А́ЛЬТДОРФЕР (Altdorfer) Альбрэхт

(каля 1480, г. Рэгенсбург, Германія — 12.2.1538),

нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Стаяў на чале дунайскай школы. Адзін з пачынальнікаў пейзажа ў зах.-еўрап. жывапісе. Высокая чалавечнасць вобразаў і напружаны каларыт, уласцівыя яго жывапісу, увасоблены ў алтары св. Фларыяна манастыра ў Санкт-Фларыяне (Аўстрыя, 1518), партрэтах («Партрэт невядомай жанчыны», 1525). У праграмным творы «Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем» (1529) выявілася касм. светаадчуванне мастака. Удасканаліў тэхніку афорта: вынайшаў спосаб траўлення медзі.

А.Альтдорфер. Партрэт невядомай жанчыны. 1525.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)