Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЬТАМІ́РА (Altamira),

пячора ў правінцыі Кантабрыя (Іспанія). У 2-й пал. 19 ст. тут выяўлены наскальныя рознакаляровыя выявы жывёл, стаянка эпохі салютрэ і ранняга мадлену. Даўжыня пячоры каля 280 м (з шэрагам залаў). Памеры намаляваных фігур (бізонаў і інш.) да 2,25 м. Паводле радыевугляроднага аналізу малюнкі зроблены каля 15500 г. назад. Альтаміра — найб. значная па мастацкім багацці «галерэя» першабытнага чалавека.

Выявы бізонаў у пячоры Альтаміра.

т. 1, с. 284

АЛЬТАМІ́РА-І-КРЭВЕ́А ((Altamira y Crevea) Рафаэль) (10.2.1866, г. Алікантэ, Іспанія — 1.6.1951),

іспанскі гісторык. Скончыў Валенсійскі і Мадрыдскі ун-ты. З 1888 сакратар Пед. музея (Мадрыд). У 1897—1910 узначальваў кафедру гісторыі ісп. права ў г. Аўеда, пазней праф. Мадрыдскага ун-та. У асноўнай працы «Гісторыя Іспаніі і іспанская цывілізацыя» (т. 1—4, 1900—11) даследаваў эканам. і сац. гісторыю краіны, падкрэсліў узаемасувязь эканам. і паліт. заняпаду Іспаніі ў 16—17 ст. Пасля ўстанаўлення фаш. дыктатуры Ф.Франка (1939) у эміграцыі.

т. 1, с. 284

АЛЬТА́НКА, альтана (італьян. altana),

драўляная ці мураваная дэкар. пабудова каркаснай (слупавой) канструкцыі для адпачынку, аховы ад сонца і ападкаў. Звычайна размяшчаецца ў маляўнічых кутках паркаў, гар. і прыгарадных зялёных зон, у дварах жылых дамоў, каля вадаёмаў і г.д. Найчасцей вырашалася ў выглядзе ратонды ў пейзажных і рэгулярных парках стыляў барока і класіцызму. У мураваных альтанках стылю класіцызму выкарыстоўваліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі.

Альтанкі.

т. 1, с. 284

АЛЬТА́НКАВЫЯ ПТУ́ШКІ, альтаншчыкі,

буданнікі (Ptilonorhynchidae),

сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8 родаў, 18 відаў. Жывуць у трапічных лясах Новай Гвінеі з прылеглымі астравамі і на Пн і У Аўстраліі. Найб. вядомы альтаншчык атласны (Ptilonorhynchus violaceus).

Даўж. 22—40 см. Апярэнне бурае, цёмна-сіняе або фіялетавае. У большасці моцныя дзюба і ногі, кароткі хвост. Многім відам характэрны палавы дымарфізм: самцы прыгажэйшыя за самак. Робяць з галінак і травы своеасаблівыя буданы або альтанкі (адсюль назва) даўж. да 1 м, выш. да 50 см для спароўвання. Пляцоўку перад імі ўпрыгожваюць пер’ем, ракавінамі, бліскучымі каменьчыкамі, насякомымі, кветкамі. Гнёзды на дрэвах, у кладцы 1—3 яйцы. Наседжвае самка. Усёедныя. Здольныя да гукапераймання.

Альтанкавая птушка.

т. 1, с. 284

АЛЬТА́НШЧЫКІ,

гл. Альтанкавыя птушкі.

т. 1, с. 284

А́ЛЬТДОРФЕР ((Altdorfer) Альбрэхт) (каля 1480, г. Рэгенсбург, Германія — 12.2.1538),

нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Стаяў на чале дунайскай школы. Адзін з пачынальнікаў пейзажа ў зах.-еўрап. жывапісе. Высокая чалавечнасць вобразаў і напружаны каларыт, уласцівыя яго жывапісу, увасоблены ў алтары св. Фларыяна манастыра ў Санкт-Фларыяне (Аўстрыя, 1518), партрэтах («Партрэт невядомай жанчыны», 1525). У праграмным творы «Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем» (1529) выявілася касм. светаадчуванне мастака. Удасканаліў тэхніку афорта: вынайшаў спосаб траўлення медзі.

А.Альтдорфер. Партрэт невядомай жанчыны. 1525.

т. 1, с. 284

«АЛЬТО́НА»

(Altona — прыгарад Гамбурга),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан, якія выйшлі з акружэння ў ходзе карнай аперацыі «Гамбург». Праводзілася ў 2-й пал. снеж. 1942 у Івацэвіцкім, Ганцавіцкім, Ляхавіцкім, Баранавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. сіламі 14-га паліцэйскага палка СС, спец. камандамі паліцыі бяспекі, СД і інш. карнымі баявымі групамі. Карнікі тыдзень беспаспяхова праследавалі партызан, учынілі крывавую расправу над мірнымі жыхарамі. У ходзе аперацыі гітлераўцы расстралялі і спалілі жывымі больш за тысячу дзяцей, жанчын і старых.

т. 1, с. 284

АЛЬТРУІ́ЗМ (франц. altruisme ад лац. alter іншы),

бескарыслівыя клопаты пра шчасце і дабрабыт інш. людзей, гатоўнасць ахвяраваць асабістымі інтарэсамі. Тэрмін увёў у 1830-я г. франц. філосаф А.Конт, які звязваў маральнае ўдасканаленне чалавека з выхаваннем у людзей пачуцця альтруізму, проціпастаўляючы яго эгаізму. Асобныя ідэі альтруізму развіваліся ў раннім хрысціянстве, у вучэнні Францыска Асізскага (сярэднявечча), у новы час — асветнікамі (І.Гердэр, А.Шэфтсберы, Д.Юм, А.Сміт, Ж.Ж.Русо, І.В.Гётэ і інш.). Канкрэтныя формы альтруізму — міласэрнасць, дабрачыннасць, філантропія і інш.

т. 1, с. 285

АЛЬТУ́ЗІЙ ((Althusius) Іаган) (1557, Дзідэнсгаўзен, Паўн. Рэйн-Вестфалія, Германія — 12.8.1638),

нямецкі юрыст, тэарэтык права. Атрымаў адукацыю ў Базельскім ун-це. У 1586—1604 праф. права ў Гербарне. З 1604 бургамістр, з 1627 старшыня кальвінісцкай кансісторыі г. Эмдэн. У сваёй гал. працы «Палітыка...» (1603) адзін з першых абгрунтаваў тэорыі натуральнага права і грамадскага дагавору. Развіваў і сцвярджаў ідэю вяршэнства і неадчужальнасці нар. суверэнітэту, перад якім адказныя носьбіты дзярж. улады.

т. 1, с. 285

АЛЬТФА́ТЭР (Васіль Міхайлавіч) (4.1.1883, Варшава — 20.4.1919),

расійскі ваенна-марскі дзеяч, контр-адмірал (1917). Скончыў Марскую акадэмію (1908). Служыў на Балт. флоце, у Марскім ген. штабе. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну прадстаўнік ВМФ, нач. Ваенна-марскога ўпраўлення пры галоўнакамандуючым Паўн. фронтам. Быў экспертам на перагаворах аб міры ў Брэсце. З 1918 на камандных пасадах у сав. ВМФ, у т. л. чл. РВС і першы камандуючы Марскімі сіламі Рэспублікі.

т. 1, с. 285