АБЛВЫКАМЗА́Х,
скарочаная назва Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту.
т. 1, с. 25
АБЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
адкладанні лёду на паверхні збудаванняў, дрэвах, правадах, дарогах і інш. аб’ектах. Утвараецца ў выніку выпадзення вадкіх ападкаў у халодную пару года, у туман, смугу. Адрозніваюць галалёд, зярністую і крышталічную шэрань, замёрзлае адкладанне мокрага снегу, складаныя адклады — з некалькіх слаёў розных відаў. На Беларусі за год колькасць сутак з абледзяненнем складае ў паніжаных месцах 20—28, на ўзвышшах да 40. Назіраецца з кастр. да крас., часцей за ўсё ў снеж. і студзені. Працягласць яго звычайна да 12 гадз. Самым працяглым на Беларусі было ў Навагрудку 28.12.1959—27.1.1960 (715 гадз). Небяспечная з’ява для работы транспарту, энергасістэм і інш. галін гаспадаркі.
т. 1, с. 26
АБЛІВА́ННЕ,
лячэбна-прафілактычная водная працэдура для загартоўвання арганізма; назначаецца таксама ў пачатку водалячэння. Абліванне праводзяць 2—3 мін кожны дзень на працягу 4—6 тыдняў, паступова зніжаючы т-ру вады з 34—33°C да 22—20 °C. Потым усё цела расціраюць сухой, лепш нагрэтай прасціной.
т. 1, с. 26
АБЛІГА́ЦЫЯ
(ад лац. obligatio абавязацельства),
каштоўная папера ў выглядзе даўгавога абавязацельства, якое дае ўладальніку права на атрыманне штогадовага даходу ў выглядзе працэнта ці выйгрышу ў спец. тыражы. Выпускаюцца дзяржавай, банкамі, прадпрыемствамі, карпарацыямі, з’яўляюцца каштоўнымі паперамі на прад’яўніка, свабодна абарачаюцца на фін. рынку і маюць свой курс. Пасля заканчэння прадугледжанага тэрміну аблігацыі выкупляюцца эмітэнтам. Сродкі ад іх выпуску дзяржава выкарыстоўвае на пакрыццё дзярж. расходаў, рэгуляванне грашовага абарачэння. Для прадпрыемстваў, фінансава-крэдытных устаноў аблігацыя — адзін са спосабаў мабілізацыі дадатковых фін. рэсурсаў. У адрозненне ад уладальнікаў акцый, уладальнікі аблігацый з’яўляюцца толькі крэдыторамі, а не саўладальнікамі (акцыянерамі) кампаніі, банка і г.д.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 26
АБЛІТЭРА́ЦЫЯ
(ад лац. obliteratio сціранне, згладжванне),
1) у жывёл і чалавека — прыроджанае або набытае зарастанне поласці ці прасвету трубкавага органа, канала, крывяноснага або лімфатычнага сасуда (напр., пры запаленнях, трамбозах).
2) У раслін — сплюшчванне клетак і тканак, якое вядзе да знікнення ўнутрыклетачных і міжклетачных поласцей (напр., перыферычных слаёў лубу пры разрастанні тканак сцябла, абалонак і тканак зародка пры яго росце).
т. 1, с. 26
АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
разнавіднасць аддзелачных матэрыялаў. Адрозніваюць абліцовачныя матэрыялы прыродныя і штучныя, для ўнутраных і вонкавых абліцовачных работ. Да прыродных належаць пліты і камяні з граніту, габра, лабрадарыту, вапняку, мармуру, туфу, пясчаніку і інш. горных парод. Штучныя абліцовачныя матэрыялы — керамічныя пліткі і камяні, вонкавая цэгла, вырабы са шкла (лісты, шклаблокі, дыванова-мазаічныя пліткі, панэлі са шклопрафіліту, пліты з сіталаў, шклосіталаў), мармуру штучнага, драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты. Выкарыстоўваюць лісты з азбестацэменту, шклапластыкаў, дэкар. фанеры, рулонныя, ліставыя і плітачныя палімерныя матэрыялы, дэкар.-акустычныя пліты. Фасады будынкаў абліцоўваюць таксама прафіляванымі вырабамі з алюмінію, сталі і дэкар. бетону.
