ТЭЛАМЕРЫЗА́ЦЫЯ хімічная ланцуговая рэакцыя ненасычаных або цыклічных злучэнняў (манамераў) у прысутнасці рэчыва — перадатчыка ланцуга (тэлагена),
што прыводзіць да ўтварэння сумесі нізкамалекулярных гамолагаў. Паводле механізма падобная да полімерызацыі, аднак пры Т. канстанта скорасці перадачы ланцуга значна большая за канстанту скорасці яго росту (гл.Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Малекулы прадуктаў Т. — тэламеры маюць ад 2 да 40 звёнаў манамера і канцавыя групы, якія з’яўляюцца фрагментамі тэлагена. Т. адбываецца пры ўтварэнні нафты, фарміраванні паліенавых ланцугоў біялагічна актыўных рэчываў і інш. прыродных працэсах. Выкарыстоўваюць у прам-сці для вытв-сці лакаў, эмалей, сікатываў, флотарэагентаў, паверхнева-актыўных рэчываў.
горад у Інданезіі, на ПдУ в-ва Суматра. Адм. ц.прав. Джамбі. Каля 350 тыс.ж. (2001). Порт на р. Хары (Джамбі). Цэнтр раёна здабычы нафты. Першасная перапрацоўка натуральнага каўчуку. Ун-т.
ТЭЛАФА́ЗА (ад грэч. telos канец + phasis з’яўленне),
заключная стадыя дзялення клеткі і яе ядра. У Т. заканчваецца рух храмасом, апарат дзялення разбураецца, утвараюцца ядзеркі, вакол кожнай з даччыных груп храмасом, што размешчаны на процілеглых полюсах клеткі, фарміруецца ядзерная абалонка, адбываецца раздзяленне цела клеткі і ўтвараюцца 2 клеткі. Гл.Меёз, Мітоз.
ТЭЛЕАЛО́ГІЯ [ад грэч. telos (teleos) вынік, заканчэнне + ...логія],
вучэнне пра мэтазгоднасць як характарыстыку аб’ектаў, працэсаў і быцця ўвогуле. Асновы тэлеалагічнага падыходу закладзены ў стараж.-грэч. філасофіі, тэрмін «Т.» ўведзены ў навуку ў 1740 ням. філосафам К.Вольфам. У адрозненне ад дэтэрмінізму Т. пастуліруе асаблівы тып прычыннасці — мэтавы, згодна з якім мэта і канчатковы вынік уздзейнічаюць на ход кожнага працэсу. Адрозніваюць Т.: антрапацэнтрычную, згодна з якой свет створаны дзеля мэт чалавека (Вольф і інш.); трансцэндэнтную, якая прызнае існаванне звышнатуральнага пачатку, што вызначае канчатковую мэту сусветнага працэсу (Платон, неатамізм і інш.); іманентную, якая зыходзіць з таго, што мэта закладзена ў саміх рэчах (Арыстоцель, Г.В.Лейбніц, Ф.В.І.Шэлінг, Г.В.Ф.Гегель і інш._). Як гнасеалагічны падыход Т. разглядаў І.Кант, які лічыў Т. «эўрыстычным прынцыпам», што мае значэнне для спосабу пазнання навакольнага асяроддзя, але не з’яўляецца анталагічнай характарыстыкай быцця. Анталагічная Т. развівалася ў філасофіі А.Шапенгаўэра, Э Гартмана, П.Тэяра дэ Шардэна і інш. Т. набыла пэўнае пашырэнне ў фізіялогіі (віталізм, халізм), псіхалогіі («фізіялогія актыўнасці», біхевіярызм), сацыялогіі (структурна функцыянальны аналіз), кібернетыцы (неафіналізм, інфарм., віталізм) і інш.
перадача на адлегласць відарысаў рухомых і нерухомых аб’ектаў з дапамогай эл. сігналаў, якія распаўсюджваюцца па каналах сувязі; галіна навукі, тэхнікі і культуры, звязаная з перадачай на адлегласць бачнай інфармацыі. Аб’ядноўвае сістэмы тэлевізійнага вяшчання і сістэмы прыкладнога прызначэння (гл.Падводнае тэлебачанне, Прыкладное тэлебачанне). Сістэмы Т. бываюць чорна-белыя (манахромныя) і каляровыя (гл.Каляровае тэлебачанне), мона- і стэрэаскапічныя (гл.Стэрэаскапічнае тэлебачанне), з мона- і стэрэафанічным гукавым суправаджэннем, аналагавыя і лічбавыя (гл.Лічбавае тэлебачанне), наземныя, кабельныя і спадарожнікавыя. Для абмену тэлепраграмамі створаны сістэмы Еўрабачання і Інтэрбачання.
