Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСМАЛО́ЎСКІ Юрый Міхайлавіч

(н. 5.7.1942, в. Шастакова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. трэнер Беларусі (1968), засл. трэнер СССР (1970). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1963). З 1964 трэнер старт. т-ва «Працоўныя рэзервы», з 1993 трэнер-выкладчык Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства Цэнтра фіз. выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь. Сярод выхаванцаў чэмпіёны свету, Еўропы Т.Папова, М.Хахол, Л.Кабакова і інш.

т. 2, с. 37

АСМА́Н Ібн Афан

(?—656),

трэці праведны халіф (з 644) у Араб. халіфаце; адзін з паплечнікаў і зяць Мухамеда. З роду Амеядаў. Па яго даручэнні складзена афіц. рэдакцыя Карана. Пры Асману тэр. халіфата значна пашырылася. Аддаваў перавагу меканскай, пераважна амеядскай, знаці. Яго палітыка выклікала незадаволенасць у войску і сярод часткі араб. знаці. Забіты ў час паўстання ў Медыне.

т. 2, с. 37

АСМАНІ́ЗМ,

атаманізм, ідэйна-паліт. дактрына, высунутая «новымі асманамі» і младатуркамі ў Асманскай імперыі ў канцы 19 ст. Напачатку дэкларавала «роўнасць усіх асманаў», г. зн. усіх падданых Асманскай імперыі без нац. і рэліг. адрознення. Потым, асабліва пасля прыходу младатуркаў да ўлады ў 1908, ператварылася ў сродак барацьбы супраць нац. патрабаванняў нетурэцкіх народаў і ў ідэалаг. абгрунтаванне неабходнасці іх атурэчвання дзеля стварэння «адзінай асманскай нацыі».

т. 2, с. 37

АСМА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Атаманская імперыя,

афіцыйная назва султанскай Турцыі да 1922 — ад імя заснавальніка дынастыі султана Асмана І [1299 ці 1300 — 1324]. Склалася ў 15—16 ст. Аб’ядноўвала Пярэднюю Азію, Балканскі п-аў, Егіпет і інш. краіны Паўн. Афрыкі. Фактычна распалася пасля паражэння ў 1-й сусв. вайне (1918), юрыдычна — у 1922, калі быў ліквідаваны султанат.

т. 2, с. 37

АСМА́НЫ,

1) дынастыя турэцкіх султанаў

[1299 ці 1300—1922]. Заснавальнік Асман І [1299 ці 1300 — 1324]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Баязід І, Мехмед II, Селім І Явуз [1512—20],

Сулейман І Кануні, Селім III, Махмуд II, Абдул-Хамід II. Апошні асманскі султан Мехмед VI Вахідэдзін [1918—22] уцёк з Турцыі пасля ліквідацыі султаната (1.11.1922). З ліквідацыяй халіфата (3.3.1924) усе члены дынастыі выгнаны з краіны.

2) Турэцкае насельніцтва Асманскай імперыі.

т. 2, с. 37

АСМА́РА,

гл. Асмэра.

т. 2, с. 38

АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,

лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.

Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.Х.Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА  – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.

Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт. Осмарэгуляцыя).

Літ.:

Курс физической химии. Т.1—2. 2 изд. М., 1970—73;

Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;

Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ. М., 1973.

т. 2, с. 38

АСМІ́К

(сапр. Акапян Тагуш; 21.3.1879, Нахічэвань — 23.8.1947),

армянская актрыса. Нар. арт. Арменіі (1935). Герой Працы (1936). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1906. З 1921 у Армян. драм. т-ры імя Г.Сундукяна. Стварала вобразы, адметныя жыццёвай праўдай, унутр. драматызмам, нар. мудрасцю, разнастайнасцю і яркасцю фарбаў: Шушан («Пэпа» Сундукяна), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.Горкага), Хамперы («Хатабала» Сундукяна), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля) і інш.

т. 2, с. 38

АСМО́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Лазовіцкім с/с Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобласці. Цэнтр саўгаса. Чыг. раз’езд. За 130 км ад Магілёва, 10 км на ПдУ ад Клімавіч. 494 ж., 212 двароў (1995). Базавая школа, б-ка, Дом культуры, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 38

АСМЫКО́ВІЧ Мікалай Захаравіч

(3.5.1916, в. Чырвоная Слабада Акцябрскага р-на Гомельскай вобласці — 14.12.1976),

поўны кавалер ордэна Славы. З 1941 на Зах., Бел., 1-м Бел. франтах. Удзельнік абарончых баёў на тэр. Беларусі, Украіны, Курскай бітвы. Камандзір гарматы ст. сяржант Асмыковіч вызначыўся ў баях на Беларусі, Украіне і ў Германіі.

т. 2, с. 38