АЛЬТРУІ́ЗМ

(франц. altruisme ад лац. alter іншы),

бескарыслівыя клопаты пра шчасце і дабрабыт інш. людзей, гатоўнасць ахвяраваць асабістымі інтарэсамі. Тэрмін увёў у 1830-я г. франц. філосаф А.Конт, які звязваў маральнае ўдасканаленне чалавека з выхаваннем у людзей пачуцця альтруізму, проціпастаўляючы яго эгаізму. Асобныя ідэі альтруізму развіваліся ў раннім хрысціянстве, у вучэнні Францыска Асізскага (сярэднявечча), у новы час — асветнікамі (І.Гердэр, А.Шэфтсберы, Д.Юм, А.Сміт, Ж.Ж.Русо, І.В.Гётэ і інш.). Канкрэтныя формы альтруізму — міласэрнасць, дабрачыннасць, філантропія і інш.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)