АНТЫМЕТАБАЛІ́ТЫ,

прыродныя або сінтэтычныя біялагічна актыўныя рэчывы, па хім. прыродзе блізкія да звычайных прадуктаў абмену рэчываў (метабалітаў) арганізма і здольныя ўступаць з імі ў канкурэнтныя, антаганістычныя адносіны. Да важнейшых антыметабалітаў належаць антывітаміны, антыгармоны, антыферменты. Структурныя аналагі адпаведных вітамінаў, гармонаў, ферментаў, медыятараў і інш., якія ў біяхім. рэакцыях займаюць іх месца або блакіруюць пэўныя рэцэптары і тым змяняюць цячэнне важных фізіял. працэсаў. Пры пэўных умовах антыметабаліты могуць не толькі парушаць, але і нармалізаваць біяхім. працэсы, таму выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб (у першую чаргу выкліканых парушэннямі абмену рэчываў).

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)