т. 1, с. 26
АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
аддзелка вонкавых і ўнутр. паверхняў збудаванняў ліставымі і плітачнымі матэрыяламі, разнавіднасць аддзелачных работ. Павышаюць даўгавечнасць і паляпшаюць архітэктурна-маст. выразнасць будынкаў. Асн. аперацыі: сартаванне і падрыхтоўка абліцовачных матэрыялаў, прыгатаванне буд. раствораў, клеяў і масцік, падрыхтоўка і разметка паверхні, уласна абліцоўка. Вонкавыя абліцовачныя работы выконваюць адначасова з муроўкай сцен ці пасля іх узвядзення, унутраныя праводзяць па заканчэнні агульных буд. работ. Адзін з відаў абліцовачных работ — мазаічнае пакрыццё (гл. ў арт. Мазаіка).
т. 1, с. 26
АБЛО́ГА,
1) спосаб вядзення ваен. дзеянняў па авалоданні крэпасцю ці ўмацаваным горадам. Праводзілася ў выпадку, калі крэпасць або горад не былі захоплены раптоўна або штурмам. Уключала акружэнне крэпасці войскамі, узвядзенне вакол яе аблогавых умацаванняў, правядзенне атак, якія звычайна заканчваліся штурмам. Часам аблога прымала форму блакады. Вядома з глыбокай старажытнасці: А.Бактры (Егіпет; 2130 да н.э.), Троі (каля 1260 да н.э.); Полацка (1579), Быхава аблога 1654—55 і інш., Плеўны (1877). У 18 — пач. 20 ст. для аблогі ствараліся спец. Арміі: яп. аблогавая армія пад Порт-Артурам (1904), ням. і рус. аблогавыя арміі ў 1-ю сусв. вайну (1914—18) пры А.Льежа, Намюра, Перамышля. Пасля І-й сусв. вайны тэрмін «аблога» не выкарыстоўваецца.
2) Спосаб палявання (на ваўка, мядзведзя і інш.).
т. 1, с. 26
АБЛО́ГА ў аграноміі, ворная зямля, якая не выкарыстоўваецца доўгі час на с.-г. мэты. Кароткачасовая (8—15 гадоў) аблога ў стэпавых раёнах наз. пералог, у лесастэпавых — залог. У першыя 2—3 гады ралля зарастае адна- і двухгадовымі раслінамі (бур’яністы пералог), у наступныя 5—7 гадоў — карэнішчавымі раслінамі, рыхла- і шчыльнакустовымі злакамі. Пазней развіваецца расліннае покрыва, характэрнае для сухадольных лугоў, пад ім назапашваецца арган. рэчыва і аднаўляецца прыродная ўрадлівасць глебы. На Беларусі аблогі займаюць нязначныя плошчы пераўвільготненых і цяжкадаступных малапрадукцыйных зямель.
т. 1, с. 27
АБЛО́ГАВАЯ ТЭ́ХНІКА,
машыны, прылады, прыстасаванні, якія ў стараж. часы выкарыстоўвалі для прыкрыцця атакуючых, штурму і разбурэння ўмацаванняў. Уключала пераносныя і рухомыя (на катках) шчыты, вінеі, рухомыя аблогавыя вежы ў некалькі ярусаў з адкіднымі мосцікамі, штурмавыя драбіны, кідальныя машыны, тараны і інш. На Беларусі аблогавая тэхніка выкарыстоўвалася да 14—15 ст., калі на змену ёй стала прыходзіць аблогавая артылерыя.
т. 1, с. 27