ТЭЛЕВІ́ЗАР (ад тэле... + лац. viso гляджу),

тэлевізійны прыёмнік, радыёпрыёмнік для прыёму і ўзнаўлення на экране праграм тэлевізійнага вяшчання (гл. Тэлебачанне). Сігналы тэлевізійных праграм паступаюць ад прыёмнай тэлевізійнай антэны, сеткі кабельнага тэлебачання, відэамагнітафона і інш. Можа быць крыніцай тэлевізійных сігналаў для запісу на відэамагнітафон. Адрозніваюць Т. чорна-белыя і каляровыя; стандартнай, павышанай і высокай выразнасці; адна- і шматстандартныя; для прыёму праграм аналагавага і лічбавага наземнага, кабельнага ці спадарожнікавага тэлебачання; з мона- і стэрэафанічным гукавым суправаджэннем; мона- і стэрэаскапічныя; адна- і шматфункцыянальныя (прыём сігналаў тэлетэксту, праграм радыёвяшчання, функцыя «кадр у кадры», з адаптэрамі для выхаду ў Інтэрнет і інш.); стацыянарныя і пераносныя; непасрэднага назірання і праекцыйныя.

Выконваюцца па супергетэрадзіннай схеме, варыянты якой адрозніваюцца спосабамі апрацоўкі радыёсігналаў відарыса і гукавога суправаджэння (найб. пашыраны лічбавыя метады). У селектары каналаў адбываецца выдзяленне радыёсігналаў патрэбнага канала (выбар праграмы) з наступным пераўтварэннем іх частаты ў прамежкавыя частоты відарыса і гуку з узмацненнем, фільтрацыяй і дэмадуляцыяй у трактах прамежкавай частаты і пераўтварэннем іх у сігналы яркасці, колернасці, сінхранізацыі і гукавога суправаджэння для фарміравання відарыса на экране кінескопа і ўзнаўлення гуку з дапамогай гучнагаварыцеля.

На Беларусі масавы выпуск Т. пачаўся ў сярэдзіне 1950-х г. на Мінскім радыёзаводзе (з 1972 галаўное прадпрыемства ВА «Гарызонт») і Мінскім прыборабудаўнічым з-дзе (да 1972). Выпускаліся Т. мадэлей «Беларусь» і іх мадыфікацый (у т. л. тэлерадыёлы), «Нёман», «Зорка». З 1968 выпускаюцца Т. сям’і «Гарызонт» (чорна-белыя; з 1977 каляровыя), з 1978 каляровыя Т. сям’і «Віцязь» аднайм. Віцебскага ВА і інш.

А.​Л.​Хамініч.

Структурная схема каляровага тэлевізара. 1 — селектар каналаў; 2 — тракт відарыса; 3 — тракт гукавога суправаджэння; 4 — блок колернасці; 5 — блок генератараў разгорткі; 6 — памнажальнік напружання; 7 — адхіляльная сістэма; 8 — кінескоп; 9 — блок сілкавання.
Тэлевізары: 1, 4 — «Гарызонт» і 3 — «Віцязь», Беларусь; 2 — «Сіском», Расія; 5 — «Філіпс»; 6 — «JVC».

т. 16, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)