел. помнікі. Бел. матэрыялы і пераклады друкаваў у газ. «Гоман», «Deutschland» («Германія»), «Wilensker Zeitung» («Віленская газета») і інш. У сааўт. з Я.Станкевічам выдаў бел. буквар «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» (Вроцлаў, 1918); пры яго садзейнічанні выйшаў зб. «Беларусь» (Берлін, 1919).
т. 1, с. 23
АБІЯГЕНЕ́З
(ад а... + біягенез),
утварэнне арган. злучэнняў, пашыраных у жывой прыродзе, па-за арганізмам і без удзелу ферментаў. У шырокім сэнсе абіягенез — узнікненне жывога з нежывога, зыходная гіпотэза сучаснай тэорыі паходжання жыцця на Зямлі абіягенным шляхам (належыць А.І.Апарыну і Дж.Холдэйну). Магчымасць абіягенезу ўпершыню даказана ў 19 ст. штучным сінтэзам мачавіны. У сярэдзіне 20 ст. эксперыментальна ажыццёўлены абіягенны сінтэз бялковападобных і інш. арган. рэчываў ва ўмовах, якія ўзнаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Біягенез.
т. 1, с. 24
АБІЯ́НІК,
шугалея, лодка, выдзеўбаная з дубовага ствала, з набітымі дашчанымі бартамі. Была найб. пашырана на Бел. Палессі. Грузападымальнасць 1,5—4,5 т. Мела паветку (з рагожы, палатна, скуры і да т.п.). У яе канструкцыі адлюстраваўся пераход ад аднадрэвак да дашчаных лодак. Выйшла з ужытку на пач. 20 ст.
т. 1, с. 24
АБІЯТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ
(ад а... + грэч. bios жыццё),
сілы, з’явы, аб’екты прыроды, якія акружаюць жывыя арганізмы і паходжаннем не звязаны з іх жыццядзейнасцю (гл. Абіятычныя фактары). У выніку гіст. развіцця ў канкрэтных умовах арганізмы прыстасоўваюцца да пэўнага комплексу фактараў і ў працэсе жыццядзейнасці самі змяняюць абіятычнае асяроддзе. Вытв. і быт. дзейнасць чалавека адмоўна ўздзейнічае на абіятычнае асяроддзе, таму неабходна прымаць меры па захаванні асяроддзя ў натуральным стане, стварэнні лепшых умоў існавання арганізмаў.
т. 1, с. 24
АБІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,
сукупнасць умоў неарган. асяроддзя, якія ўплываюць на арганізмы і іх згуртаванні. Падзяляюцца на хімічныя (хім. састаў атмасферы, марскіх і прэсных водаў, глебы або донных адкладаў) і фізічныя — кліматычныя (т-ра, вільготнасць, бараметрычны ціск, вецер, цячэнні, радыяцыйны рэжым, колькасць ападкаў, ступень асветленасці і інш.). Фарміруюць умовы пражывання чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаюць занальнасць пашырэння, уплываюць на біял. рытмы, дынаміку іх колькасці.
т. 1, с. 24
А́БІ-ІСТАДА́,
запаведнік на Пд Афганістана, на Газні-Кандагарскім пласкагор’і. Засн. ў 1974. Пл. каля 25 тыс. га. Уключае мелкаводнае салёнае возера на выш. 2133 м — месцы жыхарства рэдкіх відаў птушак (гняздуецца фламінга, зімуе белы журавель).
т. 1, с. 23