АНГАРА́,
рака на ПдЗ Усх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл. бас. 1040 тыс. км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд. ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч. ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацін ГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал. гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.
т. 1, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)