Ідэя перадачы аптычнага відарыса аб’екта ўзнікла ў канцы 19 ст. Зыходны відарыс падзяляецца на асобныя элементы, прасторавае размеркаванне якіх з дапамогай тэлевізійнай разгорткі (мех. ці электроннай) пераўтвараецца ў часавае, а светлавыя сігналы — у электрычныя (відэасігнал). Паслядоўную перадачу элементаў відарыса мех. спосабам на практыцы ажыццяўлялася з дапамогай дыска з адтулінамі, размешчанымі па спіралі (дыск Ніпкава). Б.Л.Розінг прапанаваў выкарыстоўваць электронна-прамянёвую трубку для ўзнаўлення відарыса і ў 1911 ажыццявіў тэлевізійную перадачу у лабараторных умовах. Паводле электроннай схемы Т. аналіз відарыса праводзіцца ў тэлевізійных перадавальных камерах, у апаратнай тэлевізійнага цэнтра з відэасігналу фарміруецца поўны тэлевізійны сігнал (ці лічбавы сігнал) і перадаецца на тэлевізійны цэнтр. Прыняты тэлевізарам радыёсігнал пераўтвараецца на экране (кінескопа, праекцыйным. плазменным, вадкакрышталічным і інш.) у аптычны відарыс. які з-за інерцыйнасці зроку ўспрымаецца гледачом злітным (неперарывістым). Практычнае ўкараненне Т. пачалося ў 1925 з чорна-белых перадач у Вялікабрытаніі і ЗША, у СССР — з 1931 па мех. і з 1938 па электроннай схеме.
На Беларусі тэлевізійнае вяшчанне развіваецца з 1955 (першая перадача 1956). Уключае больш за 80 перадавальных станцый (1994), прыёмныя станцыі спадарожнікавай сувязі, сетку радыёрэлейных ліній і вядзецца на 98% тэрыторыі. З 1991 развіваюцца таксама недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі Т.
Літ.:
Телевизионная техника // Бытовая радиоэлектронная техника: Энцикл. справ. Мн., 1995.
тэлевізійны прыёмнік, радыёпрыёмнік для прыёму і ўзнаўлення на экране праграм тэлевізійнага вяшчання (гл.Тэлебачанне). Сігналы тэлевізійных праграм паступаюць ад прыёмнай тэлевізійнай антэны, сеткі кабельнага тэлебачання, відэамагнітафона і інш. Можа быць крыніцай тэлевізійных сігналаў для запісу на відэамагнітафон. Адрозніваюць Т. чорна-белыя і каляровыя; стандартнай, павышанай і высокай выразнасці; адна- і шматстандартныя; для прыёму праграм аналагавага і лічбавага наземнага, кабельнага ці спадарожнікавага тэлебачання; з мона- і стэрэафанічным гукавым суправаджэннем; мона- і стэрэаскапічныя; адна- і шматфункцыянальныя (прыём сігналаў тэлетэксту, праграм радыёвяшчання, функцыя «кадр у кадры», з адаптэрамі для выхаду ў Інтэрнет і інш.); стацыянарныя і пераносныя; непасрэднага назірання і праекцыйныя.
Выконваюцца па супергетэрадзіннай схеме, варыянты якой адрозніваюцца спосабамі апрацоўкі радыёсігналаў відарыса і гукавога суправаджэння (найб. пашыраны лічбавыя метады). У селектары каналаў адбываецца выдзяленне радыёсігналаў патрэбнага канала (выбар праграмы) з наступным пераўтварэннем іх частаты ў прамежкавыя частоты відарыса і гуку з узмацненнем, фільтрацыяй і дэмадуляцыяй у трактах прамежкавай частаты і пераўтварэннем іх у сігналы яркасці, колернасці, сінхранізацыі і гукавога суправаджэння для фарміравання відарыса на экране кінескопа і ўзнаўлення гуку з дапамогай гучнагаварыцеля.
На Беларусі масавы выпуск Т. пачаўся ў сярэдзіне 1950-х г. на Мінскім радыёзаводзе (з 1972 галаўное прадпрыемства ВА «Гарызонт») і Мінскім прыборабудаўнічым з-дзе (да 1972). Выпускаліся Т. мадэлей «Беларусь» і іх мадыфікацый (у т. л. тэлерадыёлы), «Нёман», «Зорка». З 1968 выпускаюцца Т. сям’і «Гарызонт» (чорна-белыя; з 1977 каляровыя), з 1978 каляровыя Т. сям’і «Віцязь» аднайм. Віцебскага ВА і інш.
сукупнасць відаў мастацкай дзейнасці, звязаных з паяўленнем тэлебачання. Тэлебачанне рэпрадуцырус падзеі рэальнага жыцця, а таксама творы розных відаў мастацтва (кінафільмы, тэатр. спектаклі, канцэрты, творы выяўл. мастацтва) і стварае арыгінальныя тэлевідовішчы: маст. і дакумент.тэлефільмы, тэлеспектаклі (гл.Тэлевізійны тэатр), тэлеперадачы. Поліфункцыянальнасць праграмы (уключае інфарм., дакумент.-публіцыст. і маст. перадачы) вызначае структуру твораў тэлемастацтва, якія сінтэзуюць дакумент., дакумент.-ігравыя і ігравыя формы. Для тэлебачання характэрны: цыклавыя формы тэлемастацтва (цыклы, серыі), аб’яднаныя аўтарскай задумай, тэмай, жанрам, асобай вядучага; увядзенне тэлекамунікатара (вядучага, расказчыка, каментатара), які садзейнічае персаніфікацыі інфармацыі, псіхал. кантакту гледача з тэлевідовішчам. Элементы тэлевізійнай маст. інтэрпрэтацыі рэчаіснасці ёсць у многіх праграмах, якія спалучаюць інфарм., выхаваўчыя і эстэт. функцыі. Прапаганда розных відаў мастацтва тэлевізійнымі сродкамі ажыццяўляецца на Рэспубліканскай студыі тэлебачання і абласных студыях тэлебачання.