Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНАЭРО́БНЫЯ ІНФЕ́КЦЫІ,

цяжкія інфекцыі, якія выклікаюцца хваробатворнымі анаэробнымі арганізмамі. Найб. небяспечныя з іх газавая гангрэна (у дачыненні да яе тэрмін анаэробныя інфекцыі ўжываецца найчасцей), слупняк, батулізм.

т. 1, с. 342

АНАЭРО́БЫ,

гл. Анаэробныя арганізмы.

т. 1, с. 342

А́НА ПЕРЭ́НА,

у рымскай міфалогіі багіня надыходзячага новага года. Святкаванне ў гонар Ана Перэны прыпадала на 15 сак., дзярж. і прыватныя асобы прыносілі ёй ахвяраванні, баляванне праходзіла ў свяшчэнным гаі на Тыбры.

т. 1, с. 338

АНВЕ́Р

(Anvers),

гл. Антверпен.

т. 1, с. 342

АНГАЖЫ́РАВАНАЕ МАСТА́ЦТВА

(ад франц. engager, абавязваць),

мастацтва, якое адкрыта выяўляе грамадскую пазіцыю творцы, актыўна ўдзельнічае ў паліт. барацьбе, асабліва ў час крызісных сітуацый і карэнных перамен у жыцці грамадства. Свой пачатак вядзе ад сац.-рэв. рухаў 18 ст. ў Францыі, Рэчы Паспалітай і інш. Развівалася ў 19—20 ст. у рэв., паліт., нац.-вызв., антыфаш. барацьбе. Абвостраны ідэйна-дэкларатыўны характар набыло ў СССР пасля 1917. Актыўна развівалася ў 1920—30-я г. ў тэатралізаваных паказах, прыкладной графіцы, манументальным афармленні і інш. відах і формах. З канца 1980-х г. на Беларусі перажывае новы ўздым у сувязі з паліт. і рэфарматарскімі працэсамі, нац. адраджэннем.

Я.Ф.Шунейка.

т. 1, с. 342

АНГАЖЭМЕ́НТ

(ад франц. engagement абавязацельства, наём),

кантракт, заключаны з акцёрам на пэўны тэрмін і на пэўных умовах для ўдзелу ў спектаклях або канцэртах.

т. 1, с. 342

АНГА́Р

(франц. hangar),

закрытае збудаванне для трымання, тэхн. абслугоўвання і рамонту лятальных апаратаў. Бываюць наземныя (найчасцей), падземныя і на вадзе; стацыянарныя (на аэрадромах, будуюцца з метал. або жалезабетонных нясучых канструкцый), часовыя (звычайна драўляныя) і зборна-разборныя для палявых аэрадромаў (канструкцыі са сталі, лёгкіх сплаваў і пластмас). Аснашчаюцца пад’ёмна-трансп. абсталяваннем, сродкамі сувязі, аўтам. пажаратушэння і інш. Пралёты ангараў да 150 м, выш. да 40 м. Вял. ангары складаюцца з некалькіх секцый.

т. 1, с. 342

АНГАРА́,

рака на ПдЗ Усх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл. бас. 1040 тыс. км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд. ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч. ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацін ГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал. гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.

т. 1, с. 342

АНГАРМАНІ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ,

перыядычныя ваганні складанай (несінусаідальнай) формы. Можна вызначыць як суму гарманічных ваганняў з кратнымі частотамі. Гл. таксама Абертон.

т. 1, с. 342

АНГА́РСК,

горад у Расіі, у Іркуцкай вобл., прыстань на р. Ангара. 262,7 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Нафтаперапр., хім. і нафтахім. прам-сць, машынабудаванне і металаапрацоўка; прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці.

т. 1, с. 342