Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНТЫКЛІНО́РЫЙ

(ад антыкліналь + грэч. oros гара),

буйны комплекс складкавых структур зямной кары, які ўзнік у геасінкліналях. Характэрны агульны ўздым і заляганне найб. стараж. парод у цэнтр. частцы, форма выцягнутага скляпення. Восевыя плоскасці складак антыклінорыю часта размешчаны веерападобна і нахілены ад цэнтра да перыферыі. Мае сотні кіламетраў у даўжыню і дзесяткі ў шырыню (В.Каўказ, Уралтау і інш.).

М.А.Нагорны.

т. 1, с. 397

АНТЫКО́СТЫ

(Anticosti),

востраў у заліве Св. Лаўрэнція, тэр. Канады. Пл. 7,9 тыс. км². Раўнінны (выш. да 192 м), укрыты цемнахвойнай тайгой, балотамі. Порт — Пор-Менье.

т. 1, с. 397

АНТЫЛАГІ́ЗМ

(ад анты... + грэч. logos розум),

формула логікі, якая адлюстроўвае несумяшчальнасць пасылак катэгарычнага сілагізму з адмаўленнем яго заключэння. У аснове антылагізму ляжаць законы лагічнага вываду, паводле якіх вынік не можа быць памылковым, калі пасылкі праўдзівыя. Тэорыя антылагізму — адзін з варыянтаў сілагістыкі.

т. 1, с. 397

АНТЫЛІВА́Н,

Джэбель-эш-Шаркі, платопадобны горны масіў у Сірыі і Ліване. Даўж. каля 100 км. Выш. да 2814 м (г. Эш-Шэйх). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў. На стромкіх зах. схілах, павернутых да ўпадзіны Бекаа, пашыраны міжземнаморскія лясы і вечназялёныя хмызнякі, на ўсходніх — паўпустыні. Праз Антыліван праходзіць аўтамаб. шаша і чыгунка Дамаск—Бейрут.

т. 1, с. 397

АНТЫЛОПЫ,

групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн. Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Выш. ў карку ад 25 с (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.

т. 1, с. 397

АНТЫ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак., на ПнУ ад В. Антыльскіх а-воў. Т-ра вады ў лютым 25, у жн. 28 °C. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Абмывае Антыльскія і Багамскія а-вы, ад в-ва Пуэрта-Рыка з’яўляецца працягам Паўночнага Пасатнага цячэння, на Пн злучаецца з цячэннем Гальфстрым.

т. 1, с. 397

АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́

(ісп. Antillas),

архіпелаг у Атлантычным ак. паміж Паўн. і Паўд. Амерыкай (Вест-Індыя). Падзяляецца на Вялікія Антыльскія астравы і Малыя Антыльскія астравы. Пл. 220 тыс. км². Антыльскія астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, паверхня б.ч. гарыстая (найвыш. г. Дуартэ, 3175 м, на в-ве Гаіці), характэрна моцная сейсмічнасць (акрамя раўніннай ч. Кубы). Клімат трапічны вільготны. Расліннасць — саванна, захаваліся ўчасткі лістападных і вечназялёных лясоў і хмызнякоў. Жывёльны свет: грызуны, лятучыя мышы, з паўзуноў кракадзілы, яшчаркі, змеі. На Антыльскіх астравах дзяржавы Антыгуа і Барбуда, Барбадос, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідат і Табага, Ямайка, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў, ч. тэр. Венесуэлы.

т. 1, с. 398

АНТЫМАНІ́Т

(ад позналац. antimonium сурма),

сурмяны блішчак, стыбніт, мінерал класа сульфідаў Sb2S3. Мае 71,4—71,8% сурмы. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае прызматычныя, ігольчастыя крышталі, суцэльныя, зярністыя, радыяльна-прамяністыя агрэгаты. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 4,5—4,6 г/см³. Паходжанне гідратэрмальнае, радзей у свінцова-цынкавых радовішчах і інш. Галоўная руда сурмы.

т. 1, с. 398

АНТЫМЕТАБАЛІ́ТЫ,

прыродныя або сінтэтычныя біялагічна актыўныя рэчывы, па хім. прыродзе блізкія да звычайных прадуктаў абмену рэчываў (метабалітаў) арганізма і здольныя ўступаць з імі ў канкурэнтныя, антаганістычныя адносіны. Да важнейшых антыметабалітаў належаць антывітаміны, антыгармоны, антыферменты. Структурныя аналагі адпаведных вітамінаў, гармонаў, ферментаў, медыятараў і інш., якія ў біяхім. рэакцыях займаюць іх месца або блакіруюць пэўныя рэцэптары і тым змяняюць цячэнне важных фізіял. працэсаў. Пры пэўных умовах антыметабаліты могуць не толькі парушаць, але і нармалізаваць біяхім. працэсы, таму выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб (у першую чаргу выкліканых парушэннямі абмену рэчываў).

т. 1, с. 398

АНТЫМУТАГЕ́НЫ

(ад анты... + мутагены),

хімічныя і фізічныя фактары, здольныя паніжаць або прадухіляць дзеянне мутагенаў, у выніку чаго змяншаецца частата мутацый.

Адкрыты ў 1950-я г. Натуральныя антымутагены забяспечваюць захаванне пэўнага ўзроўню спантанных мутацый. Сярод іх важнейшымі з’яўляюцца некаторыя ферментныя сістэмы і метабаліты, якія «выпраўляюць» папсаваныя мутагенам участкі храмасом або перашкаджаюць іх узнікненню. Пры штучным мутагенезе мутацыйны эфект можа быць паніжаны або зняты радыепратэктарамі (сульфгідрыльныя злучэнні, моцныя аднаўляльнікі тыпу Na2S2O3, некаторыя спірты і вуглякіслыя солі) або ўздзеяннем некаторых фіз. фактараў (святло, т-ра, ультрафіялетавыя прамяні) рознай інтэнсіўнасці.

т. 1, с. 398